Чэслаў Мілаш | |
---|---|
польск.: Czesław Miłosz | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 30 чэрвеня 1911[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 жніўня 2004[1][4][…] (93 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Аляксандр Мілаш[d] |
Жонка | Яніна Мілаш[d] і Кэрал Тыгпен-Мілаш[d] |
Дзеці | Энтані Маліш[d] і Пітэр Мілаш[d] |
Альма-матар |
|
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, дыпламат, пісьменнік, эсэіст, перакладчык, педагог, выкладчык універсітэта, гісторык літаратуры |
Жанр | паэзія і проза |
Мова твораў | англійская і польская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Праведнік народаў свету[d] (25 ліпеня 1989) грант Гугенхайма (1976) ганаровы доктар Універсітэта Вітаўта Вялікага[d] (28 мая 1992) |
Подпіс | |
milosz.pl (польск.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Чэслаў Мі́лаш (польск.: Czesław Miłosz; 30 чэрвеня 1911, Шэтэйні, цяпер Літва — 14 жніўня 2004, Кракаў) — польскі паэт, пісьменнік, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1980). Член Польскай АН у Кракаве (з 1992).
З роду Мілашаў. Пляменнік і вучань Оскара Мілаша.
Скончыў у 1929 годзе Віленскую гімназію, затым у 1934 годзе Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні (вучыўся спачатку на гуманітарным факультэце, потым перайшоў на факультэт сацыяльных навук, каб вывучаць права). Уваходзіў у згуртаванне паэтаў-катастрафістаў «Жагары» (Żagary) і прычыніўся да выдання аднайменнага часопіса. Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні, аднак быў звольнены па абвінавачанні ў падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.
У 1937 годзе пераехаў у Варшаву, перад 2-й сусветнай вайной працаваў на Польскім Радыё. У Варшаве перажыў нямецкую акупацыю. Працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху, апублікаваў у 1940 годзе зборнік «Вершы» пад псеўданімам Ян Сыруць. Пасля паразы варшаўскага паўстання Мілаш пераехаў у Кракаў, дзе заставаўся да канца 1945 года.
Пасля вайны Мілаш працуе ў Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Рэспублікі як аташэ па культуры польскага пасольства ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. У Парыжы Чэслаў Мілаш жыў да 1960 года, актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Культура» Ежы Гедройца. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Maisons Laffitte».
У 1960 годзе Чэслаў Мілаш пераехаў у ЗША, выкладаў славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і ў Гарвардзе. Доктар honoris causa Мічыганскага ўніверсітэта. Прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта.
У ПНР яго афіцыйна лічылі здраднікам і рэнегатам. Да 1980 года дзейнічала цэнзарская забарона не толькі на публікацыю яго твораў, але і на прозвішча наогул. Кнігі Чэслава Мілаша выдавалі падпольна, а частка польскай эміграцыі абвінавачвала яго ў бальшавіцкіх поглядах. У 1980 годзе Чэслаў Мілаш атрымаў Нобелеўскую прэмію, тады пачынае мяняцца стаўленне да яго і ў Польшчы, і ў эмігранцкім асяродку. У 1993 годзе паэт вырашае вярнуцца ў Польшчу і пераязджае ў Кракаў, паводле яго сцверджання, «найбольш блізкі Вільні». Супрацоўнічаў з месячнікам «Czasopis» (Беласток).
Брат Чэслава — Андрэй Мілаш, казаў: «Мілашы — гэта такія самыя ліцвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы ці нават Пілсудзкі. Чэслаў гаворыць пра сябе: „Я ліцвін польскай культуры“».[5]
Ад балцка-літоўскага аднаасноўнага імя Milašas (з асновай Mil- і іменным утваральнікам -aš-) літоўскія прозвішчы Milaša, Milašas, Milašis, Milašiūnas, тапонімы Мілашы і Мілашова, літоўскія Milašiškės, Milašaičiai. Было і прускае імя Milassie такой жа будовы.
Дэбютаваў у 1930 годзе на старонках універсітэцкага часопіса «Alma Mater Vilnensis» вершамі «Кампазіцыя» і «Падарожжа». Пісаў на польскай, англійскай, французскай мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зборніку «Тры зімы» (1936) выявілася прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю. У зборніку «Выратаванне» (1945) гучыць матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філасофскае абагульненне, пошук нетрадыцыйных форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэтычнага бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэтычных зборніках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш.
Аўтар кніг эсэ «Скуты розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), «Пошук бацькаўшчыны» (1992, звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Полышчы), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), палітычнага рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізавана 1982) і інш.
Перакладаў на польскую мову англійскую, французскую, іспанскую паэзію (зборнік «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага Запаветаў, а таксама польскую паэзію на англійскую мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969).
На беларускую мову творы Ч. Мілаша перакладалі Л. Баршчэўскі, А. Ф. Брыль, В. Булгакаў, Я. Буры, Ю. Бушлякоў, Зм. Дзядзенка, М. Казлоўская, Ю. Лаўрык, М. Мартысевіч, К. Маціеўская, А. Мінкін, С. Прылуцкі, М. Пушкіна, Алесь Разанаў, М. Танк, А. Хадановіч, А. Чобат, Я. Чыквін, М. Шода, Г. Янкута і інш.