Эпігра́ма (стар.-грэч.: ἐπίγραμμα «надпіс») — невялікі сатырычны верш, які высмейвае якую-небудзь асобу ці грамадскую з'яву.
У антычную эпоху эпіграмай зваўся пасвячальны надпіс на статуях, алтарах і іншых прадметах, якія прысвячаюцца багам, і на надмагіллях (гл. эпітафія). Паступова фармаваліся тэматычныя разнавіднасці эпіграм сентэнцыйна-дыдактычных, апісальных, любоўных, застольных, сатырычных, урачыстых. Ад эпічных формаў паэзіі эпіграму адрознівала сцісласць і ярка выяўленае суб'ектыўнае стаўленне да падзеі ці факту. Пісалася эпіграма элегічным дыстыхам, пазней ямбам і іншымі памерамі. У форме эпіграм выражаліся разважанні Платона, Сафо пісала эпіграмы пра горыч ранняй страты, Анакрэонт — пра весялосць на балі. Да майстроў эпіграм адносяць Сіманіда Кеаскага, Асклепіяда, Мелеагра. Росквітам эпіграмы ў грэчаскай літаратуры была творчасць эліністычных паэтаў III стагоддзя да н.э. — I стагоддзя н.э. (якая склала ядро так званай «Палацінскай анталогіі» у 15 кнігах), у рымскай — сатырычная творчасць Марцыяла (I стагоддзе н.э.). Традыцыі антычнай эпіграмы працягваліся ў візантыйскай літаратуры і ў лацінскай літаратуры Сярэднявечча і Рэнесансу, пазней зрэдку адраджаліся («Венецыянскія эпіграмы» І. В. Гётэ).
Эпіграмы Марцыяла былі тэматычна блізкія да сатыр Ювенала. Да спадчыны Марцыяла ўзыходзіць сучаснае разуменне эпіграмы як кароткага кплівага верша, звычайна пабудаванага на кантрасце паступовай экспазіцыі і нечаканага завяршэння, заключнай «вастрыні» (пуант). Такога роду эпіграма склалася ў французскай паэзіі XVI — XVII стагоддзяў. Часам росквіту эпіграмы ў еўрапейскай літаратуры лічыцца XVIII стагоддзе (Вальтэр, Ж. Б. Русо, Г. Э. Лесінг, у Расіі — А. П. Сумарокаў). Паралельна развівалася эпіграма, якая прадстаўляе сабой непасрэдны водгук на надзённыя падзеі, часта палітычныя. Апроч названых, да майстроў вострых сатырычных эпіграм адносяць Ж. дэ Лафантэна і П. Д. Э. Лебрэна ў Францыі, Р. Бёрнса ў Англіі, Г. Гейнэ ў Германіі.