Чашніцкі раён

Чашніцкі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Віцебская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Чашнікі
Дата ўтварэння 17 ліпеня 1924,
6 студзеня 1965
Дата скасавання 25 снежня 1962
Кіраўнік Аляксандр Пятровіч Быкаў[d]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 73,27 %, руская 25,62 %
Размаўляюць дома: беларуская 39,06 %, руская 59,13 %[1]
Насельніцтва (2009)
35 043 чал.[1] (5-е месца)
Шчыльнасць 23,66 чал./км² (1-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 91,43 %,
рускія — 6,91 %,
іншыя — 1,66 %[1]
Плошча 1 481,12[2]
(17-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
 • Найвышэйшы пункт
 • Самы нізкі пункт


 256 м
 122 м
Чашніцкі раён на карце
Паштовыя індэксы 211149
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ча́шніцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Чашнікі.

Раён размешчаны ў паўднёвай частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Бешанковіцкім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім раёнамі Віцебскай вобласці, Крупскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.

Паверхня раёна плоскахвалістая, пераважна ў межах Чашніцкай раўніны. На захадзе тэрыторыя ўзгорыстая. Тут платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. 34 % тэрыторыі размешчаны на вышыні 160—180 м над узроўнем мора, 50 % ніжэй 160, 10 % — вышэй за 200 м. Глыбіня расчлянення рэльефу да 15 м/км², у некаторых мясцінах даходзіць да 30—50 м/км². Найвышэйшая кропка раёна — гара Спаская (256,7 м над узроўнем мора), якая знаходзіцца за 2 км на паўночны усход ад вёскі Дабрамыслі Новазаранскага сельсавета[3]. Ніжэйшая адзнака — урэз ракі Улы ля вёскі Дзямідавічы на мяжы з Бешанковіцкім раёнам — 122 м.

У раёне маюцца радовішчы глін, пясчана-жвіровага матэрыялу, сапрапеляў, торфу.

Рэкі Чашніччыны адносяцца да Верхнедняпроўскага і Верхневілейскага гідралагічных раёнаў. Найбольш значнымі з’яўляюцца Ула з прытокамі Лукомка і Усвейка, Эса. Апроч іх праз тэрыторыю раёна працякаюць рэкі — Байна, Югна, Верацея і інш. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 8,7 тыс. км., у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў больш за 60 км, магістральных і падводных каналаў 473 км, рэгуляцыйных каналаў больш за 490 км.

У раёне звыш 70 азёр. Найбольш вялікія — Лукомскае, Жэрынскае, Чарэйскае, Баярскае. Іншыя: Глыбочына.

Пад лесам у раёне знаходзіцца 24 % тэрыторыі. Прадстаўлены лясы елкай і сасной, якія займаюць 60 % усяго лесафонду. Лісцёвыя лясы займаюць 10 %. Гэта бяроза, асіна, вольха шэрая і чорная. Астатняя тэрыторыя — змешаныя лясы.

У лясах раёна можна сустрэць лася, дзіка, казулю, ваўка, лісіцу, куніцу, гарнастая, вавёрку, зайца-беляка і зайца-русака, норку еўрапейскую, бабра, выдру, андатру, вожыка, янотападобнага сабаку, барсука, ласку і інш. У лясах мноства птушак: шэрыя і белыя курапаткі, глухары, рабчыкі, качкі, гусі, цецерукі, вальдшнепы, бекасы, гарснепы, совы, сарокі, вароны, буслы, вераб'і, жаўрукі, сойкі, удоды, дразды-рабіннікі, чорныя дразды, шызаваронкі, салаўі, сініцы, малінаўкі, крумкачы, ястрабы-цецерукоўнікі і ястрабы-перапялятнікі, канюкі, скапы. У апошнія гады назіраецца значнае павелічэнне колькасці чаек, асабліва на Лукомскім возеры.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца частка (360 га) рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сялява» і 4 заказнікі мясцовага значэння:

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Чашнікі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Альшанскі (Вялікаальшанскі), Асташоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Пачаевіцкі, Цяпінскі, Чашніцкі. 24 верасня 1926 года Чашніцкі сельсавет скасаваны. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 1 красавіка 1931 года Асташоўскі сельсавет перайменаваны ў Вяжоўскі. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Бачэйкаўскі сельсавет Бешанковіцкага раёна; Сокараўскі сельсавет скасаванага Ульскага раёна; Вяцерскі, Гільскі (Гілянскі), Замацкі, Лукомльскі, Слідчанскі, Стражэвіцкі, Чарэйскі сельсаветы скасаванага Чарэйскага раёна. 25 ліпеня 1931 года Бачэйкаўскі і Сокараўскі сельсаветы перададзены Бешанковіцкаму раёну. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Лепельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Чашнікі атрымалі статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вяцерскі, Гільскі, Замацкі і Стражэвіцкі сельсаветы, утвораны Старасельскі сельсавет, які скасаваны 1 красавіка 1960 года. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Чашнікі, Альшанскі, Вяжоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі сельсаветы перададзены Бешанковіцкаму раёну.

