BMW 328 — спартыўны родстар маркі BMW.
Адзін з найбольш паспяховых спартыўных аўтамабіляў свайго часу — пераможца мноства спаборніцтваў — кальцавых гонак і ралі. Усяго да пачатку Другой сусветнай вайны аўтамабіль прыняў удзел у 172 міжнародных і нацыянальных чэмпіянатах, заваяваўшы 141 перамогу[1], у тым ліку перамогу ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia ў 1938 і 1940 гады, брытанскім ралі RAC у 1939 годзе і першае месца ў 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане .
Да пачатку вайны вырабілі 464 аўтамабілі BMW 328, большасць з якіх мелі адкрытыя спартыўныя кузавы, але былі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах[2].
Працы па стварэнні спартыўнага родстара пачаліся ў 1935 годзе. Навінка павінна была замяніць мадэль BMW 319/1. Дызайн гэтага аўто распрацоўваўся пад кіраўніцтвам Пятра Шыманоўскага. Тэхнічную частку ўзяў на сябе Фрыц Фідлер. Ён увёў у гэтую распрацоўку мноства новых ідэй, якія дазволілі BMW 328 не раз перамагаць у аўтагонках.
Аўтамабіль быў упершыню прадстаўлены на Міжнароднай гонцы Эйфеля на трасе Нюрбургрынг 14 чэрвеня 1936 года. У 1936 годзе было пабудавана ўсяго тры BMW 328. Гэта былі гоначныя аўтамабілі, яны мелі палегчаны, пазбаўлены дзвярных праёмаў кузаў і суцэльнае ветравое шкло.
У продаж BMW 328 паступіў у лютым 1937 года. Кошт двухмесцавай машыны — 7400 RM, шасі — 5900 RM.
Акрамя спартыўных варыянтаў, на базе BMW 328 існавалі і спецыяльныя варыянты дарожных аўтамабіляў. Спартыўныя кабрыялеты, больш раскошныя, чым серыйныя аўтамабілі, сярод іншых, выраблялі атэлье Drauz, Weinberger, Brille, Wendler і United Workshops[3]. Фірмамі Wendler, Ludwig Weinberger і Gläser выпускаліся кабрыялеты са скураным верхам. У 1937—1938 гады створаны кабрыялет BMW 328, дапрацаваны атэлье Vereinigte Werkstatten, — са стацыянарнай рамкай лабавога шкла і іншым тэнтам. Атэлье ў якасці опцыі прапаноўвала таксама здымны жорсткі дах[1].
У 1937 годзе для вядомага нямецкага прамыслоўцы Ганса Клепера фірмай Wendler было пабудавана купэ па праекце дызайнера Райнгарда Кеніг-Фашэнфельда, вучня прафесара Вунібальда Кама. Існавалі BMW 328 з кузавам купэ працы атэлье Muller/Freiburg.
Пачатак вайны прыводзіць да прыпынення выпуску аўтамабіляў. З красавіка 1936 па верасень 1939 года вырабілі 464 аўтамабілі BMW 328, уключаючы шасі, перададзеныя розным кузаўным фірмам. 403 машыны мелі стандартны кузаў родстар[4]. Да 1939 года па ліцэнзіі з германскіх дэталяў аўтамабіль таксама збіраў брытанскі завод Frazer-Nash. Невялікая колькасць машын была сабрана з захаваных дэталяў ужо ў пасляваенныя гады.
1936 | 1937 | 1938 | 1939 |
---|---|---|---|
3 | 171 | 164 | 126 |
Выдаткі на распрацоўку і вытворчасць BMW 328 склалі ў агульнай колькасці 445 000 марак[1][6]. З пабудаваных асобнікаў — каля 200 захаваліся да нашага часу, з якіх каля 120 знаходзяцца ў Германіі[7].
Тэхнічную частку аўтамабіля праектаваў таленавіты інжынер Фрыц Фідлер. Распрацоўку дызайну кузава часта прыпісваюць Пятру Шыманоўскаму[8].
