Радзіма фізаліса — Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка. Завезены ў Еўропу, дзе вырошчваецца ў культуры.
Сунічны фізаліс пачынае плоданосіць прыкладна праз 100 дзён пасля пасадкі і да восені. Спелыя плады мяняюць афарбоўку сваёй чашачкі (яна становіцца блякла-жоўтай) і ападаюць на зямлю. Плады невялікія (да 12 мм) і вагою да 10 грамаў. На выгляд яны бурштынава-празрыстыя і нагадваюць колер хурмы ці мандарына.
Спелая ягада мае прыемны водар, смакам нагадвае суніцы, ананас, агрэст. Сунічны фізаліс ужываюць свежым, выкарыстоўваюць у якасці ўпрыгожання кулінарных вырабаў, вараць варэнне, джэмы, сушаць.
Сарты адрозніваюцца ў асноўным велічынёй пладоў і памерамі расліны[1].
«Філантроп» адрозніваецца самымі маленькімі пладамі (1 грам) і вышынёю да 30 см. Яго можна вырошчваць у адкрытым грунце. Ад усходаў да поўнай спеласці праходзіць 120 дзён.
«Папялушка» мае ягады ў 3-5 грамаў. Вырастае ў адкрытым грунце да 40-50 см, у цяпліцы пры падвязцы — да 100—110 см. Ранняспелы сорт.
«Аранжавы россып» вырастае ў цяпліцы да 1-1,2 метра. Сярэдняспелы. Ягады 6-8 грамаў. Абяцаная ўраджайнасць — 2,5 кг з метра квадратнага.
«Дачны букет» ранняспелы, адрозніваецца істотна большымі ягадамі — да 9 грамаў і вышынёю да метра. Чаканая ўраджайнасць — да 3 кг з квадратнага метра.
«Рахат-лукум» ранняспелы, расліны невялікія (30-50 см) і плады вагою 6-12 грамаў, вельмі салодкія.