Хуга Баль | |
---|---|
ням.: Hugo Ball | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 22 лютага 1886[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 верасня 1927[4][5][…] (41 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Emmy Hennings[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт, тэатральны рэжысёр, пісьменнік, філосаф, драматург, акцёр, рэжысёр, драматург |
Гады творчасці | з 1886 |
Кірунак | дадаізм |
Жанр | паэзія |
Мова твораў | нямецкая |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хуга Баль (22 лютага 1886, Пірмазенс — 14 верасня 1927) — нямецкі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў дадаізму, а таксама пачынальнік «гукавой паэзіі».
Нарадзіўся ў простай каталіцкай сям’і ў горадзе Пірмазенс (Германія). У 1906—1910 гадах вывучаў сацыялогію і філасофію ва ўніверсітэтах Мюнхена, Гайдэльберга і Базеля. Дысертацыю, прысвечаную Фрыдрыху Ніцшэ, не скончыў, гэты час стаў для яго пераломным момантам: Баль звярнуўся да пратэстантызму.
У 1910 годзе пераехаў у Берлін з намерам зрабіцца акцёрам, супрацоўнічаў з тэатральным рэжысёрам Максам Райнхартам. У 1911 годзе Баль надрукаваў сваю першую п’есу. З 1911 да 1912 году працуе драматургам у Плаўэне, з 1912 да 1914 — у Мюнхене. У гэты час таксама супрацоўнічае з часопісамі Revolution, Die Neue Kunst, Die Aktion, Phöbus.
У пачатку Першай сусветнай вайны запісваецца добраахвотнікам на фронт. Але ўжо праз некаторы час расчароўваецца ў вайне. У 1915 годзе Хуга Баль разам са сваёй будучай жонкай Эмі Хенінгс эмігруе ў Швейцарыю і пасяляецца ў Цюрыху. Працуе піяністам у Varieté-Ensemble. У Швейцарыі Баль працягвае цікавіцца анархізмам і Бакуніным, а таксама перакладае некаторыя яго творы. Гэтыя пераклады, праўда, так ніколі і не былі надрукаваныя.
У лютым 1916 года разам з Хансам Арпам, Трыстанам Тцарам і Марселем Жанко Хуга Баль заснаваў у Цюрыху кабарэ «Вальтэр», калыску дадаізму. 14 ліпеня 1916 года на свет з’явіўся «Маніфест дадаізму», напісаны Балем.
Удзел Баля ў руху дадаістаў цягнуўся прыкладна два гады. Даволі непрацяглы час Баль працаваў у часопісе Freie Zeitung у Берне. У ліпені 1920 года ён зноў вяртаецца да каталіцтва, выходзіць на пенсію і з жонкай Эмі пераязджае ў кантон Тычына, дзе вядзе даволі беднае, асвечанае рэлігіяй жыццё.
Сярод найбольш адметных твораў Хуга Баля варта ўзгадаць яго п’есу «Нос Мікеланджэла. Трагікамедыя ў чатырох дзеях» (Die Nase des Michelangelo. Tragikomödie in vier Auftritten, 1911), дзённік падзей часоў дадаізму ў Цюрыху «Уцёкі з часу» (Die Flucht aus der Zeit, 1927), біяграфія Германа Гесэ «Герман Гесэ. Яго жыццё і творчасць» (Hermann Hesse. Sein Leben und sein Werk, 1927) і іншыя.