Тадэвуш Ружэвіч | |
польск. Tadeusz Różewicz | |
Тадэвуш Ружэвіч (2006) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 кастрычніка 1921[1][2][3][…] |
Памёр | 24 красавіка 2014[2][3][4][…] (92 гады) |
Пахаваны | |
Сужэнец | Вяслава Ружэвіч[d] |
Дзеці | Ян Ружэвіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, паэт, драматург, драматург, празаік, пісьменьнік |
Гады творчасьці | з 1944 |
Мова | польская мова[6] |
Значныя творы | Kartoteka, Ocalony, Stara kobieta wysiaduje, Świadkowie albo Nasza mała stabilizacja |
Узнагароды | прэмія Самуэля Багуміла Ліндэ[d] (1998) Сылескі літаратурны ляўр[d] (1999) Аўстрыйская дзяржаўная прэмія па эўрапейскай літаратуры (1982) Залаты вянок[d] (1987) ганаровы доктар Ягелонскага ўнівэрсытэту[d] (2003) ганаровы доктар Гданьскага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Варшаўскага ўнівэрсытэту[d] Эўрапейская прэмія па літаратуры[d] (2007)
|
Подпіс | |
Тадэ́вуш Ружэ́віч (па-польску: Tadeusz Różewicz; 9 кастрычніка 1921, Радомска, Польшча — 24 красавіка 2014, Уроцлаў, Польшча) — польскі паэт, драматург, празаік і сцэнарыст. Ляўрэат мноства прэміяў, ганаровы доктар некалькіх унівэрсытэтаў Польшчы. Сябра акадэміяў мастацтваў Нямеччыны (сябра Баварскай акадэміі мастацтваў (1981), сябра Бэрлінскай акадэміі мастацтваў (1987).
Брат Януша Ружэвіча (польскага паэта і вайскоўца) і Станіслава Ружэвіча (польскага рэжысэра і сцэнарыста), бацька Яна Ружэвіча (польскага драматурга і сцэнарыста).
Сям’я Ружэвічаў пераехала ў Радомска неўзабаве пасьля Першай сусьветнай вайны. Там і нарадзіўся Тадэвуш, другі з трох сыноў (старэйшы Януш, малодшы Станіслаў). Бацька Ўладзіслаў быў ніжэйшым судовым чыноўнікам, маці, Стэфанія Марыя Гельбард, была хатняй гаспадыняй.
Ружэвіч наведваў гімназію імя Фэлікса Фабіяні ў Радомску, дзе атрымаў дыплём сярэдняй школы.
Старэйшы брат, Януш Ружэвіч, аматар літаратуры, у школьныя гады прыцягнуў малодшага брата да сумеснага чытаньня. Тады яны пазнаёміліся з такімі творамі, як Ferdydurke, Ubu Król czyli Polacy, Motory, калекцыянавалі часопісы, напрыклад «Chimera», «Skamandra» ці «Wiadomości Literackie». Браты вывучалі літаратуру і пісалі першыя вершы. Малады Ружэвіч таксама пісаў у часопіс «Pod znakiem Marii».
Ружэвіч здаваў экзамэны ў Пэдагагічны Ліцэй у горадзе Пётркаў Трыбунальскі, але ня здаў экзамэн па сьпевах. Спрабаваў паступіць у Школу лясной гаспадаркі ў Жыровічах або ў Школу гандлёвага флёту ў Гдыні, калі пачалася вайна. Сям’я перажывала тады фінансавыя праблемы.
З 1939 Тадэвуш пачаў працаваць кур’ерам і кладаўшчыком у Крайсгаўптманшафце ў Радомску, потым быў супрацоўнікам магістрату, вёў улік арэнднай платы.
Януш Ружэвіч з пачатку Другой сусьветнай вайны працаваў у абстаноўцы сакрэтнасьці пад псэўданімамі «Густаў» і «Збых», а ў 1942 годзе прывёў да прысягі ў Арміі Краёвай Тадэвуша (мянушка «Сатыр»). Тадэвуш вучыўся паўгады, а ў 1943 годзе быў пераведзены ў лясныя аддзелы. Ён пісаў вершы і займаўся журналістыкай. Яго паэзія была такой захапляльнай для партызанаў, што камандзір адправіў яго на тыдзень для напісаньня большага тэксту.
Літаратурным дэбютам Ружэвіча ў 1944 годзе стаў зборнік «Лясное рэха», які складаўся зь вершаў, эпіграмаў, гумарыстычных замалёвак, інтэрвію, паэтычнай прозы ў духу патрыятызму. Малады Ружэвіч адюстраваў у зборніку яшчэ клясычную мадэль сьвету — настойлівую веру ў адбудову і перамогу польскай культуры і жыцьця.
