Шымон Перэс (2 жніўня 1923, Вішнева, Польшча, цяпер Валожынскі раён, Беларусь — 28 верасня 2016, Рамат-Ган, Ізраіль) — ізраільскі палітычны дзеяч, Прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль з 2007 па 2014 годы. Актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Ізраіля болей за 50 гадоў. Займаў пасаду прэм'ер-міністра Ізраіля, шэраг іншых важных пасад. Уладальнік Нобелеўскай прэміі міру (1994, разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам)[7].
Скончыў Гарвардскі ўніверсітэт, свабодна гаварыў на ідышы, іўрыце, англійскай і французскай мовах, цікавіўся нанатэхналогіямі. Паводле землякоў Перэса, апытаных у 2016 г., будучы нобелеўскі лаўрэат у даваенным Вішневе любіў гуляць у футбол і размаўляў па-беларуску[8].
У 1943 годзе Перэса абралі сакратаром рабоча-сіянісцкага моладзевага руху, і ў 1944 годзе ён вяртаецца ў кібуц Алумот, дзе працуе фермерам і пастухом.
У 1947 годзе назначаецца Давідам Бен-Гурыёнам на пасаду адказнага за правізію ў Хагане. У 1952—1953 гадах працуе ў ваенных структурах, адказвае за закупкі сучаснай зброі і наладжанне стратэгічнага партнёрства маладой дзяржавы Ізраіль. Адзначаецца яго роля ў перамовах з Францыяй, што прывялі да пабудовы ізраільскага ядзернага рэактара ў Дымоне.
У 1959 годзе Перэс быў упершыню абраны ў Кнесет ад кіруючай партыі Мапай. Пазней ён яе пакінуў і стварыў новую — Рафі. У 1968 годзе абедзве партыі далучыліся да Левага Альянса.
У 70-х гадах працуе на розных міністэрскіх пасадах у складзе ўрада Ізраіля.
У 80-х гадах Перэс узначальвае Рабочую партыю, працуе міністрам замежных спраў, міністрам фінансаў.
У 90-х Шымон Перэс узначальвае Рабочую партыю, але выйграць выбары яму ніяк не ўдаецца, і ў 1997 г. ён саступіў ролю лідара Эхуду Бараку. Сам Перэс займаў у гэты час малазначныя пасты ва ўрадзе Ізраіля.
У 2000 годзе ён прайграе ў выбарах Прэзідэнта Ізраіля Машэ Кацаву.
Нягледзячы на тое, што на працягу многіх гадоў Перэс узначальваў партыю Авада (Рабочая партыя), ён цярпеў частыя няўдачы на выбарах. Далучэнне да партыі Кадзіма (Наперад) дазволіла Перэсу ў 2000-х гг. зноў увайсці ў склад Кнесета, ізраільскага парламента.
Шымон Перэс — выхадзец з дыяспары. Яго бацькамі былі Іцхак і Сара Перскія. Бацька гандляваў лесам, маці выкладала рускую мову і літаратуру. Малодшага брата Шымона звалі Гершон. У сваім інтэрв'ю, якое Шымон Перэс даў ізраільскаму журналу Мішпаха, ён зазначыў, што яго дзед, Рабі Цві Мельцэр, навучаўся ў вядомай Валожынскай ешыве і сам з'яўляўся ўнукам рэб Хаіма з Валожына, вядомага талмудзіста і этыка. «Ён [дзед] зрабіў вялікі ўплыў на маё жыццё… Я рос у доме дзеда… Ён мяне вучыў Талмуду. Гэта было не так лёгка, як можа падацца. Мае бацькі не былі артадоксамі, я быў. Аднойчы, калі ў Шабат я пачуў, што бацькі слухаюць радыё, я зламаў яго…» — гаварыў Перэс.
У 1934 годзе сям'я Шымона пераехала з Вішнева ў Тэль-Авіў на тагачаснай тэрыторыі брытанскага мандату ў Палесціне. Шымон вучыўся ў школе Геула ў Тэль-Авіве і сельскагаспадарчай школе ў Бен-Шэмене. Пасля правёў некалькі год у кібуцы Алумот.
У 1945 годзе Шымон Перэс ажаніўся з Соняй Гельман, якая вырашыла для сябе пазбягаць грамадскай увагі. У Перэса дачка і два сыны.
У якасці грамадзяніна Ізраіля Шымон Перэс двойчы наведваў Беларусь — у жніўні 1992 г. і ў студзені 1998 г.[9] (у некаторых крыніцах прыводзяцца іншыя, памылковыя гады візітаў). Абодва разы прыязджаў у Вішнева[10]. У 2010 г. Перэс казаў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню, што хацеў бы прыехаць зноў[11]. Улетку 2013 г. праз прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь яму было ўручана ў Ізраілі памятнае пасведчанне аб нараджэнні ў Беларусі[9]. На месцы ў Вішневе, дзе ён нарадзіўся, вісіць памятная шыльда з надпісамі на рускай і англійскай мовах (тут падаюцца ў перакладзе): «Тут, 2 жніўня 1923 года, нарадзіўся Шымон Перэс, сын Сары і Ісаака Перскіх, нобелеўскі лаўрэат, дзявяты прэзідэнт дзяржавы Ізраіль». У доме культуры Вішнева адкрыты мемарыяльны пакой, прысвечаны Ш. Перэсу і яго родзічам[12].