За аснову было ўзята шасі родстара BMW 319/1 узору 1935 года са сталёвай A-падобнай рамай з труб авальнага перасеку пераменнага дыяметра (дыяметр змяншаецца ад цэнтра да краю, максімальны дыяметр трубы рамы — 90 мм). Рама была вырабленай са сплаву магнію і алюмінія. Дзве стальныя трубы сыходзіліся да носа і злучаліся папярочкамі прамавугольнага перасеку. На раму ўсталёўваліся элегантныя металічныя кузаўныя панэлі, якія мацуюцца да драўлянага каркасу[1].
Лёгкі кузаў дазволіў давесці масу аўтамабіля да 830 кілаграмаў, што спрыяльна адбілася на хуткасных характарыстыках машыны — максімальная хуткасць стандартнага родстара BMW 328 складала 150 км/г. Складны тэнт, здымныя бакавыя вокны і багаж размяшчаліся ў задняй частцы кузава. Вечка багажніка адсутнічала і доступ да яго можна было атрымаць адкінуўшы наперад спінкі сядзенняў.
Рухавік — радны, шасціцыліндравы, 2-літровы. Вядомы па мадэлях 321 і 326, але для BMW 328 магутнасць падвысілі з 50 да 80 к.с. Была спраектаваная новая алюмініевая галоўка цыліндраў з паўсферычнымі камерамі згарання са значна пашыранымі ўпускнымі і выпускнымі каналамі. Замест звычайнай паралельнай устаноўкі, размяшчэнне верхніх клапанаў зроблена V-падобна пад вуглом 80 градусаў (упуск і выпуск на супрацьлеглых баках). Упускныя клапаны прыводзяцца ў дзеянне ад ніжняга размеркавальнага вала пасродкам штурхачоў і каромыслаў. Выпускныя клапаны прыводзяцца ў дзеянне яшчэ адным кароткім штурхачом і другім наборам каромыслаў. Такая канструкцыя клапанаў дазваляла ўсталяваць карбюратары вертыкальна, забяспечваючы тым самым лепшую падачу паветра ў рухавік. Дзякуючы прымяненню трох карбюратараў і паўсферычнай камеры згарання пры ступені сціску 7,5:1 рухавік развіваў круцільны момант 126 Н·м. У гоначных версіях магутнасць вар’іравалася ад 100 да 110 к.с. — абмежаванне, якое накладвалася ўжываным бензінам, актанавы лік якога ў той час дасягаў максімуму 80, што абмяжоўвала ступень сціску да 9,5:1. Дзякуючы выкарыстанню спецыяльнага паліва ўдавалася яшчэ больш павысіць прадуктыўнасць рухавіка, давёўшы яго магутнасць да 136 к.с.[9][10]
Першапачаткова на аўтамабілі была ўжытая чатырохступеньчатая трансмісія ZF ад BMW 319/1, аднак на пазнейшых мадэлях выкарыстоўвалася каробка перадач Hurth.
Падвеска пярэдніх колаў складалася з ніжніх папярочных рычагоў і верхняй рысоры, а задні наразрэзны мост з гіпоіднай перадачай падвешваўся на паўэліптычных рысорах. На аўтамабілі стаялі тармазы барабаннага тыпу з гідрапрывадам. Працоўная тармазная сістэма дзейнічала на ўсе чатыры колы. Ручны тормаз дзейнічаў на заднія колы, меў механічны, тросавы прывад.
