Ханна Рыген | |
---|---|
шведск.: Hannah Ryggen | |
Імя пры нараджэнні | шведск.: Hannah Jönsson |
Дата нараджэння | 21 сакавіка 1894[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 лютага 1970[1][2][…] (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Муж | Hans Ryggen[d][4] |
Род дзейнасці | мастак па тэкстылі |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ханна Рыген (шведск.: Hannah Ryggen, народжаная Ёнсан; 21 сакавіка 1894 — 2 лютага 1970) — мастачка па тэкстылі шведскага паходжання.
Нарадзілася 21 сакавіка 1894 года ў Мальмё і была адной з траіх дзяцей былога марака Гунара Ёнсана і яго жонкі Карны Ёнсан[5].
Яшчэ ў дзяцінстве Ханна паказала першыя прыкметы мастацкіх здольнасцяў, але выбрала больш фінансава забяспечаную працу ў якасці настаўніцы. Яна працавала ў школах Лунда і Мальмё да таго, як ёй споўнілася трыццаць гадоў. У гэты перыяд яна брала прыватныя ўрокі малюнка і жывапісу, у тым ліку на працягу шасці гадоў у дацкага мастака Фрэдрыка Крэбса у Лундзе, прыязджаючы туды з Мальмё.
У 1922 годзе Ханна атрымала стыпендыю, якой ёй хапіла на паездку ў Еўропу, каб пазнаёміцца з мастацтвам за межамі Швецыі. У Дрэздэне яна пазнаёмілася з нарвежскім мастаком Хансам Рыгенам з Эрлана. У 1923 годзе яна прыязджала да яго ў Нарвегію, а ў верасні гэтага ж года яны пажаніліся. Ханна цікавілася скандынаўскімі фемінісцкімі газетамі і часопісамі левага толку, была актыўная ў Камуністычнай партыі Нарвегіі і ўдзельнічала ў міжнародным рабочым руху.
Таксама яна самастойна навучылася працы на ткацкім станку, створаным яе мужам, і яна стала вядомым мастаком па тэкстылі, выстаўлялась ў Нарвегіі і за мяжой. У 1937 годзе яна ўдзельнічала ў Сусветнай выставе ў Парыжы, а праз два гады — у Сусветнай выставе ў Нью-Ёрку[5].
У гады Другой сусветнай вайны муж Ханны ўдзельнічаў у працы супраціву, быў арыштаваны ў маі 1944 года, знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных і вярнуўся дадому ў маі 1945 года. Сям’я пераехала ў Тронхейм, дзе Ханс Рыген памёр у снежні 1956 года.
Ханна працягнула працу з тэкстылем, адкрыла ўласную студыю і актыўна займалася творчасцю. У 1962 годзе яна экспанавалася на выставе ў Музеі сучаснага мастацтва ў Стакгольме і была абраная сябрам Шведскай каралеўскай акадэміі мастацтваў. У 1964 годзе яе работы былі прадстаўлены на Венецыянскай біенале, і яна стала першым мастаком па тэкстылі, абраным для штогадовай восеньскай выставы Høstutstillingen ў Осла[6].
У апошнія гады жыцця ў Ханны было слабае здароўе, яна некаторы час жыла ў Осла, але затым пераехала ў Тронхейм. На Каляды 1969 года яна сур’ёзна захварэла падчас візіту да сваёй дачкі Манэ ў Швецыю. Памерла 2 лютага 1970 года ў Тронхейме ў бальніцы Святога Олафа. Была пахавана побач з мужам на могілках Эрлана.