Нарадзіўся Самуіл Плаўнік у беднай габрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец (цяпер Лагойскі раён Менскай вобласьці). Бацька яго быў арандатарам, дробным гандляром, пазьней працаваў аканомам у купца-лесапрамыслоўца, любіў музыку — граў на скрыпцы.[3] Маці шыла каптуры для жыхароў мястэчка і навакольля. Дзед Самуіла працаваў рамесьнікам-меднікам, меў уласную бібліятэку. У пісьменьніка была сястра Марыля, браты Мацьвей і Ізраіль.
Нягледзячы на беднасьць, бацькі Самуіла клапаціліся, каб сын атрымаў хаця б якую-небудзь адукацыю. Спачатку ён навучаўся ў хэдэры — габрэйскай школе, потым у ешыбоце — габрэйскай духоўнай сэмінарыі. І хаця з-за жыцьцёвых абставінаў не заўсёды будучы пісьменьнік мог навучацца рэгулярна, а ешыбот і ўвогуле самавольна кінуў, не давучыўшыся да канца, ён, дзякуючы ўласнай настойлівасьці, атрымаў дастатковую адукацыю, каб пачаць працаваць хатнім настаўнікам[3]. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, расейскую і крыху польскую мовы. Пасьля настаўніцтва працаваў пісьмаводам-канторшчыкам у бацькі на лесараспрацоўках.
Яшчэ хлопчыкам З. Бядуля складаў вершы на старажытнагабрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасьці лічыцца 1907 г., калі ён пачаў пісаць вершы на расейскай мове і пасылаць іх у пецярбурскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. У 1909 г. будучы пісьменьнік знаёміцца з газэтай «Наша Ніва», у 1910 г. наладжвае зь ёю сувязь і становіцца карэспандэнтам.[3] У «Нашай Ніве» ўбачыў сьвет і першы друкаваны мастацкі твор З. Бядулі. У 1912 г. пісьменьнік пакідае свой родны Пасадзец, пераяжджае ў Вільню і ўладкоўваецца ў «Нашу ніву». У 1914 г., за рэдактарствам Янкі Купалы, становіцца адказным сакратаром газэты.[4] Апавяданьні, напісаныя Зьмітраком Бядулям у тыя гады, сталі клясыкай беларускай літаратуры.
З-за набліжэньня фронту газэта закрываецца (лета 1915 г.), і З. Бядуля вяртаецца ў Пасадзец, але хутка разам зь сям’ёй накіроўваецца ў Менск, дзе ўладкоўваецца ў «Беларускі камітэт пацярпелых ад вайны». У будучай сталіцы сустракае лютаўскую рэвалюцыю і кастрычніцкі пераварот. З 1917 па 1920 гады супрацоўнічае з газэтамі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь».
З 1920 па 1926 гады З. Бядуля працуе загадчыкам літаратурна-крытычнага аддзелу газэты «Савецкая Беларусь». У пэрыяд з 1921 па 1923 гады яшчэ й рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі». З 1926 году пісьменьнік пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры, а адначасова з гэтым на працягу нейкага часу рэдагуе краязнаўча-этнаграфічны часопіс «Наш край».
Зьмітрок Бядуля і Якуб Колас у дзень узнагароджаньня ордэнамі. 1939 год.Дом на вул. Рабкораўскай, дзе жыў Зьмітрок Бядуля.
У маладосьці Зьмітрок Бядуля быў блізкі да сымбалістаў, але элемэнты сымбалізму ў яго творчасьці грунтаваліся на беларускай глебе, фальклёрна-міталягічных вытоках.
Пачатак літаратурнага шляху Бядулі быў няпросты. Першыя паэтычныя спробы не знаходзілі той падтрымкі і разуменьня, якія б маглі натхніць маладога паэта. Пад яго паасобнымі вершамі стаіць дата: 1909 або 1910 год. Але ні адзін зь іх ня трапіў у «Нашу ніву» ні ў тым, ні ў наступным годзе. Толькі ў 1911 г. пабачыў сьвет яго першы паэтычны твор — «Мой сьпеў». Апрача яго за ўвесь гэты год аўтар апублікаваў усяго толькі дзьве карэспандэнцыі. Але малады паэт не спыняў творчую працу і, нарэшце, яго імя ўсё часьцей пачало зьяўляцца на старонках друку. Гэта адбылося ўжо ў 1912, 1913 і асабліва ў пазьнейшыя гады.[4]
Да раньняй лірыкі З. Бядулі адносіцца яго першы зборнік імпрэсіяністычных замалёвак «Абразкі» (1913), якія толькі адсутнасьцю рыфмы адрозьніваюцца ад вершаў. Ён быў апублікаваны ў 1913 г. у Пецярбургу, у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».[4] У большасьці сваіх імпрэсій пісьменьнік зьвяртаўся да прыроды, імкнуўся супрацьпаставіць убогаму вясковаму жыцьцю яе вечна маладую, зьменлівую прыгажосьць. Сапраўднай клясыкай у гісторыі беларускай літаратуры сталі апавяданьні З. Бядулі, напісаныя ў гэтыя ж гады: «Пяць лыжак заціркі» (1912), «Маладыя дрывасекі» (1914), «На каляды к сыну» (1913), «Велікодныя яйкі» (1913), «Летапісцы» (1914). У 1923 г. яны ўвайшлі ў першую кнігу апавяданьняў З. Бядулі «На зачарованых гонях». У гэтых апавяданьнях пісьменьнік малюе тагачаснае цяжкае вясковае жыцьцё, часта без надзеі на будучае. Героі многіх апавяданьняў — дзеці, якія галадаюць, ня маюць магчымасьці разьвіваць свае здольнасьці, паміраюць.
