Джон Крэйг Вэнтэр (па-ангельску: John Craig Venter; нар. 14 кастрычніка 1946, Солт-Лэйк-Сіці, Юта, ЗША) — біятэхноляг і прадпрымальнік ЗША. Вядомы як адзін зь першых удзельнікаў расшыфраваньня чалавечага геному і арганізатар першай каманды па трансфэкцыі(d) вузы сынтэтычнай храмасомай. Уключаны ў сьпіс найбольш уплывовых асобаў сьвету паводле часопісу Time у 2007 і 2008 роках.
Нарадзіўся ў сям’і Лізаветы і Джона Вэнтэра. Скончыў школу ў Мілбрэі. Ягоны бацька заўчасна памёр у 59-гадовым веку ад спыненьня сэрца.
Крэйг пайшоў у войска ў часе Віетнамскай вайны і служыў шпітальным санітарам(d) ВМС ЗША ў Данангу (Паўднёвы Віетнам). Вайну, аднак, не падтрымліваў і спрабаваў утапіцца, аднак перадумаў ужо заплыўшы далёка ў мора. Досьвед службы падштурхнуў яго да вывучэньня мэдыцыны, хоць пазьней ён перавёўся на біямэдыцыну ва ўнівэрсытэт Каліфорніі ў Сан-Дыега. У 1972 року атрымаў бакаўляра навук у біяхіміі, у 1975 — доктара філязофіі ў фізыялёгіі і фармакалёгіі.
Працаваў асацыяваным, а пазьней поўным прафэсарам ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрку ў Бафала (Нью-Ёрк). У 1984 уладкаваўся ў Нацыянальныя інстытуты здароўя. Займаўся расшыфроўваньнем чалавечага геному. З гэтай мэтай запачаткаваў прыватную кампанію Celera Genomics, якая стала адной зь першых нароўні з публічным праектам «Чалавечы геном(d)» у сэквэнсаваньні чалавечага геному(d). У 2000 року абедзьве кампаніі адначасна паведамілі пра расшыфраваньне, а праз год апублікавалі свае вынікі ў часопісах «Nature» (Праект чалавечага геному) і «Science» (Celera). У 2002 року карпарацыя «Celera» звольніла Крэйга Вэнтэра з працы праз канфлікт з асноўным інвэстарам.
У 2007 року група навукоўцаў апублікавала адзін зь першых геномаў чалавека — усе ДНК-пасьлядоўнасьці самога Крэйга Вэнтэра. Публікацыя зьмяшчала толькі 3 мільярды асноваў(d), а ня 6 мільярдаў поўнага дыплёіднага набору. Цікава было тое, што аўтары паспрабавалі разьдзяліць два гаплятыпы(d) (дзьве копіі кожнай храмасомы). А яшчэ ў геноме Вэнтэра выявілі ДНК-пасьлядоўнасьці, зьвязаныя з вушной серкай(d), павышанай рызыкай антысацыяльных паводзінаў, хваробы Альцгаймэра і сардэчна-судзінных захворваньняў.
У 2005 навуковец заснаваў фірму Synthetic Genomics па вытворчасьці чыстага паліва(d) і біяхімікатаў(d) з выкарыстаньнем мадыфікаваных мікраарганізмаў. У 2010 року група навукоўцаў кампаніі на чале з Вэнтэрам паведамілі пра стварэньне першага «сынтэзаванага жыцьця(d)», а фактычна вельмі доўгай ДНК-малекулы з поўным геномам бактэрыі, якую пасьля ўставілі ў іншую вузу. У ДНК аднавузавага арганізму дадалі 4 «вадзяныя знакі» дзеля ідэнтыфікацыі яго як сынтэтычнага:
Штучны арганізм назвалі мікаплязмай лябараторнай(d), ці Сынтыяй. У 2016 року Крэйг Вэнтэр паведаміў пра стварэньне 3-й вэрсіі Сынтыі з усяго 473 генамі, што найменш з усіх жывых арганізмаў. Дзеля гэтага з геному былі выразаныя ўсе неістотныя гены, каб пакінуць толькі неабходныя для падтрымкі жыцьця.
У 2018 року Вэнтэр сышоў з пасады старшыні рады Synthetic Genomics, каб сфакусавацца на працы ва ўласным інстытуце(d), заснаваным у 2006 року. Інстытут Джона Крэйга Вэнтэра (ІДКВ) займаецца дасьледаваньнямі ў галіне сынтэтычнай біялёгіі. У 2022 року заснавальнік прадаў яго Каліфарнійскаму ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега
У 2014 року Крэйг Вэнтэр разам зь Пітэрам Дыямандысам(d) і Робэрт Гарыры(d) заснавалі кампанію «Працягласьць чалавечага жыцьця(d)», якая займаецца працягненьнем здаровага і якаснага жыцьця. У 2014—2018 роках Вэнтэр займаў пасаду старшыні і галоўнага выканаўчага дырэктара фірмы. У 2018 кампанія падала на яго пазоў, абвінаваціўшы ў выкраданьні камэрцыйных тайнаў. Суд адкінуў абвінавачваньне як бяздоказнае.
Крэйг Вэнтэр напісаў тры кнігі: Раскадаванае жыцьцё, Жыцьцё з хуткасьцю сьвятла, Падарожжа Чараўніка II: Экспэдыцыя, якая раскрыла сакрэты акіянскага мікрабіёму. Апошняя кніга распавядае пра экспэдыцыю па зьбіраньні ўзораў у Сусьветным акіяне — 15-гадовым зборы мікробаў і расышыфраваньні іхняга ДНК.
У першым шлюбе з Барбарай Рэй-Вэнтэр(d) мелі сына Крыстафэра. Пасьля нядоўгага шлюбу другі раз жаніўся з Клэр Фрэйзэр(d), у 2005 разьвяліся. У 2008 року трэці раз пабраўся шлюбам з Гізэр Кавальскай. Жывуць у Ля-Хоі(d) (Сан-Дыега, Каліфорнія). Валодае яшчэ ранчам у Барэга-Спрынгс(d) і яшчэ двума дамамі ў Мэне.
Крэйг Вэнтэр — атэіст.