Герхард Эртль (ням.: Gerhard Ertl; нар. 10 кастрычніка 1936[1][2][…], Штутгарт[3][4][…]) — нямецкі вучоны-хімік, кіраўнік Інстытута Фрыца Габера Таварыства Макса Планка (1986—2004), ганаровы прафесар, лаўрэат прэміі Вольфа па хіміі (1998), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі 2007 года.
Герхард Эртль нарадзіўся ў Штутгарце. З 1955 да 1957 года ён вучыўся ў тэхнічным універсітэце Штутгарта, затым у Парыжскім універсітэце (1957—1958) і Мюнхенскім універсітэце імя Людвіга і Максімільяна (1958—1959).
Пасля прысуджэння звання доктара філасофіі, ён стаў асістэнтам і лектарам у Мюнхенскім тэхнічным універсітэце (1965—1968). З 1968 па 1973 год Герхард Эртль быў прафесарам і дырэктарам у Гановерскім тэхнічным універсітэце. Быў таксама прафесарам у інстытуце фізічнай хіміі Універсітэта імя Людвіга і Максіміліяна ў Мюнхене (1973—1986). На працягу 1970-х і 1980-х гадоў вучоны чытаў лекцыі ў Каліфарнійскім тэхналагічным інстытуце, ва ўніверсітэце Вісконсін-Мілуокі і Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі. У 1986 годзе ён стаў прафесарам у Вольным універсітэце Берліна і ў Берлінскім тэхнічным універсітэце.
У 1986 годзе Герхард Эртль заняў пасаду дырэктара Інстытута Фрыца Габера Таварыства Макса Планка, які ўзначальваў да 2004 года. У 1996 годзе ён стаў прафесарам у Берлінскім універсітэце імя Гумбальта.
Герхард Эртль дэталёва даследаваў малекулярны механізм каталітычнага сінтэзу аміяку на жалезе (працэс Габера-Боша) і каталітычнага акіслення монааксіду вугляроду на паладый. Ён адкрыў важную з’яву вагальных рэакцый на плацінавых паверхнях і, выкарыстоўваючы фотаэлектронны мікраскоп, упершыню сфатаграфаваў вагальныя змены ў структуры паверхні і пакрыцці, якія адбываюцца ў ходзе рэакцыі.
Эртль падзяліў з Габорам Саморжаем з Каліфарнійскага універсітэта ў Берклі прэмію Вольфа па хіміі ў 1998 годзе за «асаблівы ўклад у галіне навукі аб паверхнях у цэлым і за тлумачэнне фундаментальных механізмаў гетэрагенных каталітычных рэакцый на асобнай крышталічнай паверхні ў прыватнасці».
Герхард Эртль атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі ў 2007 годзе за даследаванні хімічных працэсаў на цвёрдых паверхнях.
Член Германскай акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1986)[9], Папскай акадэміі навук (2010)[10], член-карэспандэнт Аўстрыйскай акадэміі навук (2001)[11], замежны член Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (2002), Расійскай акадэміі навук (2011)[12].
У гонар Герхарда Эртля ў 2011/2012 навучальным годзе была праведзена Міжнародная алімпіяда па асновах навук (па хіміі)[13].