Япона-рукюскія мовы

япона-рукюская сям'я
Таксон галіна / сям'я
Арэал Японія
Колькасць носьбітаў каля 125 млн чал.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

алтайская сям'я (гіпатэтычна)

япона-рукюскія мовы
Склад
японская мова,
рукюскія мовы,
гая
Коды моўнай групы
ISO 639-2 jpx
ISO 639-5 jpx

Япона-рукю́скія мовы — сям'я моў, якая ўключае ў свой склад японскую мову, распаўсюджаную на вялікіх астравах Японскага архіпелага, а таксама рукюскія мовы, распаўсюджаныя на астравах Рукю. Агульная мова-продак — праяпонска-рукюская[1], якая, паводле даследаванняў Сіра Хаторы, раздзялілася ў перыяд Ямата (250 — 710 гг. н.э.)[2].

Навуковыя даследаванні ўздымаюць рад нявырашаных пытанняў, звязаных з мовамі сям'і і яе паходжаннем[3]. Найбольш надзейныя этымалогіі адсочваюцца на поўдні Карэі, якія могуць паходзіць з мовы гая ці іншых слаба засведчаных моў[4].

Апрача гэтага, пры вывучэнні сям'і даследчык Крыстафер Бэквіт таксама ўлічваў тапанімічны матэрыял з поўдня Карэі як доказ прысутнасці япона-рукюскіх моў на гэтых тэрыторыях у старажытнасці[5], у прыватнасці пракарская мова; аднак невядома, наколькі гэтая мова была звязана з мовай пазнейшага племяннога саюза Гая, існаваўшага на поўдні Карэі.

Пытанне сувязі япона-рукюскай сям'і з іншымі мовамі або моўнымі таксонамі застаецца спрэчным. На цяперашні час існуе некалькі гіпотэз, ніводная з якіх, аднак, не з'яўляецца агульнапрынятай. Больш таго, паводле кансерватыўных поглядаў, рукюскія мовы лічацца дыялектамі японскай мовы — з гэтай прычыны япона-рукюскія мовы могуць разглядацца як адзіная японская мова, а японская мова праз гэта — як мова-ізалят. Традыцыйна япона-рукюскія мовы лічацца адасобленай моўнай сям'ёй.

Выказваюцца гіпотэзы пра сувязь япона-рукюскіх моў з адной са старажытных моў Карэйскага паўвострава — кагуроскай мовай, якая ў сваю чаргу можа мець сувязі са старакарэйскай мовай. Тым не менш, паводле іншых меркаванняў, япона-рукюскія і карэйская мовы могуць незалежна ўваходзіць у склад алтайскае моўнай сям'і. Ступень магчымасці атаясамлівання старакарэйскай і сучаснай карэйскай на цяперашні час невядомая.

Кагуроская гіпотэза

[правіць | правіць зыходнік]

Гіпотэза аб існаванні сувязей паміж японскай і кагуроскай мовамі ўзыходзіць да 1916 года, калі Сінмура Ісудзу звярнуў увагу на падабенства кагуроскіх лічэбнікаў 3, 5, 7, 10 на тыя ж лічэбнікі ў японскай мове. Паводле гэтай гіпотэзы, японская з'яўляецца роднаснай вымерлым мовам, у мінулым распаўсюджаным у Карэі і паўночна-ўсходнім Кітаі і носьбітамі якіх былі прадстаўнікі пуёска-кагуроскае культуры. Найбольш задакументаванай з гэтых моў з'яўляецца кагуроская; зрэшты, апалагеты гіпотэзы таксама сцвярджаюць пра сваяцтва з менш засведчанымі пуёскімі мовамі — пэкчэ і пуё.

Манаграфія К. Бэквіта ўстанавіла каля 140 лексічных адзінак у лексічным корпусе кагуроскай мовы. Большасць з іх — часткі тапонімаў, якія змяшчаюць некаторыя марфемы (напрыклад, паказчык роднага склону -no і прыметнікавы паказчык -sa, якія, між іншым, маюць паралелі ў японскай мове), частка з іх можа паказваць сінтаксічныя адносіны. На думку Бэквіта большасць выяўленых кагуроскіх лексічных адзінак мае этымалагічную сувязь з японскай мовай.

