Джэбхат ан-Нусра | |
---|---|
![]() | |
З'яўляецца часткай | Аль-Каіда |
Ідэалогія | Ісламізм |
Этнічная прыналежнасць | |
Лідары | Абу Махамад аль-Галані |
Актыўная ў | Сірыя |
Сфарміравана | 23 студзеня 2012 |
Расфарміравана | 28 ліпеня 2016 |
Саюзнікі | Сірыйская свабодная армія, Ісламскі фронт (Сірыя) |
Праціўнікі | Сірыя, Расія, Ліван |
Колькасць членаў | 5 000 (у 2016), 15 000 (у 2017) |
Удзел у канфліктах |
Джэбхат ан-Нусра[1] (Фронт Перамогі) (араб. جبهة النصرة لأهل الشام) — аддзяленне міжнароднай ісламісцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» на тэрыторыі Сірыі і Лівана[2][3][4][5].
Групоўка заснавана 23 студзеня 2012 года падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі. З тых часоў яна разглядаецца як адна з найбольш паспяховых сярод паўстанцкіх апалчэнняў. Прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй Аўстраліяй[6], Вялікабрытаніяй[7][8], Іранам[9], ААН[10][11], Канадай[12], Канадай[12], Новай Зеландыяй[13], ААЭ[14], Расіяй[15], Саудаўскай Аравіяй[16], ЗША[17], Турцыяй[11] і Францыяй.
У жніўні 2014 года групоўка стала адной з мэтаў авіяўдараў ЗША і іх саюзнікаў па тэрыторыі Сірыі, якія наносіліся ў рамках барацьбы з «Ісламскай дзяржавай»[18]. Яна неаднаразова заяўляла пра сваё расфарміраванне і далучэнне атрадаў да іншых арганізацый, у прыватнасці, з сакавіка 2015 года яна ўваходзіла у Джэйш-аль-Фатх[19].
У публіцыстыцы групоўка вядомая пад назвамі Фронт Падтрымкі (Фронт аль-Нусра (ан-Нусра))[20] або Джабхат ан-Нусра ці Ахль аш-Шам. У ліпені 2016 года яна змяніла найменне на «Джабхат Фатх аш-Шам» — «Фронт заваёвы Сірыі»[21]. Таксама вядома як «Аль-Каіда ў Сірыі»[22].
За час свайго ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Сірыі «Фронт ан-Нусра» набыў рэпутацыю самай хуткарослай і агрэсіўнай часткай узброенай сірыйскай апазіцыі[23]. У прыватнасці, арганізацыя прыняла на сябе адказнасць за 57 з 70 нападаў смяротнікаў, учыненых за перыяд ад пачатку канфлікту ў Сірыі да пачатку чэрвеня 2013 года[24].
Акрамя таго, «Фронт ан-Нусра» абвінавачваецца ў шматлікіх ваенных злачынствах, у тым ліку расправах над палоннымі салдатамі ўрадавай арміі[25] і мірным насельніцтвам, у асноўным з прадстаўнікамі алавітаў і шыітаў[26].
Падчас бітвы за Алепа байцы Фронту ан-Нусра прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на баку паўстанцаў з ССА[27].
У лістападзе 2013 году лідар «Аль-Каіды» Айман аз-Завахіры абвясціў, што адзіным законным прадстаўніком «Аль-Каіды» ў Сірыі з’яўляецца «Фронт ан-Нусра»[28].
28 студзеня 2017 года Джэбхат Фатх аш-Шам разам з шэрагам іншых груповак сфарміравалі новую групоўку — Хаят Тахрыр аш-Шам. Лідарам новага фарміравання стаў перабежчык з Ахрар аш-Шам — Абу Джабер. Гэта зліццё адбылося праз некалькі дзён пасля таго, як некалькі груповак сірыйскай апазіцыі абвясцілі аб далучэнні да Ахрар аш-Шам для абароны ад нападаў баевікоў Джэбхат Фатх аш-Шам[29].
У шэрагах групоўкі ваявалі сірыйцы, а таксама грамадзяне Саудаўскай Аравіі, Ірака, Пакістана, Лівана, Туркменістана, Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краін[30]. У 2013 годзе лідары арганізацыі заяўлялі пра намер напасці на Ізраіль пасля паспяховага заканчэння вайны ў Сірыі[31].
