Тадэвуш Далэнга-Мастовіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 жніўня 1898[1][2]
|
Памёр | 20 верасьня 1939[1] (41 год) або 22 верасьня 1939[3] (41 год)
|
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналіст, пісьменьнік, сцэнарыст |
Гады творчасьці | з 1930 |
Мова | польская мова[4] |
Подпіс | |
Тадэ́вуш Далэ́нга-Масто́віч (па-польску: Tadeusz Dołęga Mostowicz; 10 жніўня 1898 — 20 верасьня 1939) — польскі і беларускі пісьменьнік, празаік, які шмат гадоў жыў і пісаў у Глыбокім.
Нарадзіўся ў вёсцы Акунёва на Віцебшчыне (цяпер на тэрыторыі Глыбоцкага раёну). Да 1917 году вывучаў права ў Кіеве, у гэты час быў сябрам кансьпірацыйнай Польскай вайсковай арганізацыі. Па прыезьдзе ў Варшаву ахвотнікам уступіў у войска, прымаў удзел у польска-бальшавіцкай вайне. У 1922—1926 гадах быў супрацоўнікам, а пазьней рэдактарам часопіса «Rzeczpospolita». Як фэльетаніст выкарыстоўваў псэўданім C. hr. Zan. (Ц. хр. Зан).
Прымаў удзел у верасьнёвай кампаніі 1939 году. Трагічна загінуў пры невядомых акалічнасьцях падчас заняцьця Чырвонай Арміяй мястэчка Куты.
Аўтар раманаў «Апошняя брыгада» (друкаваў у частках у 1930 годзе, кніжнае выданьне ў 1932 годзе), «Кар’ера Нікадэма Дызмы» (1932), «Ківоны» (друкаваў у частках у 1932 годзе, кніжнае выданьне ў 1987 годзе), «Пракуратар Аліцыя Хорн» (1933), «Доктар Мурэк ануляваны» і «Другое жыцьцё доктара Мурка» (1936), «Знахар» (1937), «Прафэсар Вільчур» (1939), «Дзёньнік пані Ханкі» (1939).
Паводле сюжэту «Знахара» ў 1937 годзе быў зьняты фільм з аднайменнай назвай. У 1981 годзе была зробленая другая экранізацыя раману «Знахар».
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч ёсьць аўтарам слыннага афарызму: «Ёсьць тры вечныя рэчы: вечная асадка, вечнае каханьне і вечная андуляцыя. Найбольш трывалае з гэтых трох — гэта вечная асадка».
Парэшткі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча былі прывезеныя ў Варшаву 24 лістапада 1978 году і пахаваныя ў катакомбах Павонзкавых могілак.
У 1998 годзе ў Глыбокім на будынку суду, на доме, дзе жыў пісьменьнік, усталяваная дошка памяці Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.
У 2016 годзе пабачыў сьвет першы пераклад раману Далэнгі-Мастовіча на беларускую мову. Раман «Знахар» пераклалі чатыры перакладчыцы: Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, Марына Шода і Ганна Янкута.