Славутасць | |
Царква Святога Марціна | |
---|---|
Martini kirik | |
58°24′29,40″ пн. ш. 22°47′19,76″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Эстонія |
Пасёлак | Вальяла |
Канфесія | лютэранства |
Тып будынка | царква |
Архітэктурны стыль | раманскі стыль |
Дата заснавання | XIII стагоддзе |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | дзейны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква́ Свято́га Ма́рціна — найстарэйшая царква Эстоніі. Знаходзіцца ў пасёлку Вальяла на востраве Саарэмаа.
Адразу пасля заваёвы ў 1227 годзе датчане збудавалі ў Вальяле побач са старой крэпасцю каменную капліцу. З паўднёвага боку капліцы была рызніца. Сцены капліцы захаваліся і складаюць ніжнюю частку хора сучаснага будынка. Захаваліся таксама тагачасныя фрэскі, якія можна бачыць на паўночнай сцяне.
У 1240 годзе пачалося будаўніцтва аднанефнай царквы ў раманскім стылі: над усімі ўваходамі былі круглыя аркі. Яны значна пацярпелі, верагодна, падчас паўстання Юр’евай ночы, і пазней былі рэканструяваны. Вокны, скляпенні і верхняя частка будынка ўжо аформленыя ў іншым стылі. Новыя майстры, відаць, былі выкліканы са Швецыі.
У другой палове XIV стагоддзя была прыбудавана паліганальная апсіда. Будаўніцтва вежы, імаверна, працягвалася да XVII стагоддзя. Яе размяшчэнне даволі незвычайнае: яна знаходзіцца на паўднёвым баку царквы, над рызніцай. У сцены вежы ўмураваныя архаічныя трапецыяпадобныя надмагіллі, якія дагэтуль сустракаліся толькі на захадзе Эстоніі.
У 1820 годзе майстар з Курэссаарэ Номен Лорэнцэн стварыў алтарную карціну. У 1888 Густаў Норман зрабіў арган.
У 1922 годзе ад удару маланкі часткова згарэў дах.
У 1970-х гадах Далорэс Гофман стварыла вітражныя вокны.
У 2004 годзе Ага Тынт правёў капітальны рамонт аргана.
Ад першапачатковага галоўнага ўваходу, збудаванага ў раманскім стылі, застаўся толькі архівольт. Касякі, шчыт і фрыз адносяцца да пазнейшай перабудовы.
Масіўныя сцены, узведзеныя ў 1240—1270 гадах, падкрэсленыя здвоенымі ваконнымі праёмамі. З імі кантрастуе паліганальная апсіда, пабудаваная ў другой палове XIV стагоддзя з дбайна абцёсаных каменных блокаў; яна мае формы позняе готыкі.
У дызайне інтэр’еру найбольш уражваюць купалападобныя скляпенні з вестфальскімі рэбрамі і басажамі. Аб тым, што ніжэй за вокны нефа калісьці праходзіла абарончая галерэя, сведчаць рабро ў сцяне і рэшткі балек. Дзвярны праём у арцы капліцы вёў да гарышча, якое служыла сховішчам.
Познераманская купель Вальялскай царквы — адзін з найстарэйшых узораў разьбы па камені ў Эстоніі. Лічыцца, што першапачаткова купель была выраблена для Хаапсальскай кафедры, але пазней перавезеная на Саарэмаа. Купель упрыгожаная познераманскімі завіткамі. Падобны дэкор можна ўбачыць у Рыжскай кафедры. Абедзве працы належаць руцэ аднаго майстра, меркавана, вестфальскага паходжання.