Старажытны горад Тыпаса* | |
---|---|
Tipasa** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Алжыр |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | iii, iv |
Спасылка | 193 |
Рэгіён*** | Афрыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1982 (6-я сесія) |
У небяспецы | 2002—2006 |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Тыпаса (раней Тэфасед, шэнуа — кірмаш, араб. تيبازة) — горад у Алжыры, размешчаны на ўзбярэжжы Міжземнага мора за 68 км на захад ад горада Алжыр, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага вілаета. У 1982 годзе ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сучасны горад, заснаваны ў 1857 годзе, вядомы галоўным чынам дзякуючы сваім пясчаным пляжам і групе руін фінікійскага, старажытнарымскага, раннехрысціянскага, візантыйскага паходжання, а таксама мясцовым помнікам, такім як Кбор-эр-Руміа і вялікі маўзалей цароў Маўрэтаніі.
Тыпаса была заснавана фінікійцамі і з VI стагоддзя да н.э. з'яўлялася фінікійскай заставай. У 46 годзе н.э., пасля таго, як рымскі імператар Клаўдзій захапіў Маўрэтанію, ён падаў Тыпасе лацінскія правы (частковае грамадзянства). Старажытны рымскі горад быў пабудаваны на трох невялікіх узгорках недалёка ад мора. На працягу наступных 150 гадоў Тыпаса стала калоніяй Рыма (поўнае рымскае грамадзянства). У горадзе рана распаўсюдзілася хрысціянства, у III стагоддзі Тыпаса з'яўлялася біскупскай кафедрай. Аднак большасць насельніцтва не прыняла хрысціянскую рэлігію. Паводле легенды ў IV стагоддзі хрысціянская дзева Сальса кінула галаву язычніцкага змяінага ідала ў мора, пасля чаго ўгневаныя людзі збілі яе камянямі да смерці. Яе цела, цудоўнай чынам знойдзенае ў моры, было спалена ў капліцы на ўзгорку ў гавані, дзе пазней паўстала базіліка. У 484 годзе кароль вандалаў Хунерых (477—484) паслаў у Тыпасу арыянскага біскупа, пасля чаго вялікая колькасць насельніцтва пераехала ў Іспанію, а астатняя частка жорстка пераследвалася.
Да цяперашняга часу не засталося слядоў дамоў рымлян, большасць з якіх размяшчалася на цэнтральным узгорку, аднак захаваліся руіны трох цэркваў (Вялікай базілікі, базілікі Аляксандра і базілікі Святой Сальсы), двух могілак, лазняў, тэатра, амфітэатра і німфеума. Базілікі акружаны могілкамі, труны ў якіх выраблены з каменя і пакрыты мазаікай. Базіліка Святой Сальсы, раскапаная Стэфанам Гжэлем, складаецца з нефа і двух прыдзелаў, у ёй захавалася антычная мазаіка. На месцы Вялікай базілікі, якая мела сем прыдзелаў, на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася каменяломня, але тым не менш прасочваецца яе план. Пад падмуркам царквы знаходзяцца пахаванні, высечаныя з цвёрдага каменю. Адно з іх мае круглую форму дыяметрам 18 м і змяшчае 24 труны.
У VI стагоддзі Тыпаса на некаторы час ізноў адрадзілася падчас візантыйскай акупацыі, калі туды прыбылі арабы гораду было дадзена імя Тэфасед, што ў перакладзе з арабскай мовы азначала «моцна разбураны»[1].
Сучасны горад Тыпаса быў пабудаваны ў 1857 годзе.