Аб лідары «Фронту аль-Нусра» невядома нічога, акрамя таго, што ён выступаў пад псеўданімам «Абу Мухамад аль-Джулані/Галані» (магчыма, адсылка да Галанскіх вышынь[32]).
У канцы жніўня 2014 года баевікам арганізацыі «Фронт ан-Нусра» атрымалася захапіць сірыйскі горад Кунейтра і навакольныя вёскі, выцесніўшы адтуль урадавыя войскі прэзідэнта Башара Асада[33]. 28 жніўня тэлеканал Аль-Арабія паведаміў, што ў раёне Кунейтры, недалёка ад мяжы з Ізраілем, баевікамі былі выкрадзены вайскоўцы міратворчага кантынгенту сіл ААН па назіранні за раз’яднаннем на Галанскіх вышынях (UNDOF). Пазней стала вядома, што ісламістамі захоплены грамадзяне Фіджы[34]. Міратворцы ўваходзілі ў падраздзяленні ААН, якія пасля заканчэння Вайны Суднага дня з 1974 года кантралявалі на Галанскіх вышынях дэмілітарызаваную зону паміж Ізраілем і Сірыяй. У ноч з 1 на 2 верасня 2014 гады камандуючы арміяй Фіджы паведаміў, што сірыйскія ісламісты прадставілі свае патрабаванні ў абмен на вызваленне палонных. Сярод патрабаванняў радыкалаў — выключэнне «Фронту ан-Нусра» са спісу ААН тэрарыстычных арганізацый, дастаўка гуманітарнай дапамогі ў асобныя раёны Дамаска, выплаты грашовай кампенсацыі за гібель трох баевікоў, забітых у перастрэлцы з назіральнікамі міжнароднай арганізацыі[35].
5 верасня паведамлялася, што баевікі «Фронту ан-Нусра» маюць намер «судзіць міратворцаў па законах шарыяту»[36].
11 верасня ў сетцы з’явіўся ролік, датаваны 10 верасня, у якім паказаны 45 міратворцаў ААН. На відэазапісы працягласцю каля 15 хвілін бачны двое барадатых мужчын, якія размаўлялі па-арабску, а на заднім плане на зямлі сядзяць фіджыйскія назіральнікі ААН. У канцы запісу (13:30) слова даецца аднаму з выкрадзеных (капітан Савенака Рабука). Ён паведаміў дату запісу — аўторак, 9 верасня, і падзякаваў ісламістам за тое, што яны абыходзяцца добра з палоннымі:
«Улічваючы тое, што іх рэсурсы абмежаваны, яны далі нам лепшае з таго, што ў іх ёсць. Для нас гэта вельмі шчаслівы дзень. Нас запэўнілі ў тым, што хутка мы выйдзем на волю. Мы вельмі шчаслівыя, што вернемся на радзіму».
Паводле яго слоў, усе 45 назіральнікаў жывыя і здаровыя, знаходзяцца ў бяспецы. Прадстаўнікі фіджыйскай арміі ідэнтыфікавалі салдат на відэа і пацвердзілі, што гаворка ідзе менавіта пра выкрадзеных вайскоўцаў[37].
У другой палове дня 11 верасня тэлеканал Аль-Джазіра паведаміў, што групоўка «Фронту ан-Нусра» вызваліла палонных. Міратворцы дастаўлены на памежны пункт Кунейтра, адкуль былі перапраўленыя ў Ізраіль. Германскае агенцтва навін удакладніла: фіджыйцаў удалося вызваліць з палону джыхадзістаў дзякуючы «пасярэдніку адной з краін Персідскага заліва»[38][39]. Пазней урад Катара афіцыйна прызнаў, што выступаў пасрэднікам у перамовах з баевікамі «Фронту ан-Нусра» па пытанні вызвалення міратворцаў. Прадстаўнікі сірыйскай апазіцыі сцвярджалі, што ўрад Катара заплаціў ісламістам за вызваленне закладнікаў выкуп памерам 20 мільёнаў долараў[40].
Пасля таго як назіральнікі місіі UNDOF на Галанскіх вышынях пакінулі Сірыю, іх база «Эль-Фуар» была захоплена арганізацыяй «Фронт ан-Нусра». Ваеннае абсталяванне, узбраенне і ваенная тэхніка дасталіся ісламістам. Паўнамоцны прадстаўнік Сірыі ў ААН Башар Джафар паведаміў 17 верасня 2014 года, што ісламскія баевікі захапілі ўсю тэрыторыю сірыйскай частцы Галанскіх вышынь.