Чыставуст каралеўскі |
|
Навуковая класіфікацыя |
---|
Парадак: | Чыставуставыя (Osmundales) |
Від: | Чыставуст каралеўскі |
|
Міжнародная навуковая назва |
---|
Osmunda regalis L., 1753
|
|
Чыставуст каралеўскі (Osmunda regalis) — папарацепадобная расліна сямейства чыставуставых (Osmundaceae).
Шматгадовазялёная (ва ўмовах Беларусі летнезялёная) паўдрэвападобная папараць вышынёй 80-120 (200) см з моцным разгалінаваным касым карэнішчам. Сцябло ўкарочанае, звычайна прамастойнае, адраўнелае, укрытае рэшткамі чаранкоў апалага лісця і шматлікімі чорнымі паветранымі каранямі. Лісце бледна-зялёнае, буйное, на доўгіх чаранках. Верхнія сегменты лісця вузкалінейныя, спараносныя, па ўсёй паверхні ўкрытыя сорусамі, сабраны ў канцавую сціснутую мяцёлку (спачатку зялёная, па меры выспявання спор становіцца карычневай і да моманту іх высыпання - бурай).
Прыакіянічны (амфіатлантычны) рэліктавы від. Пашырэнне: Скандынавія (поўдзень), Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, Каўказ, Закаўказзе, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран. У Беларусі вядома месцазнаходжанне ў Брэсцкім раёне, на ўсходняй мяжы еўрапейскага фрагмента арэала. Месцы росту: сырыя сасновыя, мяшаныя і чорнаальховыя лясы (звычайна ўзлескі), адкрытыя тарфяныя і лясныя балоты, берагі азёр. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (парасткамі карэнішча).
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5