Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Шу́мег (венг.: Sümeg) — горад на захадзе Венгрыі, у медзье Веспрэм. Насельніцтва 6 283 чалавекі (2014).
Шумег размешчаны прыкладна за 150 км на паўднёвы захад ад Будапешта, за 25 км на поўнач ад Кестхея і ўзбярэжжа возера Балатан, і за 50 км на захад ад Веспрэма.
Амаль уся гісторыя Шумега звязана з вядомай крэпасцю на высокім узгорку (270 м), заснаванай у XI стагоддзі ў часы кіравання караля Іштвана Святога. У 1241 годзе кароль Бела IV схаваўся ў Шумегскай фартыфікацыі ад нашэсця манголаў, якія не здолелі яе ўзяць. У перыяд турэцкага нашэсця XVI—XVII стагоддзяў крэпасць шмат разоў бралася ў аблогу, але гэтак і не была скароная туркамі. Пасля заняпаду Веспрэма ў 1552 годзе рэзідэнцыя веспрэмскага біскупа была перанесена ў Шумег.
Пасля выгнання турак і ўваходжання Венгрыі ў склад імперыі Габсбургаў, у краіне адбылося нацыянальна-вызваленчае паўстанне на чале з Ферэнцам Ракацы. Пасля здушэння паўстання аўстрыйцы ўзарвалі муры амаль усіх крэпасцей Венгрыі, у т.л. Шумегскай. Нягледзячы на гэта, многія часткі крэпасці даволі добра захаваліся, і ў ёй неаднаразова праводзіліся рэстаўрацыйныя работы.
У XVIII стагоддзі пачаўся рост горада пад сценамі крэпасці, быў пабудаваны біскупскі палац, каменная Узнясенская царква, вялікая колькасць выдатных будынкаў. Аднак у XIX стагоддзі хуткі рост суседніх Веспрэма, Кестхея і Тапальцы ператварыў Шумег у невялічкае правінцыйнае мястэчка.