Рухавік | ||
---|---|---|
Тып | шасціцыліндравы, радны | |
Дыяметр × Ход поршня | 66 × 96 мм | |
Аб’ём | 1971 см³ | |
Магутнасць | 80 к.с. пры 5000 аб/хв | |
Ступень сціску | 7,5 | |
Карбюратар | тры карбюратары Solex 30 JF | |
Акумулятар | 6 В, 75 А·г | |
Генератар | 90 або 30 Вт | |
Трансмісія | ||
Прывад | на заднія колы | |
Счапленне | адзінарнае, сухое | |
Каробка перадач | 4-ступеньчатая, Hurth, сінхранізаваныя III—IV перадачы |
4-ступеньчатая, ZF, сінхранізаваныя III—IV перадачы |
Перадатачныя лікі | I — 3,63; II — 2,07; III — 1,50; IV — 1,00; задні ход — 3,88 |
I — 3,07; II — 1,82; III — 1,25; IV — 1,00; задні ход — 3,70 |
Шасі | ||
Шасі | трубчасты каркас, каробчатая папярочка | |
Пярэдняя падвеска | папярочны рычаг знізу і адна папярочная рысора зверху | |
Задняя падвеска | на паўэліптычных рысорах | |
Рулявое кіраванне | зубчастая рэйка | |
Нажны тормаз | гідраўлічны, калодачны, на 4 колы | |
Ручны тормаз | з тросавым прывадам, на заднія колы | |
Агульныя звесткі | ||
Памеры | 3900 × 1550 × 1400 мм | |
Колавая база | 2400 мм | |
Каляіна спераду/ззаду | 1153/1220 мм | |
Дыскі | з пяцю адтулінамі (па жаданні — з цэнтральным мацаваннем) 3,25 або 3,50 D × 16 | |
Шыны | 5,25 або 5,50-16 | |
Радыус павароту | 10 м | |
Маса шасі | 500 кг | |
Маса аўтамабіля | 830 кг | |
Дазволеная агульная вага | 1220 кг | |
Макс. хуткасць | 150 км/г | |
Расход паліва на 100 км | 14,5 л | |
Паліўны бак | 50 л (па жаданні — 100 л) |
Большасць з пабудаваных аўтамабіляў мела адкрытыя спартыўныя кузавы, але існавалі і спецыяльныя варыянты, якія вырабляліся па заказах. На шасі BMW 328 быў пабудаваны шэраг спецыяльных гоначных машын.
У 1940 годзе для гонкі Mille Miglia былі пабудаваныя пяць аўтамабіляў. Два з іх былі закрытыя аэрадынамічныя купэ. Адно з іх было пабудавана пад наглядам Фідлера ў Мюнхене, іншае — кузаўным атэлье Carrozzeria Touring у Мілане. Тры мелі адкрытыя абцякальныя алюмініевыя кузавы тыпу родстар.
Паколькі вытворчасць аднаго з трох родстараў заняла занадта шмат часу, два шасі адправілі ў Мілан. Атэлье Touring пагадзілася завяршыць іх будаўніцтва ў паскораным парадку. У гэтых двух родстараў не было рэбраў на крылах, якія меў выраблены ў Мюнхене «Bügelfalten». У гонцы на гэтых машынах выступалі экіпажы Адольф Брудэс/Ральф Розе і Вілі Брым/Улі Рыхтэр[12].
Ад іншых BMW 328, прыназначаных да Mille Miglia, родстар пабудаваны ў Мюнхене (нумар шасі 85032) адрозніваўся акцэнтаванымі рэбрамі ўздоўж пярэдніх і задніх крылаў, за што атрымаў мянушку Bügelfalten (ням.: «стрэлкі на штанах»)[13][14].
Падчас Другой сусветнай вайны родстар знаходзіўся ў валоданні Альберта Шпеера. Пасля вайны аўтамабіль трапіў у СССР у якасці трафея. З 1972 па 2001 год быў ва ўладанні калекцыянера з Рыгі. У маі 2010 года прададзены на аўкцыёне «Sporting Classics of Monaco»[15].
Для ўдзелу ў гонцы Берлін-Рым у канцы 1938 года на заводзе ў Айзенаху было пабудавана купэ на базе BMW 328 пад кодавай назвай праекта AM 1007. Распрацоўкай займаўся Рудольф Флемінг. Кузаў быў цалкам алюмініевым, усталяваны на стандартным шасі 328. Тэсты выявілі, што аўтамабіль быў вельмі адчувальны да бакавога ветру і меў дрэнную ўстойлівасць на прамой. Гэта пацвердзілі даследаванні ў аэрадынамічнай трубе FKFS у Штутгарце. У выніку кузаў быў здадзены на металалом, а шасі было перароблена і выкарыстана паўторна для Kamm «Mille Miglia»[16].
