Нафталі Бенет (іўр.: נפתלי בנט; 25 сакавіка1972, г. Хайфа, Ізраіль) — ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч, прэм’ер-міністр Ізраіля з 13 чэрвеня 2021 года па 1 ліпеня 2022 года. Заснавальнік партыі «Ха-Ямін ха-Хадаш» разам з Аелет Шакед. Адзін з заснавальнікаў руху «Мой Ізраіль».
У 1999 годзе стаў сузаснавальнікам і генеральным дырэктарам «Cyota» — кампаніі, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння ў галіне камп’ютарнай бяспекі. Кампанія была прададзеная ў 2005 годзе кампаніі RSA Security за 145 млн долараў ЗША.
Пасля ўдзелу ў Другой ліванскай вайне Бенет далучыўся да тагачаснага лідара апазіцыі Біньяміну Нетаньяху і працаваў у якасці начальніка яго канцылярыі з 2006 па 2008 год. Узначальваў каманду, якая распрацавала план рэформаў сістэмы адукацыі.
31 студзеня2010 года Бенет быў абраны генеральным дырэктарам Савета паселішчаў Іўдзеі, Самарыі і Газы і ўзначаліў барацьбу супраць замарожвання будаўніцтва паселішчаў у 2010 годзе. Быў на гэтай пасадзе да студзеня 2012 года.
У красавіку 2011 года стаў сузаснавальнікам пазапарламенцкага руху «Мой Ізраіль» з больш чым 80 тысячамі чальцоў.
У красавіку 2012 года заснаваў рух «Ізраільцяне». Пасля Бенет сышоў з партыі «Лікуд» і далучыўся да партыі «Яўрэйскі дом». Пасля прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду партыйнага лідара.
Набраў каля 67 % галасоў на ўнутрыпартыйных выбарах 6 лістапада2012 года, пасля чаго быў абраны ў якасці кіраўніка партыі.
У 2018 годзе пакінуў партыю «Яўрэйскі дом» і стаў адным з заснавальнікаў партыі «Новыя правыя». Блок не прайшоў працэнтны бар’ер на выбарах у красавіку 2019 года. Тады ж «Новыя правыя» ўдзельнічалі ў кааліцыі «Яміна». Нафталі Бенет быў абраны членам парламента.
2 чэрвеня2021 года ізраільская апазіцыя падпісала пагадненне аб стварэнні ўрадавай кааліцыі. Прэм’ер-міністрам Ізраіля на наступныя два гады стане Нафталі Бенет, а старшыня партыі «Еш Атыд» Яір Лапід заменіць яго на гэтай пасадзе праз два гады.
13 чэрвеня2021 года Бенет быў абраны прэм’ер-міністрам Ізраіля, набраўшы 60 галасоў дэпутатаў Кнэсета, у той час як 59 дэпутатаў прагаласавалі супраць і адзін устрымаўся.