Дубічэй
| ||||||||||||||
Дубічэй (літ.: Dubičiai), традыцыйная беларуская назва Дубічы — вёска ў Варэнскім раёне Літвы, за 6 км на паўночны ўсход ад Ракая, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Варэны, за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Цэнтр сянюніі. Дубічэй знаходзіцца ў самых вярхоўях Улы, якая тут завецца Пелясай і цячэ да Крокшліса. Праз вёску праходзіць дарога 5008 Відэняй — Дубічэй — Ракай.
На паўднёвым ускрайку вёскі знаходзіцца гарадзішча (заселенае з каменнага веку), якое згадваецца ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte (2-я палова XIV ст.) у 84-м і 85-м маршрутах як горад і замак Dubitz або Dobiczcze[1]. Да канца XIV — пачатку XV ст. напэўна ўваходзіла ў склад Скалвенскага староства з цэнтрам ў Скалеве, а потым у Радуні[1]. У канцы XIV — пачатку XV ст. напэўна фундацыяй вял.кн. Вітаўта ў Дубічах пабудаваны першы касцёл, цэнтр парафіі. Вялікі князь Вітаўт абраў Дубіцкі замак сваёй паляўнічай рэзідэнцыяй і часта бываў тут, вядома некалькі яго лістоў адрасаваных з Дубічаў, ад 28.3.1397, 29.3.1413, 6.3.1415, 26.2.1426, 17.3.1427, 15.3.1430 года[2]. У Дубічы, хворай вітаўтавай жонцы вял.кн. Юліяніі, дасылаў лекі і цукар вялікі магістр Тэўтонскага ордэна[3].
У 1487—1489 гады у Кнізе данін вял.кн. Казіміра згадваецца ўжо Дубіцкае староства («Дубичское волости», «у Дубичох»). Пазней цэнтр староства з Дубічаў перанесены ў Каняву, бо ў попісах войска XVI ст. каняўскія баяры запісваліся ў асобны рэестр (харугву), а дубіцкага рэестра не было. Пры гэтым Дубічы і Канява даваліся ў кіраванне адной асобе, так цівуном дубіцкім і каняўскім у 1495 і 1511 гадах быў Мікалай Юндзілавіч, ён жа за 6000 коп грошаў стаў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім.[1]
У 1504 годзе ўладанні ў Дубіцкай воласці набыў князь Васіль Глінскі. У 1512 годзе ў Дубічах згадваецца гаспадарскі «двор» — цэнтр Дубіцкай воласці. У 1529 годзе цэнтр парафіі з Дубічаў перанесены ў Начу, дубіцкі касцёл стаў філіяльным, у 1540 годзе каралева Бона перанесла цэнтр парафіі ў Радунь[3]. Паводле ўхвалы сойма 1529 года Дубічы разам з Канявай мусілі плаціць 5 коп грошай серабшчыны[3]. Дубіцкаму касцёлу належала вёска Манталы з падданымі[3]. У XVI ст. ў Дубічах згадваецца дзве карчмы.
Да 1520 года дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў брат Мікалая Юндзілавіча — Ян. У 1520 годзе дзяржаву ў Яна Юндзілавіча выкупіў Андрэй Якубавіч Давойнавіч, адначасова дзяржаўца эйшышцкі. На пачатку 1530-х гадоў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў Анікей Гарнастай, у 1546—1549 — Станіслаў Кезгайла, у 1551 — Шымка Мацкавіч, у 1565 — Рыгор Валовіч[4].[1]
Падчас вайны 1654—1667 гадоў, у 1655—1661 гадах Дубічы акупаваны маскоўскімі войскамі і зруйнаваны. З касцёльнага інвентара 1700 года вядома старая драўляная цудадзейная скульптура Ісуса Назарэцкага[3]. У 1765 годзе мястэчка Дубічы з воласцю належала кашталяну мсціслаўскаму Юзафу Скуміну Тышкевічу і яго жонцы Ганне з Пацеяў, тады у мястэчку было 12 двароў і карчма ў арэндзе[5].
У 1842 годзе расійскія ўлады секулярызавалі касцёльны маёнтак Манталы. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў каля Дубічаў 4 мая 1863 года адбыўся бой паміж паўстанцаў на чале з Людвікам Нарбутам (сынам гісторыка Тэадора Нарбута) і атрадам імператарскай арміі, у баі загінуў камандзір і 12 паўстанцаў. Пасля паўстання царскія ўлады закрылі і знеслі касцёл, начынне з яго, у т.л. скультуру Ісуса, перанеслі ў Начу[3].
У 1908 годзе ў Дубічах пабудаваны новы касцёл, тады паміж дубіцкімі і нацкімі парафіянамі пачалася спрэчка за скульптуру Ісуса са старога касцёла, спрэчка трывала некалькі гадоў і скончылася вырабам копіі і выцягваннем жэрабя, цяпер не вядома якая парафія выцягнула арыгінал[3].
У 1920 годзе тэрыторыя занята Польшчай. Паводле польскага перапісу 1921 года, у Дубічах жыло 330 чалавек, з якіх 296 запісаліся літоўцамі, 31 палякамі і 3 яўрэямі. У 1920—1930 гадах у Каняўскім павеце, у 1930—1939 гадах у Варэнскім павеце. З 15.1.1940 да 3.8.1940 года ў Радунскім раёне БССР. З 17.2.1941 года ў Руднянскім павеце Літвы.
Падчас 2-й сусветнай вайны ў 1943 годзе немцы спалілі частку вёскі. У савецкі час цэнтр калгаса.
Базавая школа, бібліятэка, пошта (LT-65015).
Указам Прэзідэнта ад 16.7.2015 года № 1К-397 зацверджаны герб Дубічэй[6]. 9.12.2005 года зарэгістравана грамада Дубічэйскага края.
Дынаміка насельніцтва з 1795 па 2011 | |||||
1795 | 1866 | 1905[7] | 1921[8] | 1959пер.[9] | 1970пер.[10] |
---|---|---|---|---|---|
108 | 100 | 301 | 330 | 326 | 477 |
1976[11] | 1979пер.[12] | 1985[13] | 1989пер.[14] | 2001пер.[15] | 2011пер.[16] |
479 | 452 | 405 | 462 | 388 | 291 |