У 1945 Тадэвуш паказаў сябе ў Ліквідацыйнай Камісіі. Праз тры гады ён быў узнагароджаны Мэдалём Польскага Войска, а ў 1974 годзе Лёнданскім Крыжам Арміі Краёвай.
У 1945 Ружэвіч жыў у Чанстахове, разьвіваючы інтэлектуальны асяродак у гэтым горадзе. 8 ліпеня дэбютаваў у мясцовым літаратурна-мастацкім часопісе «Głos Narodu» сатырычным вершам «Figa z Unry». У рэдакцыі вядучага літаратурнага часопісу «Odrodzenie» ён пазнаёміўся з польскім паэтам Юльянам Пшыбосем. Зацікаўлены маладым паэтам Пшыбась як мага хутчэй прывёз яго ў Кракаў.Там Тадэвуш здаў экзамэн і стаў студэнтам гісторыі мастацтва ў Ягелонскім унівэрсытэце, але вучобу ня скончыў. Ён патрапіў да маладой групы кракаўскага нэаавангарду. Пасябраваў з такімі постацямі польскай культуры, як Тадэвуш Кантар (польскі рэжысэр), Ежы Навасельскі (польскі мастак), Казімеж Мікульскі (польскі мастак), Анджэй Вайда (польскі рэжысэр), Анджэй Урублеўскі (польскі мастак).
Ружэвіч дэбютаваў тройчы — да вайны ў літаратурных часопісах, падчас вайны ў лясных тэкстах і пасьля вайны. Трэці дэбют, адзіны, які ведаў Юльян Пшыбась, лічыўся рэвалюцыйным. Паводле словаў паэта Ружэвіч быў «як Мінэрва, якая цалкам узброеная выскоквае з галавы Юпітэра». Паэтычныя зборнікі «Непакой» (1947) і «Чырвоная рукавічка» (1948) сталі шокам тагачаснай паэзіі. Польскі паэт Леапольд Стаф выкарыстаў іх пры напісаньні сваіх апошніх вершаў. Да самых папулярных вершаў адносяцца «Плач» i «Ацалелы». Неўзабаве пасьля публікацыі на іх адказаў Чэслаў Мілаш у зборніку «Ocalenie». Ружэвіч надаў новую форму паэзіі. Гэта наватарства было заснавана галоўным чынам на паэтыцы новай чацьвёртай сыстэмы вершаскладаньня ў паэзіі, а наступнае, пятае, часта называюць «ружэвічаўскім». Вершаскладаньне маладога Ружэвіча аналізавалі такія пасьляваенныя экспэрты, як Марыя Длуска і Зьбігнеў Сяткоўскі.
Першыя пасьляваенныя вершы Ружэвіча былі настолькі экспрэсіяністычнымі і катастрафічнымі, што паэта абвінавацілі ў нігілізьме. У дадатак да гэтага крытыкі папракалі паэта ў «плягіяце» заходняй паэзіі.
Ружэвіч пасябраваў з Тадэвушам Бароўскім, польскім паэтам, і абодва першапачаткова скептычна паставіліся да камуністычнага рэжыму, абодва спрабавалі пакінуць краіну. Калі Бароўскі спрабаваў выехаць у ЗША, Ружэвіч прасіў хадайніцтва Юльяна Пшыбося аб стыпэндыі ў Парыжы. Абодва пляны не атрымаліся, але Бароўскі змог паехаць у Бэрлін, а Ружэвіч у Будапэшт (1950).
У Вугоршчыне да яго вярнулася захапленьне шэрым чалавекам — «Клапатлівасьць працаўніка пра агульнае дабро» не была аптымістычным вершам ці чымсьці сацрэалістычным, але эскізам постаці шэрага чалавека. Прастата, шэрасьць належаць тут да своеасаблівай філязофіі Ружэвіча, якая ідэйна зьвяртаецца да верша «Бросьня» Леапольда Стафа. Працоўны, як зьяўляецца ў вершы, выступіць пазьней у «Картатэцы», як Стары Шахцёр.
Вяртаючыся да Польшчы Ружэвіч вырашыў ўладкавацца ў Глівіцах, адмяжоўваючыся ад варожых яму літаратурных колаў. Ён жыў там ва ўмовах крайняй галечы. Там паўсталі вершы, якія іранізавалі над парадкам жыцьця, напрыклад, «Час, які ідзе», дзе паэт з намёкам паведамляе пра навязаны парадак. Ружэвіч перажыў перасьлед яго паэзіі. Паэта згадваў Юльян Тувім: «Але, дзеля Бога, што Пан там робіць у тых Глівіцах…».
Сьмерць Ёсіфа Сталіна (1953) і гамулкоўскай адлігі (1956) зьмянілі характар польскай літаратуры — дэбюты Зьбігнева Гэрбэрта, Мірона Бялашэўскага. Крытыка заўважыла ў вершах Ружэвіча імкненьне да вызваленьня, а затым быў выпушчаны зборнік яго Выбранай паэзіі, што было посьпехам Ружэвіча, як маладога клясыкі.
