Трыдэнцкая Імша

Рымска-каталіцкі алтар перыяду да 1969 года

Трыдэнцкая імша — адно з найбольш распаўсюджаных найменняў літургіі рымскага абраду — імшы, цэлебраванай да выдання імшала 1969 года. Таксама ў дачыненні да Трыдэнцкай імшы ўжываюць тэрміны Трыдэнцкі абрад, Трыдэнцкая лацінская імша, класічная лацінская імша, традыцыйная лацінская імша, даўняя лацінская імша. У сучаснай каталіцкай тэрміналогіі Трыдэнцкая імша завецца экстраардынарным абрадам. Упершыню гэты тэрмін з’явіўся ў motu proprio Папы Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, выдадзеным 7 ліпеня 2007 года, паводле якога трыдэнцкі абрад у рэдакцыі 1962 года з’яўляецца экстраардынарным варыянтам здзяйснення літургіі ў рымскім абрадзе, тады як ардынарным застаецца Novus Ordo.

Літургію рымскага абраду ў яе істотных частках упершыню кадыфікавалі ў VI стагоддзі рымскія папы — св. Леў I, св. Геласій I, св. Грыгорый I Вялікі. Сучасны выгляд яна набыла праз выкананне рашэнняў Трыдэнцкага сабору пры Папу св. Пію V у 1570 годзе. Большасць каталікоў-традыцыяналістаў ужываюць рэдакцыю імшала 1962 года, які быў зацверджаны Папам Янам XXIII[1].

Гісторыя тэрміну

[правіць | правіць зыходнік]

Тэксты традыцыйнага імшала рымскага (лацінскага) абраду бяруць пачатак з глыбокай даўніны, аднак яны шматразова змяняліся на працягу стагоддзяў і былі ўпарадкаваныя і прадпісаныя практычна для ўсёй Царквы лацінскага абраду ў 1570 годзе. Да 1962 года выходзілі перавыданні імшала, якія ўтрымлівалі новыя святы на чэсць новых святых, а таксама некаторыя змены ў богаслужэбных рубрыках. У дадзены перыяд такая форма цэлебрацыі набажэнства была найбольш распаўсюджанай у каталіцкім свеце. Трыдэнцкі абрад быў замацаваны Папам Піем V па просьбе Трыдэнцкага Сабору і абвешчаны 5 снежня 1570 году.[2].

Трыдэнцкі Сабор яўна выразіў каталіцкі погляд на імшу, падкрэсліўшы, між іншым, ахвярны характар Эўхарыстычнага набажэнства, які адмаўлялі пратэстанты[3]. Для выканання пастанаўленняў сабору Папа Рымскі Пій V абнародаваў в 1570 годзе імшал, які выкарыстоўваўся ў рымскай курыі і абвясціў яго ў якасці уніфікаванага стандарту для ўсёй Царквы. Законы і дыяцэзіі, якія былі здольныя пацвердзіць працяглую гісторыю сваёй богаслужэбнай традыцыі (больш за 200 год), пры жаданні маглі захаваць яе. Самыя вядомыя з такіх абрадаў — амбразіянскі і масарабскі.

Адрозненні паміж Трыдэнцкай і «новай» імшой

[правіць | правіць зыходнік]

Каталікі-традыцыяналісты не выкарыстоўваюць ані рэфармаваны рымскі абрад Novus Ordo, уведзены Папам Паўлам VI у 1969 годзе як выкананне рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору, ані нормы для трыдэнцкана імшала, уведзеныя ў 1965 годзе[1]. Стары і новы абрады розняцца не толькі мовай цэлебрацыі і пазіцыяй святара адносна алтара, але таксама тэкстамі малітваў і цэлым шэрагам цырымоній. На Трыдэнцкай імшы моцна адрозніваюцца набажэнства з удзелам хору і без яго ўдзелу[1]. Аднак заўсёды так званая ціхая імша з'яўдяецца адлюстраваннем ўрачыстай спяванай літургіі. Усе тэксты, якія спявае хор ці схола на спяванай імшы, святар прамаўляе і на ціхай імшы. Частка цырымоній ціхай імшы з'яўляюцца праекцыямі цырымоній урачыстай імшы і могуць быць зразуметыя толькі ў сувязі з ёй. Таму імша ў кафедральным саборы і ў маленькай капліцы не адрознівалася да рэформы па змесце тэкстаў і цырымоній. Як і ў «новай» імшы, у Трыдэнцкім абрадзе гучаць нацыянальныя мовы, напрыклад, у чытаннях, казанні, спеве народу — у ціхай імшы. На ўрачыстай імшы ўжыванне нацыянальнай мовы абмежавана да чытанняў і казання. Пры цэлебрацыі Трыдэнцкай імшы святар стаіць тварам да алтара, versus Deum, ad orientem — тварам да Бога, на ўсход, у тым жа кірунку, што і ўвесь народ. Тварам да народу ён звяртаецца толькі ў некаторыя моманты службы, калі гэта прадпісвае парадак імшы, напрыклад, пры словах Dominus vobiscum (Пан з вамі) і Orate fratres (Маліцеся, браты).

