Януш Радзівіл (2 снежня 1612, Папелі, Вількамірскі павет — 1655, Тыкоцін) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).
Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Літвы, Любчу ў Новагародскім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Мсціслаўскае і іншыя староствы[8]. Князь Свяшчэннай Рымскай Імперыі на Біржах і Дубінках.
З біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштафа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузен Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.
Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, у 16 гадоў выехаў дзеля навучання за мяжу. Працягваў адукацыю ў Лейпцыгскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах, наведаў Францыю і Англію.
У 1633 годзе, наняўшы ў Нідэрландах 1 тысячу пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[9]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 годзе пасаду польнага гетмана літоўскага, надзвычай паспяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 года разбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і без бітвы здабыў Кіеў.
Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасцямі, фінансаваў атрыманне адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.
У палітычных дачыненнях быў прыхільнікам ідэі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосці ў Вільні ў прысутнасці манарха кінуў польскім сенатарам: «Пагарды, столькі разоў праяўленай, літоўскі народ няздольны вытрымаць! Прыйдзе час, і палякі да дзвярэй не патрапяць, праз вокны іх выкідваць будзем»[10]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 годзе спрабаваў наладзіць кантакты са Швецыяй. Ненавідзеў караля Яна Казіміра. Стаўшы ў 1653 годзе ваяводам віленскім, а ў 1654 — вялікім гетманам, засяродзіў у сваіх руках практычна ўсю ўладу ў Вялікім Княстве.
Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у бітве пад Шкловам 12 жніўня 1654 года і паражэнне ў бітве пад Шапялевічамі 24 жніўня 1654 года. Паранены, ледзь пазбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей скіраваўся на Менск збіраць войска. У студзені 1655 года спрабаваў адбіць Магілёў.
Пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 года большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складанне уніі з шведскім каралём Карлам Густавам, якая была падпісаная 17 жніўня 1655 года ў Кейданах. Паводле гэтага дагавора Вялікае Княства Літоўскае выходзіла са складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў федэратыўны саюз з Швецыяй. Аднак акт Кейданскай уніі не быў ажыцёўлены. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай верных сіл ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, абложаны войскам Паўла Сапегі, адданым каралю. Неўзабаве памёр. Паводле некаторых звестак, быў атручаны, бо на целе выступілі плямы.
Пахаваны ў Кейданскім кальвінскім зборы.
Першы раз ажаніўся ў 1638 годзе з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 годзе з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Б. Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладанні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[8].
Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.
Я. Радзівіл — адзін з персанажаў гістарычнага раману польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).