| ||||||||||||||
Хацьен (в’етн.: Hà Tiên) — горад на поўдні В’етнама. Адзін з найбуйнейшых турыстычных цэнтраў краіны. Насельніцтва (2002 г.) — 39 957 чал.
Хацьен быў заснаваны ў канцы XVII ст. бежанцамі з Паўднёвага Кітая, якія ратаваліся ад дынастыі Цын. У той час землі вакол Хацьена былі населены пераважна кхмерамі і падначальваліся кхмерскаму манарху. Да 1700 г. Ма Джыу (кіт.: 鄚玖), кіраўнік кітайскай абшчыны, стварыў васальную дзяржаву Канкаа або Пема з цэнтрам у Хацьене. У 1708 г. ён прызнаў сваю васальную залежнасць ад В’етнама. Канчаткова Хацьен увайшоў у склад В’етнама толькі пасля II Сусветнай вайны.
Аснова эканомікі — вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і турызм. Хацьен — папулярны в’етнамскі кліматычны курорт на беразе Сіямскага заліва і транспартны вузел, адкуль ходзяць паромы на суседні Фукуок, а аўтобусы — у гарады Паўднёвай Камбоджы.