Фёдар Ігнатавіч Стравінскі | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 20 чэрвеня 1843 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 4 снежня 1902 (59 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Дзеці | Ігар Фёдаравіч Стравінскі і Юрый Фёдаравіч Стравінскі[d] |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Camille Everardi[d] |
Прафесіі | оперны спявак, акцёр, спявак |
Пеўчы голас | бас[1] |
Жанры | класічная музыка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фёдар Ігнатавіч Страві́нскі[2] (8 (20) чэрвеня 1843, маёнтак Новы Двор[3][4][A] Рэчыцкага павета — 21 лістапада (4 снежня) 1902, Санкт-Пецярбург) — оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька кампазітара Ігара Стравінскага.
Фёдар Стравінскі з’явіўся на свет у радзіне шляхецкай, як да бацькоўскай галіны рыма-католікаў Стравінскіх герба «Суліма»[C], і сялянскай, як да праваслаўнай матчынай лініі брагінскіх Скараходаў. У сям’і было чацвёра дзяцей. Усе яны — Аляксандр, Вольга, Канстанцін, Фёдар — нарадзіліся ў розных фальварках, якія трымаў у пасэсіі (часовым уладанні) іх бацька Ігнацы, сын Ігнацыя, Стравінскі ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні на працягу 1835—1843 гг. — у Лянтэрні, Караліне, Карнеліянаве, Новым Двары[D]. Згодна з тагачаснымі законамі Расійскай імперыі, дзеці былі прызнаныя ў дваранскай годнасці, а ахрышчаныя паводле праваслаўнага абраду ў Мікуліцкай Багаяўленскай[12] і Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай цэрквах[3].
Галава сям’і, не дужа паспяховы ў справах, мусіў часта пераязджаць з аднаго маёнтка ў другі, таму Фёдар выхоўваўся спачатку ў Брагіне, у родным доме мамы Аляксандры ў дзеда Івана Скарахода, а пазней у больш заможнага бацькавага брата Станіслава Стравінскага. Недзе каля 1850 года і пачалося яго навучанне ў Мазыры ў тамтэйшай дваранскай вучэльні. 22 верасня 1855 года Фёдар быў прыняты ў першы клас Нежынскай гімназіі пры Юрыдычным ліцэі, дзе, жывучы ў пансіёне, вучыўся амаль пяць з паловай гадоў, але так, што заставаўся ўсё яшчэ ў чацвёртым класе[13]. Калі ў 1861 годзе ў Мазыры мясцовая грамадскасць дамаглася адкрыцця гімназіі, чацверакласнік Фёдар з дапамогай брата Аляксандра зноў вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся, з захапленнем спяваў у царкоўным хоры і браў удзел у пастановах гімназічнага тэатральнага гуртка[F] Пасля заканчэння ўсяго курсу навучання ў 1865 годзе паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй князя Безбародзька (Безбородька (укр.)), але ўжо 28 верасня таго ж года быў у ліку студэнтаў юрыдычнага факультэту Наварасійскага унівэрсытэта (Адэса)[16][G]. Усяго праз адзін семестр перавёўся ва Універсітэт Святога Уладзіміра ў Кіеве. Вучыўся там са студзеня 1866 да кастрычніка 1868 года, аднак, з-за таго, што не вытрымаў паўкурсавыя іспыты, вымушаны быў вярнуцца ў Нежынскі ліцэй[18], які скончыў у 1869 годзе. У 1869—1873 гадах вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў лепшых майстроў еўрапейскай вакальнай школы Луізы Эрыт-Віардо, П’етра Рэпэта, Генрыэты Нісэн-Саламан, Каміля Эвэрардзі. Пасля заканчэння кансерваторыі Фёдар Стравінскі дэбютаваў у Кіеве на сцэне опернага тэатра. У 1876 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе стаў артыстам Марыінскага тэатра і працаваў да астатніх дзён свайго жыцця[19].
