Лімо́ж (фр.: Limoges, акс.: Limòtges) — горад у Францыі, галоўны горад гістарычнай вобласці Лімузен і прэфектура (адміністрацыйны цэнтр) дэпартамента Верхняя В’ена. Насельніцтва 139 тыс. (2006).
Лімож быў заснаваны пры рымскім імператары Аўгусце ў 10 г. да н.э. Гэта быў рымскі Аўгустарытум; ў перыяд Рымскай імперыі — адзін з значных цэнтраў Галіі. Потым горад быў перайменаваны ў Лемавік (па назве мясцовага Гальскага племя). Адзін з найстарэйшых ачагоў хрысціянства ў Галіі; з яго выйшлі чатыры Папы рымскія; да рэвалюцыі Лімож быў галоўным горадам правінцыі Лімузен, у ім было больш за 40 манастыроў.
У пачатку XX стагоддзя даведнікі адзначалі такія славутасці Ліможа, як ліцэй, духоўная семінарыя, падрыхтоўчая школа медыкаў і фармацэўтаў, бібліятэка з 23 000 тамоў, музей прадметаў з фарфору, карцінная галерэя, некалькі навуковых таварыстваў.
Падчас Другой сусветнай вайны Лімож стаў адным з важных ачагоў руху Супраціўлення.