Як канстатаваў Папа Бенедыкт XVI, трыдэнцкі імшал ніколі не быў забаронены, а таму не быў адменены ані Другім Ватыканскім Саборам, ані Паўлам VI пры публікацыі новага імшала ў 1969 годзе. Спецыяльная камісія кардыналаў у 1988 годзе разгледзела пытанне пра межы ўлады Рымскага першасвятара і пра намеры Паўла VI і прыйшла да высновы, што Трыдэнцкі імшал не мог быць скасаваны ўвядзеннем новага і што, адпаведна, ён ніколі не мог быць забаронены. Рашэнне камісіі ніколі не было апублікавана, аднак у сваім motu proprio «Ecclesia Dei» Папа Ян Павел II заклікаў біскупаў да выканання дырэктываў, выкладзеных у адным з першых індультаў «Quattuor abhinc annos»[4].

У 2007 годзе Summorum Pontificum Папы Бенедыкта XVI акрэсліла рэдакцыю Трыдэнцкай імшы 1962 года як экстраардынарную форму рымска-каталіцкага абраду[5], і гэты тэрмін пачаў выкарыстоўвацца як назва гэтай формы імшы. Іншыя назвы, у тым ліку, «традыцыйная імша» і «лацінская імша» таксама часам выкарыстоўваюцца ў гэтым жа сэнсе[6][7].

У імшах без народу рымска-каталіцкія святары вольныя выбіраць паміж літургічнай версіяй 1962 года і ардынарнай формай набажэнства. Паводле Summorum Pontificum, такі выбар можна рабіць у любы дзень за выключэннем Святога Пасхальнага Трыдууму. Для цэлебрацыі такога набажэнства па «новаму» ці «старому» імшалу святару не трэба браць дазволу ані Апостальскага Пасаду, ані свайго ардынарыя. Да ўдзелу ў такой святой імшы могуць быць дапушчаныя таксама і верныя, якія просяць аб гэтым па ўласным жаданні (пры захаванні нормаў права)[8][9].

Дазвол на выкарыстанне Трыдэнцкага абраду пры служэнні з народам можа даць пробашч парафіі, які таксама павінен дбаць аб тым, каб дабро гэтых верных згаджалася з агульнай пастырскай апекай у парафіі, пазбягаючы непаразуменняў і клапоцячыся пра захаванне адзінства ўсёй Царквы[10][11].

Літургія Трыдэнцкай імшы

[правіць | правіць зыходнік]

Сама імша падзяляецца на дзве часткі: літургію катэхумэнаў і літургію верных. У старажытнасці катэхумэны былі аддзеленыя ад часткі набажэнства, бо вызнанне веры было важнай умовай удзелу ў сумесным эўхарыстычным служэнні.

  1. а б в Чин Святой Мессы (Божественной литургии) традиционного латинского (Тридентского) обряда. Альманах русских католиков «Crusader». Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2012. Праверана 4 жніўня 2009.
  2. кардинал Альфонс Мария Штиклер. «Привлекательность Тридентской Мессы» (руск.). Альманах русских католиков «Crusader». Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2012. Праверана 4 жніўня 2009.
  3. Council of Trent, session of 4 December 1563 (англ.)
  4. Motu Proprio «Ecclesia Dei». Папа Ян Павел II (руск.). Fraternitas Sacerdotalis Sancti Petri (2 июля 1988 г.). Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2012. Праверана 4 жніўня 2009.
  5. Summorum Pontificum, арт. 1 Архівавана 10 кастрычніка 2012.
  6. Code of Canon Law, canon 928
  7. Instruction Redemptionis Sacramentum, 112
  8. Summorum Pontificum, Архівавана 10 кастрычніка 2012. articles 2 and 4
  9. MOTU PROPRIO DATA SUMMORUM PONTIFICUM, арт. 2 або 4
  10. Summorum Pontificum, Архівавана 10 кастрычніка 2012. article 5
  11. [1] Архівавана 4 чэрвеня 2012., статья 5