У маі 1874 года Фёдар Стравінскі ажаніўся з піяністкай і спявачкай Ганнай Халадоўскай[H], якая была яго сталым канцэртмейстарам. У пары нарадзіўся старэйшы сын Раман[I], потым у 1878 годзе нарадзіўся Юры, будучы архітэктар. 17 чэрвеня 1882 года ў Араніенбаўме cям’я Стравінскіх зноў цешылася з нагоды нараджэння сына Ігара, у будучыні знакамітага кампазітара і дырыжора. Праз два гады на свет з’явіўся малодшы сын Гурый, будучы, як і бацька Фёдар, артыст Марыінскага тэатра, бас-барытон, які загінуў у Першую сусветную вайну[21]. У доме Стравінскіх у Пецярбургу гасцінна прымалі музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, у ліку якіх быў і Фёдар Дастаеўскі. Яшчэ ўважаецца, што вобраз панурага, хударлявага, высокага росту, даўгавусага казака для карціны «Запарожцы» Ілля Рэпін пісаў менавіта з аблічча Ф. Стравінскага[22]. Недзе з 1884 года артыст пачаў збіраць бібліятэку мастацкай, гістарычнай і філалагічнай літаратуры, а таксама краявідаў гарадоў, жанравых гравюр і партрэтаў. Набываў і аўтографы вядомых людзей. Сёння яго багатая калекцыя захоўваецца ў рукапісным аддзеле Пушкінскага дома, а частка яе — больш як 1400 партрэтаў кампазітараў, музычных выканаўцаў і акцёраў XIX стагоддзя — у Аддзеле эстампаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі[23].
У 1901 годзе ўрачыста святкаваліся 25-я ўгодкі творчай дзейнасці Фёдара Стравінскага, калі яму было нададзена званне заслужанага артыста імператарскіх тэатраў. Праз год спявак-актор спачыў ва ўзросце 59 гадоў. Пахаваны ў Пецярбургу на Новадзявочых могілках, а ў 1930-я гг. перазахаваны на Ціхвінскіх могілках у Некропалі майстроў мастацтваў Аляксандра-Неўскай лаўры.
У 1915 годзе ў Марыінскім тэатры быў усталяваны бюст артыста.
Ганна Стравінская ў 1922 годзе выехала за мяжу, жыла ў доме сына ў Парыжы. Памерла ў 1939 годзе, пахаваная на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа. Сын Ігар прысвяціў нябожчыцы песню «Незабудачка кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голаса і фартэпіяна».
Фёдар Стравінскі працягнуў традыцыі знакамітага опернага артыста Восіпа Пятрова. Дзейнасць яго як выканаўцы — значны этап у гісторыі рэалістычнага мастацтва. Шматгранны спявак-актор, ён валодаў мастацтвам пераўвасаблення, аднолькава па-майстэрску выконваў драматычныя і камічныя партыі. На ўсім працягу свайго творчага шляху Ф. Стравінскі змагаўся з опернай руцінай і фальшам. Сцэнічныя вобразы яго вылучаліся высокай жыццёвай праўдай, псіхалагічнай глыбінёй, завершанасцю музычна-сцэнічнага ўвасаблення. Голас Стравінскага вялікага дыяпазону (больш за дзьве актавы), не ўтрымліваў, аднак, у сабе прыроднай прыгажосці тэмбру. Мяккая пявучасць, выраўненасць рэгістраў, разнастайнасць вакальна-дэкламацыйных фарбаў дасягнутыя спеваком дзякуючы ўдумлівым, упартым у штодзённай працы намаганням.
У рэпертуары Фёдара Стравінскага было 59 опер пераважна расійскіх кампазітараў. Спявак па-майстэрску выконваў характэрныя эпізадычныя ролі, быў адным з найвыбітных папярэднікаў Івана Шаляпіна.
Яскравыя сцэнічныя вобразы Стравінскі стварыў у операх «Варожая сіла», «Юдзіф» А. Сярова (Ярэмка, Алафэрн), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (Варлаам), «Русалка» А. Даргамыжскага (Млынар), «Руслан і Людміла» Ф. Глінка (Фарлаф), «Князь Ігар» А. Барадзіна (Скула), «Купец Калашнікаў» А. Рубінштэйн (Іван Грозны), «Травеньская ноч» М. Рымскага-Корсакава (Галава), «Мазепа» П. Чайкоўскага (Орлік), «Чарадзейка» П. Чайкоўскага (Мамыраў), «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні (Дон Базыліа, Бартала), «Фауст» Ш. Гуно (Мефістофель), «Мефістофель» А. Бойта (Мефістофель) ды інш.[24].