Гэтая пэрспэктыва бянтэжыла паэта, які тады быў зачараваны парыскім авангардам (Сэм’юэл Бэкет, Эжэн Ёнэско) і стварыў сваю самую рэвалюцыйную працу — Картатэку. Крытыка спачатку паставілася да яе прыхільна (напрыклад Ян Кот). Пазьнейшыя інтэрпрэтацыі даказалі, што п’еса настолькі авангардная, што не ўяўляецца магчымай. Супярэчнасьці, якія выклікае п’еса, схаваныя ў павароце ад клясычнага твора да рамантычнага, што заўважана ў постаці Героя. Схаваны нэарамантызм будзе, аднак, праяўляецца ў працах Ружэвіча значна пазьней.
Картатэка зьяўляецца першым прыкладам тэатра абсурду ў польскай літаратуры, у значнай ступені рэфармуючы глябальны пункт гледжаньня на гэтую тэндэнцыю. Ружэвіч перайшоў дарогу праз абстрактныя і нэабарочныя дасягненьні ў паэзіі. Асаблівае месца займае тут верш «Зялёная ружа» і «Нічога ў плашчы Праспэра», якія адкрывалі ў той паэзіі ключавы элемэнт: Нічога. Паралельна з Гэта Мілаша, Нічога зьяўляецца наватарскім варыянтам абсурду ў паэзіі. Нічога зьяўляецца найважнейшым сродкам перабудовы паэзіі.
Ружэвіч цікавіўся сучасным мастацтвам і знайшоў сабе наватарскае месца таксама ў постмадэрнізме. Пачынаючы з «Картатэкі» Ружэвіч кампілюе ідэі. Зьяўляецца рэвалюцыйнае вынаходзтва — «сьметнік». Самы вядомы такога тыпу тэкст — «Падрыхтоўка аўтарскага вечара».
Таксама Ружэвіч закранае поп-арт, што ў вялікай ступені праяўляецца ў «сьметніках». Адважнае зрываньне эстэтычных сродкаў, стэрылізацыя мовы, зьнішчэньне кантэкстаў вершаў Ружэвіча хутчэй за ўсё было навеяна таксама нарысам Вітальда Гамбровіча «Супраць паэтаў».
У авангардзе і крайнім стылі Ружэвіч (ружэвічаўскі стыль) пайшоў так далёка, што нечакана супраць яго выступіў Юльян Пшыбась. «Ода да турпістаў», накіраваная супраць студэнтаў (Ружэвіча, Бялашэўскага, Грахавяка) у 1962 годзе, была пратэстам супраць меркаванага выкарыстаньня гэтымі паэтамі сродкаў брыдоты, антымастацтва без сэнсу са шкодай для мастацтва.
У 1964 годзе ён падпісаў ліст польскіх пісьменьнікаў, пратэстуючы супраць Ліста 34 (ліст пратэсту супраць цэнзуры), выказваючы пратэст супраць культываванай на старонках заходняй прэсы і хвалях падрыўной радыёстанцыі Свабодная Эўропа арганізаванай кампаніі, якая дыскрэдытавала Польскую Народную Рэспубліку.
У 1967 Пшыбось арганізаваў паклёпніцкую кампанію супраць Ружэвіча.
Летам 1949 з Кракава пераехаў да Глівіцаў, дзе пачаў жыць у доме 28 на вул. Жыгімонта Старога. Ажаніўся зь Вяславай з дома Казлоўскіх. У Глівіцах нарадзіліся іх сыны: Каміль (1950) і Ян (1953).
З 1968 і да сваёй сьмерці Ружэвіч жыў ва Ўроцлаве. Быў чальцом Таварыства польскіх пісьменьнікаў.
У 2008 годзе пасьля выданьня паэтычнага зборніка «Навука хаджэньня» Ружэвіч у Страсбургу атрымаў Эўрапейскую літаратурную ўзнагароду, пасьля як першы быў узнагароджаны Сылезіюсам — уроцлаўскай паэтычнай узнагародай цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскай літаратуры. Зьявіліся таксама зборнікі «Другі бок мэдаля» і «Купі ката ў мяшку». 8 кастрычніка памёр сын Ружэвіча Ян, а празь месяц памёр яго брат Станіслаў.
Тадэвуш Ружэвіч памёр 24 красавіка 2014 году ва Ўроцлаве, пахаваньне адбылося 29 кастрычніка 2014 году. Згодна з воляй паэта, запісанай у завяшчаньні, яго прах быў пахаваны на могілках пры эвангелісцкім касьцёле Нашага Збаўцы ў Карпачу.
На беларускую мову творы Ружэвіча перакладалі Янка Брыль, Марына Казлоўская, Язэп Семяжон, Максім Танк, Юлія Цімафеева ды іншыя.