У 1920—1930 гг. З. Бядуля працягваў літаратурную дзейнасьць. Цяпер малавядомыя ваяцкія песьні і патрыятычныя вершы, уключаныя ў зборнік «Пад родным небам» (1922), якія пазьней не друкаваліся. Гэта публіцыстычныя, грамадзянскія вершы-заклікі, санэты патрыятычнага гучаньня. У той час З. Бядуля напісаў некалькі паэм: «Беларусь», «У ясных Крушнях», «З сказаў буры і віхуры», «Дзед», у якіх супрацьпастаўляў цяжкае дарэвалюцыйнае жыцьцё новаму — сьветламу і шчасьліваму. Пісьменьніка цікавіла вусная народная творчасьць, міталёгія, этнаграфія, краязнаўства. Як народная легенда была пазначана яго паэма «Госьць», напісаная на аснове народнага паданьня і ўключаная ў зборнік «Паэмы» (1927). Цалкам на этнаграфічным і фальклёрным матэрыялах створана паэма З. Бядулі «Ярыла». На фальклёры Палесься напісана паэма «Палескія былі». Пытаньням этнаграфіі і фальклёру прысьвяціў ён шэраг артыкулаў, а ў 1924 г. выдаў асобную кнігу «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках». Адметнай зьявай стала аповесьць З. Бядулі «Салавей» (1927), прысьвечаная мінуўшчыне, часам прыгоннага права. Па матывах аповесьці ў 1939 г. быў пастаўлены балет «Салавей». Пасьля гэтай аповесьці і адначасова зь ёю выходзілі зборнікі апавяданьняў З. Бядулі «Апавяданьні» (1926), «Дэлегатка» (1928), «Незвычайныя гісторыі» (1931). Незайздросны лёс быў у сацыяльна-псыхалягічнага рамана «Язэп Крушынскі» (1929—1932). Тагачасная крытыка папракала аўтара за слабую ідэйнасьць твора, недастатковае адлюстраваньне клясавай барацьбы, калектывізацыі. Пісьменьнік цяжка перажываў нападкі крытыкі.
У канцы 1930-х гадоў Зьмітрок Бядуля напісаў дзьве аўтабіяграфічныя аповесьці «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). Апошнім яго творам стала аповесьць-казка «Сярэбраная табакерка» (1940). Упершыню яна цалкам была надрукавана толькі ў 1953 г. У аснове сюжэта аповесьці матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў сьмерць, запазычаныя з фальклёрных запісаў А. Сержпутоўскага. З народнай казкі З. Бядуля зрабіў філязофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцьця і сьмерці.
Пераклаў зь ідыш на беларускую мову аповесьць Шалома-Алейхэма «Хлопчык Мотка» (1930), раман С. Годынэра «Чалавек зь вінтоўкай» (1933), кнігу С. Каган «Апавяданьні» (1940), паасобныя вершы Т. Шаўчэнкі, Ю. Будзяка.
Шмат твораў і зборнікаў выйшлі пасьля сьмерці і ў пасьляваенныя гады: «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданьні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданьні), асобныя вершы, казкі.
Przed wybuchem / Zmitrok Biadula. — Mińsk: PWB, Sektor Mniejszości Narodowych, 1935. — 259 с.
Збор твораў у 4-х тамах 1951—1953 г
Збор твораў: У 5т. / Рэд. І. Я. Навуменка. — Мн.: Маст.літ., 1986.
У в. Пасадзец (панадворак школы імя Бядулі) знаходзіцца музэй, дзе захоўваецца аўтограф З. Бядулі на рамане «Язэп Крушынскі» 1933 году[24]. Таксама музэй З. Бядулі ёсць ва Уральску ў Казахстане[25].
У аграгарадку Ільля ў красавіку 2016 году была ўрачыста адкрытая мэмарыяльная дошка, прысьвечаная Бядулю.
Імя Зьмітрака Бядулі носяць плошча ў Менску, вуліцы ў Менску, Віцебску, Маладзечне і Жабінцы.
Зьмітрок Бядуля памёр у эвакуацыі і быў пахаваны ў казахстанскім горадзе Уральску. Эксгумацыя парэшткаў прайшла ў лютым 2020 году, прах самалётам даставілі ў Беларусь, затым ён захоўваўся з бласлаўленьня мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. 3ь лістападу 2020 году, у 79-ю гадавіну сьмерці пісьменьніка, парэшткі даставілі ў Менск. Шыльды, літары з надмагільля таксама прывезьлі ў Беларусь і перадалі ў філіял Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры — «Беларускую хатку». Прах Змітрака Бядулі ўрачыста перапахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках[26].
Іна Каліта Мова твораў Змітрака Бядулі як фразеалагічная скарбонка. // Svět v obrazech a ve frazeologii — World in Pictures and in Phraseology. Praha: Univerzita Karlova, 2017, с. 129—143.
Іна Каліта Эмацыянальная насычанасць як мастацкі сродак. // Rejestr emocjonalny języka, Siedlce: Akademie Podlaská, 2009, s. 51-54.