Карэйская гіпотэза

[правіць | правіць зыходнік]

Брытанскі ўсходазнавец Уільям Джордж Астан[6] у 1879 годзе ў часопісе Каралеўскага азіяцкага Таварыства выказаў гіпотэзу аб сваяцтве японскай мовы з карэйскай, у 1910 годзе гіпотэза была падтрымана японскім даследчыкам Шасабура Канадзавам, таксама ў XX ст. падобную гіпотэзу падтрымалі і іншыя даследчыкі[7]. Істотныя аргументы на карысць роднасці дзвюх моў былі прадстаўлены амерыканскім мовазнаўцам і спецыялістам па карэйскай і японскай мовах Сэмюэлам Марцінам, пазней таксама і ў іншых публікацыях. У падтрымку гэтай гіпотэзы таксама выступаюць Джон Уітмен, Барбара Э. Райлі і Сяргей Старасцін, які здолеў прадаставіць адпаведныя лексікастатыстычныя даследаванні[8]. Варта адзначыць, што гіпотэза сваяцтва карэйскае і японскае моў не выключае сувязей японскай мовы (а значыць, і астатніх японска-рукюскіх моў як роднасных японскай) з кагуроскай або алтайскімі.

Кароткія прыклады лексічных паралелей у японскай і карэйскай мовах[9]:

Параўнанне
Стараяпонская Японская Пераклад Сярэднекарэйская Карэйская Пераклад
midu mizu вада myr mul вада
midu mizu вада mos mot ~ mos- сажалка
ki, ku, ko ki(te), ku(ru), ko(nai) прыходзіць ga- ga- ісці
kata- kata- станавіцца цяжкім gut- gut- станавіцца цяжкім
wi- i- сядзець (стараяпонская)
быць (у вызначаным месцы, пра адушаўлёны прадмет)
i- (пасля кораня, які заканчваецца на зычны) ~ няма гука (пасля кораня, які заканчваецца на галосны) i- (пасля кораня, які заканчваецца на зычны) ~ няма гуку (пасля кораню, які заканчваецца на галосны) быць (звязка)
nap- na- няма, адсутнічае ani ani, an не
mïna mina усё, усе man-hɔ- manh- шмат
kasa kasa капялюш
парасон
gat gat ~ gas- кат
(традыцыйны карэйскі капялюш)

Словы з падобнай этымалогіяй таксама назіраюцца і ў іншых мовах гіпатэтычнай алтайскай сям'і, асабліва ў тунгуса-маньчжурскіх мовах (параўн. з нанайскім muke — «вада», giagda- — «хадзіць пешшу»; anaa, anna — «не»[10]). Поруч з лексічнымі падабенствамі гіпотэза таксама грунтуецца на тыпалагічных і граматычных падабенствах.

Некаторыя крытыкі гэтай гіпотэзы (напрыклад, Аляксандр Вовін) сцвярджаюць пра цяжкасці пры ўсталяванні дакладных фанетычных законаў і пра наяўнасць агульных інавацый у японскай і карэйскай. Існуюць таксама выразныя адрозненні паміж японскай і карэйскай сістэмамі злічэння.

Ідэя японска-карэйскага адзінства не заўсёды карэлюе з гіпотэзай пра існаванне алтайскай моўнай сям'і. Так, Сэмюэл Марцін, адзін з асноўных прыхільнікаў гіпотэзы, выказвае толькі асцярожную падтрымку далучэння абедзвюх моў да алтайскай моўнай сям'і; алтаіст Талат Тэкін уключае ў алтайскую моўную сям'ю толькі карэйскую, не робячы гэтага для японскай[11].

Алтайская гіпотэза

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле прыхільнікаў існавання алтайскай моўнай сям'і, тунгуса-маньчжурскія, цюркскія і мангольскія мовы складаюць алтайскую моўную сям'ю.

Г. Рамстэт у сваёй працы «Уводзіны ў алтайскую лінгвістыку» (Einführung in die altaische Sprachwissenschaft) уключаў карэйскую мову ў склад алтайскай сям'і. Рой Эндру Мілер у сваім даследаванні «Японская і іншыя алтайскія мовы» (Japanese and the Other Altaic Languages) у склад алтайскіх моў уключаў таксама і японскую. Найбольш важнай з нядаўніх прац на карысць пашырэння алтайскай сям'і з'яўляецца этымалагічны слоўнік алтайскіх моў аўтарства С. Старасціна, А. Дыбо і А. Мудрака, які выйшаў у 2003 годзе.

