Юрка Віцьбіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Серафім Шчарбакоў |
Псеўданімы | Юрка Стукаліч, Алесь Крыжаніч |
Дата нараджэння | 2 (15) чэрвеня 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 студзеня 1975 (69 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, краязнавец |
Гады творчасці | 1929-1975 |
Мова твораў | Беларуская |
Дэбют | Млынова рука (Апавяданне, 1929) |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Юрка Віцьбіч, сапраўднае імя Серафім, або Георгій Аляксандравіч Шчарбакоў (2 (15) чэрвеня 1905, Веліж, Віцебская губерня, цяпер Расія — 6 студзеня 1975[1], Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША; Псеўданімы: Юрка Стукаліч; Алесь Крыжаніч) — беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст, краязнавец і дзеяч эміграцыі ў Амерыцы.
Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі — святар Аляксандар Стукаліч і Еўдакія з Паповых. Вучыўся ў 5-й Веліжскай школе. У родным горадзе скончыў педагагічны тэхнікум. Працаваць настаўнікам, аднак, не дазволілі — меў варожае савецкай уладзе сацыяльнае паходжанне. Служыў у войску, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты. У сярэдзіне 1930-я гады выехаў у Маскву, спачатку працаваў на будоўлі, пазней уладкаваўся на хімічную фабрыку. Уваходзіў у літаб'яднанне «Узвышша»[2]. У 1939 годзе прыняты ў СП СССР. Напярэдадні Другой сусветнай вайны жыў у Віцебску. У студзені 1941 года быў арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі.
Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі застаўся ў Віцебску. Прымаў удзел у беларускім культурным жыцці, праяўляў вялікую пісьменніцкую актыўнасць, яго творы былі друкаваны ў многіх часопісах. Быў членам так званага Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання. Выдае ў той час два зборнікі публіцыстыкі — «Вяліскія паўстанцы» і «Нацыянальныя Сьвятыні», выступаў у друку з артыкуламі па гісторыі Беларусі. Быў прызначаны рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса «Узвышша», ніводнага нумара якога так і не выйшла. У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай. Пасля 1943 года пераехаў з сям'ёй у Менск. У 1944 годзе выехаў на Захад.
У пасляваенны час жыў у Германіі. Рэдагаваў і выдаваў беларускі царкоўна-рэлігійны часопіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—1947). На старонках выдання асвятляў нацыянальна-рэлігійнае жыццё і дзейнасць беларускай праваслаўнай царквы ў Заходняй Еўропе. Працаваў над укладаннем хрэстаматыі «Рэлігія ў творчасці беларускіх пісьменнікаў». У 1946 годзе разам з Наталляй Арсенневай стварыў літаратурнае аб'яднанне «Шыпшына», старшынёй якога стаў. У 1946—1950 рэдагаваў друкаваны орган згуртавання — літаратурна-мастацкі часопіс «Шыпшына». Выдаваў бюлетэнь «Біс» («Беларуская інфармацыйная служба»). Са снежня 1948 — рэдактар грамадска-палітычнай газеты «Беларускае слова» (1948-49). Друкаваўся ў іншых СМІ, выступаў на Радыё «Свабода».
На пачатку 1950-х гадоў пераехаў у ЗША. Як публіцыст выступаў на старонках шэрагу беларускіх і рускіх эмігранцкіх перыядычных выданняў («Бацькаўшчына», Мюнхен; «Беларус», Нью-Ёрк; «Божым шляхам», Парыж-Лондан; «Новое русское слово», Нью-Ёрк).
Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.[3][4]
Дэбютаваў апавяданнем у 1929 (часопіс «Узвышша»). Аўтар кніг прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932), «Формула супраціўлення касцей» (1937). У эміграцыі выдаў кнігу гістарычных нарысаў «Плыве з-пад Святой гары Нёман»[5] (Мюнхен, 1956) і зборнік артыкулаў на рускай мове «Мы дойдём» (Нью-Ёрк, 1975). Надрукаваў у перыядычным друку шэраг апавяданняў. Актыўнасць праяўляў таксама ў галіне журналістыкі, шмат яго твораў было надрукавана ў «Беларусе», «Новым рускім слове».