6 студзеня 1965 года раён адноўлены, уключаў гарадскі пасёлак Чашнікі і 11 сельсаветаў: Альшанскі, Вяжоўскі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі Бешанковіцкага раёна, Кашчынскі і Красналуцкі Лепельскага раёна. 16 жніўня 1965 года ўтвораны Латыгаліцкі сельсавет, скасаваны Вяжоўскі сельсавет. 31 снежня 1965 года ўтвораны гарадскі пасёлак Новалукомль. 7 лютага 1966 года гарадскі пасёлак Чашнікі атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 22 жніўня 1967 года пасёлак торфапрадпрыемства «1 Мая» перайменаваны ў рабочы пасёлак Акцябрскі. 7 чэрвеня 1968 года Слідчанскі сельсавет перайменаваны ў Антапольскі. 31 ліпеня 1970 года гарадскі пасёлак Новалукомль атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 11 сельсаветаў, 249 населеных пунктаў[4]. 22 красавіка 1980 года Кашчынскі сельсавет перайменаваны ў Новазаранскі, Лазукоўскі — у Кругліцкі, Цяпінскі — у Празямлянскі. 20 кастрычніка 1995 года Чашніцкі раён і горад Чашнікі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года рабочы пасёлак Акцябрскі аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак), скасаваны Акцябрскі пассавет, Латыгаліцкі, Пачаевіцкі і Чарэйскі сельсаветы[5]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Антапольскі сельсавет[6].

Насельніцтва раёна складала 41,2 тыс. у 2001; 38,4 тыс. чал. у 2005. На 1.01.2009 36,0 тыс. чал. у т.л. гарадское насельніцтва складае 23,6 тыс., сельскае насельніцтва — 12,4 тыс. чал.

Буйнейшых населеным пунктам Чашніцкага раёна з’яўляецца горад Новалукомль (14,1 тыс. чал.). Раённы цэнтр — горад Чашнікі (9,5 тыс. чал.), размешчаны на рацэ Ула (левы прыток Заходняй Дзвіны), за 95 км ад Віцебска, 190 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша-Лепель. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Лепелем, Новалукомлем, Сянном.

Сярод сельскіх паслелішчаў найбольш значныя вёскі Антаполле, Альшанка, Вялікая Вядрэнь, Гілі, Іванск, Красналукі, Кругліца, Латыгалічы, Лукомль, Новая Зара, Пачаевічы, Цяпіна, Чарэя, Дварэц.

Буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы:

  • Завод керамзітавага гравію, ААТ
  • Завод «ЭЛАСТ», ААТ
  • Завод «Этон», ААТ
  • Лукомская ДРЭС
  • Новалукомскі малочны завод, ААТ
  • Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», ААТ
  • Чашніцкі завод харчовых прадуктаў, КУПП
  • Чашніцкі льнозавод, ААТ

Сацыяльная сфера

[правіць | правіць зыходнік]

Сістэма адукацыі Чашніцкага раёна прадстаўлена навучальнымі ўстановамі рознага тыпу. У 2017 годзе ў раёне дзейнічала 17 устаноў дашкольнай адукацыі: яслі-сад — 8, дзіцячыя сады — 2, вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-школа» — 7. У 2017/2018 навучальным годзе дзейнічала 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучалася 2976 вучняў. Навучальны працэс у школах забяспечвалі 402 настаўнікі[7].

Ахова здароўя

[правіць | правіць зыходнік]

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Чашніцкім раёне ажыццяўляюць: Новалукомльская цэнтральная раённая бальніца, Чашніцкая бальніца, Навазорская бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыі агульнай практыкі, брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, фельчарска-акушэрскія пункты: Антапольскі ФАП (в. Антаполле); Вядрэньскі ФАП (аг. Малая Вядрэнь); Вяцерскі ФАП (в. Вяцера); Грынькоўскі ФАП (в. Грынькі); Дварэцкі ФАП (аг. Дварэц); Замачкаўскі ФАП (в. Замачак); Іванскі ФАП (аг. Іванск); Кругліцкі ФАП (в. Кругліца); Латыголіцкі ФАП (в. Латыголічы); Лукомльскі ФАП (аг. Лукомль); Альшанскі ФАП (аг. Альшанка). Функцыянуюць аптэкі[8].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. Пасанен В. Э., Дикусар Е. А., Стёпин С. Г. Горные вершины Витебской области. — Минск: Право и экономика, 2016. — 162 с. — ISBN 978-985-552-569-2. С.11
  4. Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 62. — 248 с. — 10 000 экз.
  5. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  6. Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 17 ліпеня 2021.
  7. Асвета. Чашніцкі раён
  8. Медыцына. Чашніцкі раён
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
  • Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна / рэдкал. М. Ц. Дробыш [і інш.]. — Мн., 1997.