Алтайская сям'я не з'яўляецца агульнапрынятай і сама можа ўключаць розную колькасць моў (цюркскія, мангольскія і тунгуса-маньчжурскія мовы або тыя ж мовы разам з карэйскай і японскай).

Доказамі роднасці японскай (а значыць, і япона-рукюскіх — з прычыны ўваходжання японскае ў склад япона-рукюскіх) з'яўляюцца некаторыя паралелі ў лексыцы, разам з гэтым рабіліся спробы рэканструкцыі некаторых суфіксаў[12]:

Японская Турэцкая[заўв 1] Пераклад Заўвагі
take 岳 (*taka) dağ (*dāg) гара
i-, yo- (*yə) yeğ (*yęg) добры
isi 石 (*isi) taş (*diāĺ) камень
yo 四 (*yə) dört (*dȫrt) чатыры
kura 鞍 (*kura) kürtün (*kürtün) сядло
yak- (*yak-) yak- (*yak-) гарэць Турэцкае yak- з'яўляецца пераходным дзеясловам, непераходны адпаведнік — yan-
kir- (*kir-) kır- (*Kır-) рэзаць Турэцкае kır- мае крыху іншае значэнне і азначае «ламаць», «дзяліць», «рэзаць [дрэва]», «складваць», «знішчаць» і г.д.; для значэння рэзаць больш пасуе дзеяслоў kes-.
inu 犬 (*inu) it (*ıt ~ it) сабака параўн. з маньчжурскім indahŭn, нанайскім ida, айнскім seta, чэджускім gaŋsæŋi — «шчанюк»
kuro 黒 (*kurua) kara (*Kara) чорны параўн. з айнскім kur — «цень», *kur-nekunne «чорны, цёмны»
so-re それ (*sə) şu (*-sı) гэты Турэцкі прыналежны суфікс трэцяй асобы
nani 何 (*nV) ne, neme (*nē-) што параўн. з айнскім ne (пытальная аснова) як у nep — «што», nen — «хто, каго»; карэйскім nugu — «хто, каго»

Гіпотэзы настратычнай і еўраазіяцкай макрасямей

[правіць | правіць зыходнік]

У 1897 годзе нямецкі індолаг Герман Якабі выказаў здагадку аб роднасці японскай мовы з алтайскімі і дравідыйскімі[13], ён жа адзначыў і структурныя падабенствы з праіндаеўрапейскай мовай[14]. Прадпрымаліся і іншыя спробы знайсці сувязі паміж японскай і індаеўрапейскімі мовамі, якія, аднак, не сталі шырока прызнанымі[15][16]. Джозеф Грынберг прапаноўваў уключэнне японскай мовы ў гіпатэтычную еўраазіяцкую моўную сям'ю. У адрозненне ад Сяргея Старасціна, ён выступае супраць далучэння карэйскай мовы ў склад алтайскіх і аб'ядноўвае япона-рукюскія, карэйскія і айнскую мовы ў якасці асобнага таксона ўнутры еўраазіяцкае моўнай сям'і.

У адрозненне ад Грынберга, значная колькасць лінгвістаў адмаўляецца ад гіпотэзы існавання еўраазіяцкае моўнай сям'і.

Іншыя гіпотэзы

[правіць | правіць зыходнік]

Фаналагічныя падабенствы і геаграфічная блізкасць японскай мовы да аўстранезійскіх моў далі падставу некаторым лінгвістам прапанаваць тэорыю пра своеасаблівы характар японскай мовы як крэольскай мовы, якая ўзнікла праз аб'яднанне алтайскага суперстрату і аўстранезійскага субстрату. Радзей сустракаецца гіпотэза пра сувязь японскай мовы з дравідыйскімі, якая, між іншым, узнімалася Робертам Колдуэлам, Сусуму Сібам, Акіра Фудзіварам і Сусуму Она.

