Уі́льям Уілберфорс (англ.: William Wilberforce; 24 жніўня 1759, Кінгстан-апан-Хал, Іаркшыр, Англія — 29 ліпеня 1833, Лондан, Англія) — брытанскі палітык, філантроп, прадстаўнік абаліцыйнага руху. Узначаліў у парламенце Брытаніі кампанію супраць рабаўладання і за сацыяльныя рэформы. Яго кампанія завяршылася поспехам у 1807 годзе, калі быў ухвалены закон пра скасаванне гандлю рабамі.
Уільям Уілберфорс нарадзіўся ў 1759 годзе, быў адзіным сынам заможнага купца Роберта Уілберфорса і Элізабет Берд. Рос слабы і хваравіты, да таго ж меў благі зрок.
У 1767 пайшоў у гімназію, кіраўніком якой тады быў малады, дынамічны дырэктар Джозеф Мілнер, які пазней стаў сябрам Уільяма на ўсё жыццё. Аднак у 1768, па смерці бацькі, быў вымушаны пераехаць у Лондан да заможных сваякоў. Пад уплывам цёткі Ганны малады Уільям зацікавіўся евангельскім хрысціянствам[6].
У 1776 Уілберфорс паступіў у каледж святога Яна ў Кембрыджскім універсітэце[7]. Па смерці дзеда і дзядзькі (у 1776 і 1777 адпаведна) ён стаў багаты і незалежны[8] і цалкам рынуўся ў студэнцкае жыццё з картамі, азартнымі гульнямі, начнымі п’янкамі і іншымі складнікамі. Стаў вельмі папулярнай фігурай у аднакурснікаў дзякуючы сваёй дасціпнасці, сяброўскасці і шчодрасці. Сярод яго прыяцеляў былі некалькі ўплывовых у будучым фігураў кшталту будучага прэм’ер-міністра Уільяма Піта[9][10]. Тым не менш, нягледзячы на свой стыль жыцця, Уілберфорс здолеў у 1781 скончыць навучанне са ступенню бакалаўра, а ў 1788 атрымаў ступень магістра гуманітарных навук.
У верасні 1780, яшчэ падчас навучання, Уілберфорс быў абраны дэпутатам парламента ад Кінгстан-апан-Хала. Падтрымліваў як Торы, так і вігаў, за што часта быў вінавачаны ў непаслядоўнасці. Калі парламент у 1784 годзе быў распушчаны, Уілберфорс вырашыў балатавацца ад графства Іаркшыр. 6 красавіка ён атрымаў месца ў парламенце, і на той момант яму было 24 гады.
У кастрычніку 1784 Уільям Уілберфорс выправіўся ў турнэ па Еўропе, якое змяніла ўсё яго жыццё. Пасля вяртання ў Англію ён прайшоў евангельскія пераўтварэнні, пачаў у парламенце выступаць за змякчэнне пакарання для злачынцаў, а ў 1787 далучыўся да групы праціўнікаў гандлю рабамі, неўзабаве зрабіўшыся выбітным прадстаўніком брытанскага абаліцыйнага руху.
12 мая 1789 года ён выступіў у парламенце са сваёй знакамітай прамовай, у якой заклікаў да забароны гандлю рабамі. Был скліканы Камітэт за скасаванне гандлю рабамі, у які ўвайшлі і гэтак званыя «евангельскія англіканцы». Уілберфорс узначальваў гэту кампанію цягам 26 гадоў, пакуль 25 сакавіка 1807 года не быў прыняты закон, што скасаваў гандаль рабамі.
Аднак сам інстытут рабства ў Брытаніі застаўся. Цягам усіх наступных гадоў Уільям Уілберфорс паслядоўна падтрымліваў кампанію за поўнае скасаванне рабства, і гэта цягнулася ўсутыч да 1826 года, калі ён быў вымушаны пакінуць парламент з прычыны пагаршэння здароўя. У 1833 быў прыняты закон пра забарону рабства, і яно было афіцыйна скасаванае ў большасці дзяржаў Брытанскай імперыі.
Уільям Уілберфорс памёр праз тры дні пасля слуханняў, перакананы ў прыняцці закону. Пахаваны ў Вэстмінстэрскім абацтве побач са сваім сябрам Уільямам Пітам.