«Хросны бацька» (англ.: The Godfather) — гангстарская драма рэжысёра Фрэнсіса Форда Копалы. Экранізацыя аднайменнага рамана Марыа П’юза, выдадзенага ў 1969 годзе. Слоган: «Прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца». Лічыцца найлепшым гангстарскім фільмам на думку Амерыканскага інстытута кінамастацтва і адным з найлепшых фільмаў у гісторыі кінематографа[7]. Стабільна ўваходзіць у першую пяцёрку 250 найлепшых фільмаў па версіі аўтарытэтнага вэб-сайта IMDB.
Фільм атрымаў тры прэміі «Оскар»: найлепшы фільм, найлепшы адаптаваны сцэнарый, найлепшая мужчынская роля (Марлан Бранда) — і яшчэ 19 розных узнагарод і 17 намінацый. Таксама займае трэці радок у спісе найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю амерыканскага кінематографа, «100 гадоў… 100 фільмаў (10-я юбілейная рэдакцыя)» (англ.: AFI’s 100 Years… 100 Movies (10th Anniversary Edition)), які штогод выдаецца Амерыканскім інстытутам кінамастацтва, саступаючы толькі кінастужцы «Грамадзянін Кейн»[8].
Здымкі фільма праходзілі на працягу чатырох месяцаў у сярэдзіне 1971 года. Прэм’ера адбылася ў сакавіку 1972 года (11[9] ці 15[1][10] сакавіка). Пры невялікім бюджэце ў 6 мільёнаў долараў, фільм сабраў у пракаце 268,5 мільёнаў.
У 1945 годзе ў Нью-Ёрку на вяселлі сваёй дачкі Коні (Талія Шайр) з Карла Рыцы (Джані Руса) Віта Карлеонэ (Марлан Бранда), дон сям’і злачынцаў Карлеонэ, выслухвае просьбы. Ягоны малодшы сын Майкл (Аль Пачына), які служыў у марской пяхоце падчас Другой сусветнай вайны, знаёміць сваю дзяўчыну Кей Адамс (Даян Кітан) з сям’ёй на прыёме. Джоні Фантэйн (Эл Мартына), папулярны спявак і хроснік Віта, звяртаецца па дапамогу да Віта ў забеспячэнні ролі ў кіно, і Віта адпраўляе свайго кансультанта Тома Хагена (Роберт Дзюваль) у Лос-Анджэлес, каб пераканаць кіраўніка студыі Джэка Вольца (Джон Марлі) даць Джоні ролю. Вольц адмаўляецца, пакуль не прачынаецца ў ложку з адсечанай галавой свайго дарагога жарабца.
Незадоўга да калядаў наркабарон Салоца (Альфрэда Лецьеры) пры падтрымцы злачыннай сям’і Таталья просіць Віта інвеставаць у ягоны наркатычны бізнес і абараняць ягонымі палітычнымі сувязямі. Баючыся ўдзельнічаць у новым небяспечным гандлі, які рызыкуе адчужыць сяброў-палітыкаў, Віта адмаўляецца. Падазроны Віта пасылае свайго чалавека Луку Бразі (Лені Мантана) сачыць за Салоца і сям’ёй Таталья. Аднак, падчас першай сустрэчы з Бруна Таталья (Тоні Джорджа) і Салоца Бразі быў задушаны гаротай. Пазней Салоца выкрадае Хагена, пасля чаго ў Віта страляюць на вуліцы. Старэйшы сын Віта, Соні (Джэймс Каан), прымае кіраванне справамі сям’і на сябе, а Салоца аказвае ціск на Хагена, каб пераканаў Соні прыняць здзелку Салоца, а затым адпускае яго. Сям’я атрымлівае рыбу, загорнутую ў бронекамізэльку Бразі, паказваючы, што Лука ўжо нябожчык. Віта выжыў, і ў шпіталі Майкл сарваў чарговы замах на бацьку. Да шпіталю прыбывае капітан паліцыі Макласкі (Стэрлінг Хэйдэн), які з’яўялецца чалавекам Салоца, і ён збівае Майкла, пашкодзіўшы яму сківіцу. Соні помсціць ударам па сыне Татальі. Карлеонэ рыхтуюць забойства Салоца і Макласкі, прыкрываючыся жаданнем урэгуляваць спрэчку. Майкл сустракае іх у рэстарацыі ў Бронксе, у якім, дастаючы пісталет, які папярэдні туды падкінуў Пітэр Клеменца (Рычард Кастэлана), ён забівае абодвух мужчынаў.
Не зважаючы на ціск з боку ўладаў, паміж пяццю італьянска-амерыканскімі крымінальнымі сем’ямі разгараецца вайна, і Віта баіцца за сваю сям’ю. Майкл знаходзіць прытулак на Сіцыліі, а ягонага старэйшага брата Фрэда (Джон Кезэйл) прытуляе Мо Грын (Алекс Рока) у Лас-Вегасе. Соні нападае на Карла на вуліцы за здзекі з Коні, сваёй сястры, і пагражае забіць яго, калі гэта паўторыцца. Калі гэта адбываецца, Соні імкнецца да іхнага дому, але трапляе ў пастку на касе ля шашы і жорстка забіваецца бандытамі з аўтаматамі. Знаходзячыся на Сіцыліі, Майкл сустракае дзяўчыну Апалонію (Сіманэта Стэфанэлі) і пабіраецца з ёй шлюбам, але прызначаная для яго машына з бомбай забірае ейнае жыццё. Спустошаны смерцю Соні і разумеючы, што Таталья кантралюецца дамінуючым донам Барзіні (Рычард Контэ), Віта спрабуе спыніць варожасць. Ён запэўнівае пяць сем’яў, што адмовіцца ад супрацьдзеяння іхнаму гераінаваму бізнесу і адмовіцца ад помсты за забойства Соні. Калі бяспека становіцца гарантаванай, Майкл вяртаецца дадому і ўваходзіць у сямейны бізнес. Таксама ён бярэ Кей за жонку, паабяцаўшы ёй, што бізнес стане законным на працягу наступных пяці гадоў.
Музычнае суправаджэнне да фільма «Хросны бацька» напісаў італьянскі кампазітар Ніна Рота.