Свен Улаф Ёакім Пальмэ (шведск.: Sven Olof Joachim Palme, больш вядомы як Улаф Пальмэ, 30 студзеня 1927, Стакгольм — 28 лютага 1986, Стакгольм) — шведскі палітык, лідар Сацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі з 1969 па 1986 і двойчы прэм’ер-міністр Швецыі (з 14 кастрычніка 1969 года да 8 кастрычніка 1976 і з 8 кастрычніка 1982 г. да 28 лютага 1986).
Скончыў Стакгольмскі ўніверсітэт у 1951 годзе. Прайшоў службу ў войску Швецыі. Па адукацыі — юрыст і эканаміст; навучаўся ў Швецыі і ЗША.
З жніўня 1944 года журналіст у цэнтральным органе Кансерватыўнай партыі газеце «Svenska Dagbladet» («Шведская дзённая газета»).
Член Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі з 1949 года. Актыўна ўдзельнічаў у Шведскім моладзевым руху. У 1953 годзе становіцца сакратаром тагачаснага прэм’ер-міністра Тагэ Эрландэра. У 1958 годзе абіраецца ў рыксдаг. У 60-я гады займаў шэраг урадавых пасадаў: міністра без партфеля (1963—1965), міністра транспарту (1965—1967), міністра асветы і культуры (1967—1969). У 1969 годзе абіраецца старшынёй СДРПШ.
У 1969—1976 гады прэм’ер-міністр Швецыі. Працягваў рэфарматарскі курс Эрландэра, выступаў за спыненне вайны ЗША у В’етнаме.
У 1979—1980 гадах старшыня Паўночнага савета.
З верасня 1980 года ўзначальваў створаную ім міжнародную няўрадавую «Незалежную камісію па раззбраенні і бяспецы» («Камісія Пальмэ»), якая распрацавала прапановы па стварэнні бяз’ядзернай зоны ў Цэнтральнай Еўропе і шэраг іншых рэкамендацый для ААН.
З 1982 года зноў прэм’ер-міністр Швецыі.
28 лютага 1986 года Улаф Пальмэ быў забіты на цэнтральнай вуліцы Стакгольма Свеавэген. У гэты дзень Пальмэ са сваёй жонкай Лісбет вярталіся позна ўвечары з кінатэатра «Гранд», размешчанага ў старым горадзе. Пры іх не было целаахоўнікаў, бо Пальме любіў хадзіць па горадзе без іх. Калі яны падышлі да скрыжавання з вуліцай Тунэльгатан, да іх падышоў мужчына, які двойчы стрэліў, як зараз ужо дакладна ўстаноўлена следствам, з рэвальвера маркі «Сміт-Весан». Гэтае забойства да гэтага часу не раскрыта, і з’яўляецца адным з самых вялікіх загадак сучаснай Швецыі, нараўне са справай Атласкага вампіра.