Фрымен Джон Дайсан (англ.: Freeman John Dyson 15 снежня 1923, Краўторн, Беркшыр, Англія — 28 лютага 2020, Прынстан, Нью-Джэрсі, ЗША) — амерыканскі фізік-тэарэтык англійскага паходжання. Член Лонданскага каралеўскага таварыства (1952) і Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1964). Адзін са стваральнікаў квантавай электрадынамікі.
Дайсан нарадзіўся ў Краўторне, Англія. Яго бацькам быў брытанскі кампазітар Джордж Дайсан. У 1945 годзе скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт, дзе і працаваў у 1946—1949 гадах. Потым ён пераехаў у ЗША, дзе быў прафесарам Карнельскага (1951—153), а з 1953 года — Прынстанскага ўніверсітэта, а таксама Інстытута перспектыўных даследаванняў.
Дайсан — бацька амерыканскай пісьменніцы і грамадскага дзеяча Эстэр Дайсан, а таксама пісьменніка Джорджа Дайсана, які папулярызуе гісторыю асобных навуковых распрацовак, у прыватнасці, удзел свайго бацькі ў распрацоўцы ядзерна-імпульснага касмічнага карабля («Праект Арыён»).
Дайсан з’яўляецца аўтарам твораў па квантавай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, матэматычнай фізіцы, астрафізіцы, фізіцы нізкіх энергій. Ён даказаў дысперсіённыя суадносіны квантавай тэорыі поля (так званае прадстаўленне Ёста — Лемана — Дайсана), атрымаў формулу для S-матрыцы, даў класіфікацыю разыходнасцей у квантавай электрадынаміцы (КЭД) на аснове кананічных пераўтварэнняў (пераўтварэнні Дайсана, 1948), на аснове ўласцівасцей S-матрыцы ўвёў прадстаўленне аб перанарміруемасці КЭД і паказаў сувязь фейнманаўскага падыходу са звычайнымі формамі квантавай тэорыі поля (фармалізм Фейнмана — Дайсана, 1949). Дайсан заслужана лічыцца адным са стваральнікаў сучаснай квантавай электрадынамікі (разам з Джуліянам Швінгерам, Рычардам Фейнманам і Сін'іціра Таманагай).
У 1955 годзе Дайсан стварыў тэрыю рэзананснага парамагнітнага паглынання выпраменьвання металамі.
У галіне астрафізікі Дайсан вывучаў пульсары і нейтронныя зоркі. Ён таксама з’яўляецца аўтарам канцэпцыі Сферы Дайсана — гіпатэтычнага збудавання, якое з’яўляецца тонкай сферычнай абалонкай вялікага радыуса (памерам з арбіты планет) с зоркай у сярэдзіне. Ідэю гэтай сферы ён запазычыў з кнігі «Стваральнік зорак» фантаста Олафа Стэплдона. Ёсць меркаванне, што развітая цывілізацыя можа выкарыстоўваць сферу Дайсана для поўнага выкарыстання энергіі цэнтральнай зоркі і/ці для вырашэння праблемы жыццёвай прасторы. Дайсан прапанаваў абапірацца на гэтыя меркаванні пры пошуку пазаземных цывілізацый.