Пасля AM 1007 пачалася распрацоўка новага аўтамабіля (AM 1008), названага ў гонар нямецкага піянера аэрадынамікі Вунібальда Кама — BMW 328 Kamm Coupe. У аснову было пакладзена ранейшае шасі, але з расцягнутай на 20 см колавай базай. Новы кузаў быў створаны пад кіраўніцтвам шэф-дызайнера BMW Вільгельма Меергубера. На шашы паміж Мюнхенам і Зальцбургам Kamm Coupe ўпершыню прадэманстраваў свае магчымасці — на тэстах аўтамабіль разганяўся да 230 км/г, але ў гонцы Mille Miglia 1940 BMW 328 Kamm Coupe сышоў з-за тэхнічных праблем. Пасля вайны BMW 328 Kamm Coupe застаўся ў Германіі, былы дырэктар BMW па гонках Эрнст Леф набыў машыну для асабістага карыстання, але праз некалькі гадоў прадаў яе з-за цяжкага фінансавага становішча. У 1953 годзе аўтамабіль быў страчаны ў выніку аварыі з удзелам яго новага ўладальніка. У 2010 годзе, да сямідзесяцігоддзя перамогі ў Mille Miglia, была зроблена дакладная копія аўтамабіля[17].
Для гонкі Берлін-Рым былі пабудаваныя тры спецыяльныя родстары BMW 328 Berlin-Rom Touring Roadster. Працу над імі вяло атэлье Carrozzeria Touring — у 1940 годзе шасі адправіліся ў Мілан. Працу скончылі толькі ў сакавіку 1941 года, з-за вайны аўтамабілі не прымалі ўдзелу ў гонках[18].
Пасля ўсе тры машыны лічыліся страчанымі. Адзін нібыта ў 50-х гадах апынуўся ў Злучаных Штатах, другі знік, трэці быў адноўлены.
BMW 328 дасягнуў выдатных спартыўных поспехаў у 1939-40 гадах. Ён выйграў гонкі «Mille Miglia», «24 гадзіны Ле-Ман», «Гран-Пры-Брэст», «24 гадзіны Франкошамп».
У 1936 годзе лёгкі двухмесцавы родстар упершыню выйшаў на трасу. 14 чэрвеня ў Нюрбургрынгу сусветны рэкардсмен-матацыкліст Эрнст Хенэ вывеў аўтамабіль на трасу. Нягледзячы на дажджлівы дзень, прататып усталяваў новы рэкорд трасы і прыйшоў да фінішу першым.
На рахунку гоначных версій BMW 328 мноства гонак, у тым ліку перамога ў 1000-кіламетровай гонцы Mille Miglia у 1938 і 1940 гадах, брытанскім ралі RAC у 1939 і пяты вынік у агульным заліку (першы ў сваім класе) на 24-гадзіннай гонцы ў Ле-Мане.
Абсалютным трыумфам BMW 328 варта прызнаць гонкі «Mille Miglia» 1940 года, калі нямецкая каманда выступіла ў складзе чатырох экіпажаў: Ханштайна і Боймера , Брудэса і Розэ , Брыма і Рыхтэра, Венхера і Шольца, якія занялі адпаведна першае, трэцяе, пятае і шостае месцы. Перамогу на закрытай машыне атрымаў экіпаж Ханштайн/Боймер. Трэцімі былі Брудэс/Розэ. Экіпаж Брыма і Рыхтэра заняў пятае месца[12]. BMW 328 «Bügelfalten» Ханса Венхера і Рудольфа Шольца са стартавым нумарам 71 прыйшла да фінішу гонкі шостай[14]. Экіпаж Хашке фон Ханштайна і Вальтэра Боймера таксама ўстанавіў рэкорд максімальнай сярэдняй хуткасці на трасе, развіўшы 103 мілі ў гадзіну (каля 166 км/г).
