Філіпа Брунелескі

Філіпа Брунелескі
Filippo Brunellesco
Фатаграфія
Філіпа Брунелескі, помнік каля кафедральнага сабора ў Фларэнцыі
Імя пры нараджэнні італ.: Filippo di Ser Brunellesco Lippi
Дата нараджэння 1377[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 15 красавіка 1446[2][4][…]
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці скульптар, інжынер у цывільным будаўніцтве, інжынер, архітэктар, ювелір
Мастацкі кірунак Адраджэнне
Уплыў на Мікелоца дзі Барталамеа і Andrea Cavalcanti[d][8]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы[7]
Санта-Марыя-дэль-Ф'ёрэ, Фларэнцыя.
Купал. Разрэз. Санта-Марыя-дэль-Ф'ёрэ, Фларэнцыя.
Аспедале дэльі Іначэнці, Фларэнцыя.
Аспедале дэльі Іначэнці. Дэталь, Фларэнцыя.
1429—1443 гг. капэла Пацы, Фларэнцыя.
Палацца Піці, Фларэнцыя.

Філіпа БРУНЕЛЕСКІ (італ.: Filippo Brunelleschi; 1377, Фларэнцыя — 16 красавіка 1446, Фларэнцыя) — італьянскі архітэктар, скульптар, навуковец. Лічыцца пачынальнікам архітэктуры Адраджэння, які па-наватарску выкарыстоўваў традыцыі Антычнасці і сярэднявечнай італьянскай архітэктуры. Творы Ф. Брунелескі вызначаюцца дасканаласцю інжэнерна-тэхнічных характарыстык, гарманічнай яснасцю, дакладнасцю і строгасцю прапорцый.

Нарадзіўся ў сям'і натарыуса[9][10]. Паводле Манэтці, Брунелескі з ранняга ўзросту вучыўся чытанню, пісьму і ліку, а таксама латыні, бо бацька хацеў каб сын спадкаваў яго справу, а таксама выяўляў цікавасць да малявання і жывапісу і займаўся гэтым вельмі паспяхова. Калі, паводле звычаю, бацька вырашыў аддаць яго ў навучанне рамяству, Брунелескі сам выбраў ювелірную справу, і бацька, заўважыўшы здольнасці, з гэтым пагадзіўся.[10] Вучыўся і працаваў у Фларэнцыі[11], хутка стаў прафесіяналам у ювелірным рамястве, выдатным спецыялістаў у чэрні, смальце, рэльефе па камяні, разьбярстве, граненні і паліроўцы каштоўных камянёў. У 1398 уступіў у цэх «Артэ дэла сэта» і стаў залатых спраў майстрам. Аднак уступленне ў цэх яшчэ не давала атэстата, ён атрымаў яго толькі шэсць гадоў праз, у 1404. Недзе да 1401 ён праходзіў практыку ў майстэрні вядомага ювеліра Лінарда дзі Матэа Дучы ў Пістойе. Калі ў 1401 абвясцілі конкурс на другія дзверы фларэнційскага Баптыстэрыя, ён, відаць, жыў ужо ў Фларэнцыі.[10]

Паездка ў Рым разам з Данатэла, дзе абодва майстра вывучалі помнікі антычнага мастацтва[9], мела вырашальнае значэнне для Брунелескі ў выбары сваёй галоўнай справы. Але яго жыццё была звязаная не толькі з дойлідствам, але і з палітыкай. Брунелескі меў высокі маёмасны статус, дом у Фларэнцыі і зямельныя ўладанні ў яе наваколлях. Ён абіраўся ў кіруючыя органы Рэспублікі, з 1400 па 1405 — у Савет дэль Попала або Савет дэль Камуне. Затым, пасля 13-гадовага перапынку, з 1418 ён рэгулярна абіраўся ў Савет дэль Дуджэнта і адначасова ў адну з «палат» — дэль Попала або дэль Камуне, прычым не прапускаў амаль ні воднага паседжання.[10]

