Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Швянчоніс (літ.: Švenčionys), беларуская назва — Свянця́ны) — горад у Літве, адміністрацыйны цэнтр Швянчоніскага раёна Вільнюскага павета. Насельніцтва 4 065 чалавек (2020). Знаходзяцца за 6 км ад літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы, за 60 км на ўсход ад Вільнюса; аўтамабільныя дарогі звязваюць горада з Вільнюсам, Зарасаем, Лынтупамі.
Свянцяны — даўняе магдэбургскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны) і Нальшанскага края[2]. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй горада належыць да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштайція.
Паходжанне тапоніма «Свянцяны» звязваюць са святым гаем, на месцы якога альбо побач з якім узнікла першае пасяленне[2].
Упершыню Свянцяны ўпамінаюцца ў ХV стагоддзі. Паселішча ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і стаяла на шляху да Полацка і Віцебска. У Свянцянах знаходзіўся палац вялікага князя Вітаўта, па загаду якога тут збудавалі першы касцёл. Апрача таго, Вітаўт запрасіў у горада татар.
Росквіт Свянцян прыйшоўся на другую палову XV—XVI стагоддзі. У 1486 годзе вялікі князь Казімір Ягелончык надаў гораду Магдэбургскае права. З 1565 года ў Свянцянах мясціўся земскі суд. У 1633 годзе ў ваколіцах горада заснавалі францысканскі кляштар.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Свянцяны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, спачатку у Літоўскай губерні, потым у Віленскай губерні. З 1795 года Свянцяны — цэнтр Завілейскага павета, які ў 1842 годзе быў перайменаваны ў Свянцянскі павет.
Падчас вайны 1812 года ў месце спыняўся Напалеон.
Свянцяны былі галоўным апорным пунктам у часы паўстання (1830—1831). 22 сакавіка 1860 года з’явіўся праект гарадскога герба: «у блакітным полі дзве сярэбраныя рыбы з чырвонымі вачыма і плаўнікамі»[3]. У канцы XIX стагоддзя ў Свянцянах дзейнічалі праваслаўная і стараверская цэрквы, касцёл, 6 сінагог і яўрэйскіх малітоўных дамоў; працавалі гарадская, прыходская, 2-класная яўрэйскае вучылішча і талмуд-тора. Акрамя таго, у месце была бальніца[4].
У час Першай сусветнай вайны германскія войскі 9 верасня 1915 года пачалі Свянцянскі прарыў, рускі фронт абрынуўся, і горад быў акупаваны. Пад канец 1918 года Германія пацярпела паразу ў вайне. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Свянцяны ўключаны ў склад Беларуская ССР як цэнтр павета («падраёна»)[5]. Неўзабаве горад занялі польскія войскі, у далейшым Свянцяны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы (1920), а з 1922 года — у міжваеннай Польскай Рэспубліцы. 20 кастрычніка 1933 года да Свянцян далучылі населены пункт з аднайменнай гміны — засценак Лігумы (мясцовая назва — Падлігумы)[6].
Пасля падзей верасня 1939 года Свянцяны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, атрымаўшы статус раённага цэнтра Вілейскай вобласці. Аднак 1—2 кастрычніка 1940 года ўрад СССР перадаў горад Літоўскай ССР.
Цягам 1941—1944 гадоў Швянчоніс знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. За гэты час гітлераўцы знішчылі 4 тыс. яўрэяў. 20 мая 1942 года немцы забілі каля 400 жыхараў, у большасці палякаў[7].
У 1994 годзе ў Швянчонісе ўтварыліся дзве беларускія суполкі: Беларускае таварыства Свянцянскага раёна (старшыня Ніна Сусвіла) і Свянцянскае аддзяленне ТБК, якое ў 1997 годзе аб’ядналася з Беларускім таварыствам Свянцянскага раёна[8].
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці, швейная фабрыка і фабрыка перапрацоўкі лекавых раслін.
Дзейнічае Нальшанскі музей (колішні Свянцянскі краязнаўчы).