Хрысціянства — адна з галоўных рэлігій у Японіі, пасля сінтаізму і будызму. Яна аказала ўплыў на фарміраванне японскай адукацыі і грамадска-палітычную думку новага часу. Па стане на пачатак XXI стагоддзя ў Японіі дзейнічала звыш 9 тысяч хрысціянскіх абшчын, у якіх было зарэгістравана каля 2,5 млн вернікаў[1], 31 снежня 2005 — 31 снежня 2008 года[2]. Найбольшай хрысціянскай арганізацыяй Японіі з’яўляецца Рымска-Каталіцкая Царква, якая аб’ядноўвае 442 тысяч чалавек[3].
Хрысціянства з’явілася ў Японіі ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Першым місіянерам, які прапаведаваў японцам Евангелле быў баск — езуіт Францыск Ксаверый. У 1549 годзе ён прыбыў у паўднёвы японскі горад Кагосіма, дзе заснаваў невялікую рымска-каталіцкую абшчыну. Пасля высілкамі езуіта з’явіліся хрысціянскія цэнтры ў Ямагуты і Кіёта. На працягу 1560 — 1580-х гадоў члены Таварыства Ісуса кіравалі хрысціянізацыяй Японскіх астравоў. Нягледзячы на моцную апазіцыю будысцкага духавенства і Імператарскага двара, езуітаў падтрымлівалі японскія рэгіянальныя ўладары, такія як Атома Сарын і Ода Набунага. Хрысціянская пропаведзь была асабліва паспяховай на востраве Кюсю і ў сталічным рэгіёне Кінкі. Да канца XVI стагоддзя ў Японіі налічвалася каля 300 тысяч хрысціян[4].
У 1587 годзе аб’яднальнік Таётомі Хідэёсі забараніў знаходжанне місіянераў у краіне і пачаў прыгнятанні вернікаў[заўв 1]. У 1597 годзе ён раскрыжаваў на крыжах 26 хрысціян за парушэнне загаду. Рэпрэсіўную палітыку працягнуў і яго палітычны пераемнік Такугава Іэясу, заснавальнік сёгуната Эда. У 1612 годзе ён забараніў вызнаванне хрысціянства ў сваіх уладаннях, а ў 1614 годзе распаўсюдзіў гэту забарону на ўсю Японію[заўв 2]. Разбурэнне цэркваў і масавыя паказальныя пакаранні смерцю прымусілі хрысціян перайсці ў падполле. У 1637 годзе частка падпольшчыкаў арганізавалі паўстанне ў Сімабары, якое было жорстка падушана войскамі сёгуната. У 1639 годзе, пасля серыі ўказаў Такугавы Хідэтады і Такугавы Іэміцу, Японія разарвала адносіны з еўрапейскімі краінамі і ўступіла ў эпоху ізаляцыі ад Захаду. З тых часоў забарона на хрысціянства ў Японіі дзейнічала больш за 250 гадоў. Большасць хрысціян былі пакараны смерцю ці звернуты ў будызм сілай[4].
У 1859 годзе, пасля заключэння Японіяй Ансэйскіх дагавораў, хрысціянскія місіянеры зноў атрымалі права наведваць краіну як замежныя грамадзяне. Аднак забарона на вызнаванне хрысціянства японцамі не была знята. Так, у 1865 годзе ў раёне Оўра горада Нагасакі французская каталіцкая місія пабудавала царкву, якую ўпотай наведвала некалькі падпольных хрысціян. Кантакт з вернікамі быў адноўлены, аднак мясцовыя ўлады выявілі іх і пакаралі смерцю[4]. Рэпрэсіі працягваліся нават пасля рэстаўрацыі Мэйдзі ў 1868 годзе, калі Японія ўступіла на шлях мадэрнізацыі і вестэрнізацыі. У 1868 і 1870 гадах урад правёў паказальныя пакаранні смерцю японскіх хрысціян на астравах Гато і Нагасакі, што выклікала асуджэнне еўрапейскіх дзяржаў і ЗША. Толькі ў 1873 годзе, пад знешнім ціскам, японскія ўлады знялі забарону на хрысціянства, дазволіўшы свабодна прапаведаваць і вызнаваць яго[4].
У канцы XIX стагоддзя ў Японіі дзейнічалі Рымска-каталіцкая царква, пратэстанцкі Саюз хрысціянскіх цэркваў Японіі, англіканская царква і Руская праваслаўная царква. Амаль усе прапаведнікі былі выхадцамі з Еўропы і ЗША. Пад уплывам пратэстанцкіх цячэнняў узніклі мясцовыя сектанцкія арганізацыі, якія ўвабралі ў сябе элементы хрысціянства[4].
Хрысціянства аказала вялікі ўплыў на фарміраванне японскай грамадска-палітычнай думкі Новага часу. У прыватнасці, хрысціянскія ідэі любові, міласэрнасці да бліжняга, свабоды і роўнасці спрыялі ўзнікненню японскага лібералізму, а затым — парламентарызму. Высілкамі хрысціянскіх прапаведнікаў з’явілася найноўшая японская сістэма адукацыі. Японскія хрысціяне былі асноўным рухавіком у грамадскіх рухах за забарону п’янства і прастытуцыі. Дзякуючы хрысціянскім арганізацыям у Японіі былі створаны шматлікія дабрачынныя таварыствы, бальніцы, цэнтры інвалідаў, дзіцячыя дамы і г.д.[4]
![]() |
Хрысціянства ў Японіі на Вікісховішчы |
---|