Не адна з вялікіх будоўляў пачатых Брунелескі не была ім скончаная, на ўсіх ён быў заняты, усімі кіраваў адначасова і не толькі ў Фларэнцыі. Паралельна ён будаваў у Пізе, Пістойе, Прата — у гэтыя гарады ездзіў рэгулярна, часам некалькі разоў на год. Па яго праектах і пад яго кіраўніцтвам была збудавана цэлая сістэма ўмацаванняў у заваяваных Рэспублікай гарадах, на межах падпарадкаваных ёй або кантралюемых тэрыторый. Буйныя фартыфікацыйныя работы вяліся ў Пістойе, Луке, Пізе, Ліворна, Рыміні, Сіене, Сан-Джавані Валь д'Арноі і ў наваколлях гэтых гарадоў. Таксама ўмацоўваў берагі Арно, будаваў масты. Брунелескі засядаў у розных саветах, камісіях, даваў кансультацыі па пытаннях звязаных з архітэктурай, будаўніцтвам, інжынернай справай; яго запрашалі ў Мілан у сувязі з пабудовай сабора, пыталіся яго парадаў адносна ўмацавання Міланскага замка. Ён ездзіў у якасці кансультанта ў Ферару, Рыміні, Мантую, праводзіў экспертызу мармуру ў Карарэ. Таксама Брунелескі быў уключаны ў складаныя адносіны з міланскімі герцагамі. У кароткія часы перамір'яў яго пасылалі ў Мілан, Мантую, Ферару — відаць, не толькі ў сувязі з яго прафесійнымі абавязкамі, але і з дыпламатычнай місіяй.[10]

Уся будаўнічая дзейнасць Брунелескі, як у самім горадзе, так і за яго межамі, праходзіла па даручэнні або з ухвалы Фларэнційскай камуны. Сам Брунелескі вельмі трапна апісаў умовы ў якіх яму прыходзілася працаваць на працягу ўсяго жыцця. Паколькі грошы на будоўлі браліся з дзяржаўнага скарбу, работа Брунелескі на ўсіх яе стадыях кантраляваліся рознага роду камісіямі і служачымі, якія прызначаліся камунай. Кожная прапанова, кожная мадэль, кожны новы этап у будаўніцтве падвяргаўся праверцы. Яго зноў і зноў прымушалі ўдзельнічаць у конкурсах, атрымоўваць ухвалу журы, якое складаліся, як правіла, не з спецыялістаў, колькі з паважаных грамадзян, якія часта нічога не разумелі па сутнасці пытання і пры абмеркаваннях глядзелі на свае палітычныя і прыватныя разлікі.[10]

Да конкурсу на ўзвядзенне купала сабору Санта Марыя дэль Ф'ёрэ Брунелескі заставаўся прыватнай асобай, свабоднай у выбары заняткаў і забаў, пасля яго стаў дзяржаўным чалавекам, жыццё якога была распісана па гадзінах. Ён працаваў адразу на некалькіх аб'ектах, кіраваў вялікімі групамі майстроў і рабочых. Паралельна з будаўніцтвам сабору ў тым жа 1419 Брунелескі прыступіў да стварэння комплексу Выхаваўчага дому. Фактычна Брунелескі быў галоўным архітэктарам Фларэнцыі, амаль не будаваў для прыватных асоб, выконваў пераважна ўрадавыя або грамадскія заказы.[10]

Самы ранні буйны твор Брунелескі ў Фларэнцыі — купал сабору Санта-Марыя дэль Ф'ёрэ (Santa Maria del Fiore, 1420—1436; Фларэнцыя). Афіцыйны пачатак будаўнічых работ быў адзначаны 7.8.1420 урачыстым сняданкам. З кастр. 1420 Брунелескі і Гіберці сталі атрымоўваць юргельт, праўда, вельмі сціплы, паколькі лічылася, што яны здзяйсняюць толькі агульнае кіраўніцтва і не абавязаныя бываць на будаўнічай пляцоўцы рэгулярна. Звязаны сярэднявечнымі часткамі сабора, Брунелескі ў сваім купале, натуральна, не мог дабіцца поўнай стылявой адпаведнасці новых і старых формаў, таму першым творам архітэктурнага стылю ранняга Адраджэння стаў Выхаваўчы дом у Фларэнцыі, які лічыцца першай грамадзянскай пабудовай эпохі Адраджэння[12].[10]

Распрацаваныя ў Выхаваўчым доме тэктанічныя прынцыпы, якія выяўляюць своеасаблівасць ордарнага мышлення Брунелескі, атрымалі далейшае развіццё ў старой сакрысціі (рызніцы) царквы Сан-Ларенца ў Фларэнцыі (1421—1428). Адначасова з перабудовай царквы Сан-Ларэнца Брунелескі працаваў на меней адказных будаўнічых пляцоўках — у капэле Барбадоры ў царкве Санта-Фелічыта на іншым баку Арно і ў палацца Барбадоры.[10]