  1. Як адна з цюркскіх моў.
  1. Miyake, Marc Hideo. Old Japanese: a Phonetic Reconstruction. — 2008. — С. 66.
  2. Heinrich, Patrick. "What leaves a mark should no longer stain: Progressive erasure and reversing language shift activities in the Ryukyu Islands," Архівавана 16 мая 2011. First International Small Island Cultures Conference at Kagoshima University, Centre for the Pacific Islands, February 7–10, 2005; citing Shiro Hattori. (1954) Gengo nendaigaku sunawachi goi tokeigaku no hoho ni tsuite ("Concerning the Method of Glottochronology and Lexicostatistics"), Gengo kenkyu (Journal of the Linguistic Society of Japan), Vols. 26/27.
  3. Blench, Roger M. 2 // Archaeology and language. — С. 201.
  4. Christopher I. Beckwith. Empires of the Silk Road: A History of Central Eurasia from the Bronze Age to the Present. — Princeton University Press, 2009. — С. 105. — ISBN 978-0-691-13589-2.
  5. Christopher Beckwith. Koguryo, the Language of Japan's Continental Relatives. — 2007. — С. 27-28.
  6. http://www.eai.cam.ac.uk/Aston-and-Korea.pdf Архівавана 29 мая 2008.
  7. Poppe 1965:137
  8. Алтайская проблема и происхождение японского языка, М.:, 1991
  9. Выкарыстаныя, у прыватнасці, матэрыялы паводле С. Марціна, 1966 г.
  10. Звесткі паводле С. Старасціна.
  11. Georg et al. 1999:72, 74
  12. Паводле http://starling.rinet.ru/cgi-bin/query.cgi?root=config&basename=\data\alt\altet
  13. Compositum und Nebensatz, ст. 106–131
  14. Proto-Indo-European Syntax: 3.1. Attributive Modifiers Архівавана 22 студзеня 2015., Winfred P. Lehmann
  15. A resemblance in sounding and semantics of a number of linguistic units in the Japanese and Indo-European languages Архівавана 21 кастрычніка 2004., V.L. Serdyuk
  16. Japanese Concordances with Indo-European (IE) Languages Архівавана 27 снежня 2013., Gretchen E. Leonhardt
  • Miyake, Marc Hideo. (2003). Old Japanese: a Phonetic Reconstruction. London: RoutldegeCurzon. 10-ISBN 0415305756/13-ISBN 9780415305754; OCLC 51163755
  • Shimabukuro, Moriyo. (2007). The Accentual History of the Japanese and Ryukyuan Languages: a Reconstruction. London: Global Oriental. 10-ISBN 190190363X/13-ISBN 9781901903638; OCLC 149189163
  • Aston, William George. 1879. „A comparative study of the Japanese and Korean languages.” Journal of the Royal Asiatic Society of Britain and Ireland, New Series 11, 317-364.
  • Beckwith, Christopher I. 2004. Koguryo: The Language of Japan's Continental Relatives: An Introduction to the Historical-Comparative Study of the Japanese-Koguryoic Languages. Leiden: Brill.
  • Beckwith, Christopher I. 2006a. „Methodological observations on some recent studies of the early ethnolinguistic history of Korea and vicinity.” Altai Hakpo 16, 199-234.
  • Beckwith, Christopher I. 2006b. „The ethnolinguistic history of the early Korean peninsula region: Japanese-Koguryoic and other languages in the Koguryo, Paekche, and Silla kingdoms.” Архівавана 26 лютага 2009. (ст. 33 ff.) Journal of Inner and East Asian Studies 2.2, 34-64.
  • Benedict, Paul K. 1990. Japanese/Austro-Tai. Ann Arbor: Karoma.
  • Caldwell, Robert. 1875. A Comparative Grammar of the Dravidian or South-Indian Family of Languages, second edition. London: Trübner.
  • Georg, Stefan, Peter A. Michalove, Alexis Manaster Ramer, and Paul J. Sidwell. 1999. „Telling general linguists about Altaic.” Journal of Linguistics 35, 65-98. Cambridge: Cambridge University Press.
  • Kanazawa, Shōsaburō. 1910. The Common Origin of the Japanese and Korean Languages. Tokyo: Sanseidō.
  • Miller, Roy Andrew. 1971. Japanese and the Other Altaic Languages. Chicago: University of Chicago Press.
  • С. Старостин. Алтайская проблема и происхождение японского языка. — М.: Наука, 1991.