Браніслаў Камароўскі | |
польск. Bronisław Komorowski | |
Браніслаў Камароўскі | |
Прэзыдэнт Польшчы | |
---|---|
6 жніўня 2010 — 6 жніўня 2015 | |
Прэм’ер-міністар: | Дональд Туск |
Папярэднік: | Лех Качынскі |
Наступнік: | Анджэй Дуда |
Маршалак Сойму | |
5 лістапада 2007 — 8 ліпеня 2010 | |
Прэзыдэнт: | Лех Качынскі |
Наступнік: | Гжэгаж Схятына |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
4 чэрвеня 1952[1][2][3] (72 гады) |
Партыя: | Грамадзянская Плятформа (з 2001) |
Сужэнец: | Анна Камароўская (Дэмбоўская) |
Бацька: | Зыгмунт Камароўскі[d] |
Маці: | Ядзьвіга Камароўская[d] |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Брані́слаў Мары́я Камаро́ўскі (польск. Bronisław Maria Komorowski; нар. 4 чэрвеня 1952 году ў Абарніках Сьлёнскіх)[4] — польскі палітык, прэзыдэнт Польшчы (2010—2015).
Нарадзіўся ў сям’і графа Зыгмунта Леона Камароўскага гербу Корчак, прафэсара афрыканістыкі, ды Ядвігі з Шалькоўскіх[5]. Яго сям’я паходзіць з тэрыторыі сучаснай Летувы, з маёнтку Кавалішкі. Як сам паведаміў, яго дзед, Юлюш Камароўскі, служыў у царскай арміі, а за часам рэвалюцыі разам з групай палякаў і расейцаў захапіў ля Пермі судна, каб па Волзе патрапіць да мора. Уцякаючы, адстрэльваліся аднолькава як ад бальшавікоў, так і ад белагвардзейцаў[6].
Браніслаў Камароўскі шмат гадоў быў зьвязаны з рухам скаўтаў, быў інструктарам. У 1977 годзе скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. За студэнцкім часам уваходзіў у студэнцкі гурток, быў яго старшынём. У 1977—1980 гадох стажыраваўся ў рэдакцыі каталіцкай газэты.
За часам ПНР дзейнічаў у апазыцыі. Быў выдаўцом газэты, у 1980 годзе сядзеў у турме за падрыхтоўку маніфэстацыі. За часам ваеннага становішча быў інтэрнаваны. Пасьля, да 1989 году быў настаўнікам у ніжэйшай духоўнай сэмінарыі ў Непакалянаве.
У 1989—1990 гадох зьяўляўся дырэктарам кабінэту міністра ў адміністрацыі савету міністраў. У 1990—1993 гадох быў намесьнікам міністра нацыянальнай абароны, ў 2000—2001 гадох быў міністрам нацыянальнай абароны. З 1991 да 2007 году выбіраўся дэпутатам Сойму, у 2005—2007 гадох быў намесьнікам маршалка Сойму, а ў 2007 году стаў маршалкам Сойму.
Па прычыне сьмерці Леха Качыньскага, з 10 красавіка 2010 году выконваў абавязкі прэзыдэнта Польшчы. 4 ліпеня 2010 году абраны прэзыдэнтам, уступіў ва ўрад 6 жніўня. У 2015 году балятаваўся ў чаргавых прэзыдэнцкіх выбарах. У другім туры ягоным супернікам быў Анджэй Дуда, і ў выніку ня быў пераабраны.
Доктар honoris causa Унівэрсытэту Мыкаляса Рамэріса ў Вільні (2008).