У 1429 годзе прадстаўнікі фларэнційскага магістрату накіравалі Брунелескі пад Луку да кіраўніцтва работамі звязанымі з аблогай горада. Пасля агляду мясцовасці Брунелескі прапанаваў праект, каб узвёўшы сістэму плацін на рацэ Серкіо і падняўшы ўзровень вады, адчыніць у прыдатны момант шлюзы і, па адмысловых каналах затапіць усю мясцовасць вакол гарадскіх сцен, прымусіць Луку да капітуляцыі. Праект быў рэалізаваны, аднак пацярпеў фіяска, вада затапіла не абложаны горад, а лагер фларэнційцаў, які прыйшлося спешна эвакуіраваць. Магчыма, Брунелескі і не быў вінаваты — Савет Дзесяці не прад'яўляў да яго ніякіх прэтэнзій. Аднак фларэнційцы лічылі яго вінаватым у няўдачы лукскай кампаніі, яны не давалі яму праходу на вуліцах, Брунелескі быў у роспачы. У верасні 1431 ён запісаў тастамент, відаць, асцерагаючыся за сваё жыццё. Існуе здагадка, што ў гэты час ён з'ехаў у Рым, ратуючыся ад ганьбы і праследаванняў, праўда яшчэ з 1430 Брунелескі займаўся будаўніцтвам капэлы Паццы.[10]

У 1432, калі да ўлады прыйшоў Казіма Медычы і пачаў рашуча разбірацца з сваімі сапернікамі Альбіццы і іх прыхільнікамі, на выбарах у Саветы ў 1432 Брунелескі ўпершыню быў забалатаваны. Ён перастаў прымаць удзел у выбарах і адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. У 1434 дэманстратыўна адмовіўся плаціць унёсак у цэх муляроў і дрэваапрацоўшчыкаў і трапіў у пазыковую турму. Зняволенне не прымусіла яго скарыцца, неўзабаве цэх змушаны быў саступіць, Брунелескі вызвалілі па патрабаванні музея Опера дэль Дуома, бо без яго не маглі працягвацца будаўнічыя работы. Гэта быў своеасаблівы рэванш, узяты Брунелескі пасля правалу пры аблозе Лукі, але ён лічыў, што акружаны ворагамі, зайздроснікамі, здраднікамі, якія намагаліся яго абыйсці, падмануць, абакрасці. Ці было так насамрэч, невядома, але менавіта так ён успрымаў сваё становішча, такая была яго жыццёвая пазіцыя.[10]

На настрой і ўчынкі Брунелескі паўплываў і ўчынак яго прыёмнага сына — Андрэа Лацара Кавальканці па мянушцы Буджана, якога ён усынавіў 5-гадовым дзіцем у 1417 і любіў як роднага, выхаваў, зрабіў сваім вучнем, памочнікам. У 1434 Буджана ўцёк з дому, узяўшы ўсе грошы і каштоўнасці. З Фларэнцыі ён з'ехаў у Неапаль. Чаму так адбылося, невядома, вядома толькі, што Брунелескі прымусіў яго вярнуцца, прабачыў і зрабіў сваім адзіным спадкаемцам. Магчыма, у сварцы вінаваты быў не адзін Буджана.[10]

У 1436 Брунелескі пачаў працаваць над праектам базілікі Сан-Спірыта. Апошняй культавай пабудовай Брунелескі, у якой выявіўся сінтэз усіх яго наватарскіх прыёмаў, была араторыя (капліца) Санта-Марыя дэльі Анджэлі ў Фларэнцыі, закладзеная ў 1434, але будынак гэта не быў дабудаваны.[10]

Пытанне пра ролю Брунелескі ў стварэнні новага тыпу гарадскога палаца ўскладняецца тым, што адзіным творам падобнага роду, для якога аўтарства майстра засведчана дакументальна, застаецца недабудаваны і моцна сапсаваны палацца і Партэ Гвельфа. У Фларэнцыі захаваўся шэраг твораў, якія выяўляюць калі не непасрэдны ўдзел Брунелескі, то, прынамсі, яго непасрэдны ўплыў. Да іх лічаць палацца Паццы, палацца Піці і Бадыя (абацтва) у Ф'езоле.[10]

Толькі ў 1972 выяўлена, што Ф. Брунелескі быў пахаваны ў межах сабору Санта-Рэпарата (4—5 ст., Фларэнцыя) над якім узводзіўся кафедральны сабор Санта-Марыя дэль Ф'ёрэ[11].

Зноскі

  1. KulturNav — 2015. Праверана 23 кастрычніка 2016.
  2. а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
  3. Брунеллески Филиппо // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. а б Complete Dictionary of Scientific BiographyДэтройт: Charles Scribner's Sons, 2008. — ISBN 978-0-684-31559-1
  5. MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
  6. Find a Grave — 1996.
  7. archINFORM — 1994. Праверана 23 студзеня 2024.
  8. Hyman BRUNELLESCHI, Filippo // Dizionario Biografico degli Italiani — 1972. — Vol. 14.
  9. а б Брунеллески // Энц. словарь Брокгауза …
  10. а б в г д е ё ж з і к л м н 100 великих…
  11. а б Степанов А. В. …
  12. Брунелескі Філіпа // Культуралогія…