Ажно да 1950-х гадоў BMW 328 паспяхова ўдзульнічала ў міжнародных гонках. Пасля вайны BMW 328 Touring Coupe прымала ўдзел у гонках па ўздыме на груд у Ругештайнэ ў 1946 годзе[1]. Таксама, вядомы гоншчык Артур Розэнхамер стварыў у прыгарадзе Берліна, невялікую фірму па адзінкавым вырабе на базе BMW 328 спартыўных і гоначных аўтамабіляў для гоншчыкаў ГДР[19].
У 1947 годзе Карл Клінг на BMW 328 Kamm Coupe змог дамагчыся перамогі на кальцавых гонках у Гокенгайме.
Канструкцыя BMW 328 была вельмі паспяховай. Для свайго часу гэты аўтамабіль быў прарывам у аўтамабілебудаванні. Напрыклад, у гэтым аўтамабілі ўпершыню была ўжытая трубчастая рама і паўсферычныя камеры згарання рухавіка[20]. Дызайн BMW 328 азначыў шлях да цалкам абцякальнай формы кузава.
Пасля вайны, адзін з 328 Mille Miglia і тэхнічныя планы аўтамабіля былі выкарыстаны кампаніямі Bristol Aeroplane і Frazer Nash пры стварэнні сваіх аўтамабіляў. Угаварылі прыехаць таксама і інжынера BMW — Фрыца Фідлера , які спраектуе ўдалую мадэль Bristol 400 па матывах перадваенных аўтамабіляў BMW. Мадэрнізаваны рухавік BMW 328 выкарыстоўваўся на англійскіх аўтамабілях «Брысталь» (Bristol) і «Фрэзер-Нэш» (Frazer Nash). Як мяркуюць аўтамабільныя гісторыкі, BMW 328 стаў стылістычным правобразам Jaguar XK120[8].
У 1999 годзе BMW 328 быў названы журналістамі ў ліку першых 25-ці ў конкурсе «Аўтамабіль стагоддзя».
У красавіку 2006 года BMW прадставіў канцэпт-кар BMW Mille Miglia, натхнёны BMW 328 Mille Miglia Touring Coupe 1940 года. За аснову прататыпа была ўзятая серыйная мадэль Z4 M Coupe. Рухавік — радны 6-цыліндравы 3,2 л. магутнасцю 343 к.с., запазычаны ад M3 (E46). Кузаў у рэтра-стылі быў зроблены з арміраванага вуглявалакном пластыка (даўжыня — 4344 мм, шырыня — 1921 мм, вышыня — 1247 мм). Дзверы адсутнічаюць. Замест іх — адкідны каўпак, які аб’ядноўваў дах з лабавой і бакавымі шыбамі[21].
Да 75-годдзя родстара была пабудавана сучасная інтэрпрэтацыя — BMW 328 Hommage. Паказаны ў 2011 годзе конкурсе элегантнасці ў Віла д’Эстэ[22].
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Аўтамабілі BMW, 1920-я–1960-я — далей →
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Клас | 1920-я | 1930-я | 1940-я | 1950-я | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||
8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | ||||||||||
Аднацыліндравыя | Isetta 250/300 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Апазітныя двухцыліндравыя | 600 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Радныя чатырохцыліндравыя | Dixi 3/15/Dixi 3/15 DA/Dixi 3/15 DA1 | 3/15 DA2/ 3/15 DA4 | 3/20 | 309 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Радныя шасціцыліндравыя | 303 | 315 | 329 | 320 | 321 | 321 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||
326 | 326 | 340/340-2 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
319 | 327 | 327 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
335 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
V8 | 501/502 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
503 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
507 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Спорткар | Wartburg DA3 | 315/1 | 319/1 | 328 |