Абдул Сатар Бузай Аль-Рышаві | |
---|---|
араб. عبد الستار أبو ريشة | |
Нараджэнне |
1972 |
Смерць |
13 верасня 2007[1] |
Веравызнанне | суніты |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Абдул Сатар Абу Рыша (араб. عبد الستارابو ريشة) альбо Абдул Сатар Эфтыкан Бузай аль-Рышаві (араб. الشيخ عبد الستار افتيخان الريشاوي) — шэйх іракскага племя Абу-Рыша, бізнесмен, адзін з буйных лідараў праамерыканскай групоўкі «Сыны Ірака», заснавальнік альянсу суніцкіх плямёнаў «Савет выратавання Анбара», які супрацьстаяў Аль-Каідзе.
Абу Рыша быў унукам правадыра (шэйха) племя, які ўдзельнічаў у іракскім паўстанні супраць брытанскіх сіл у 1920 годзе, і сынам камандуючага англа-іракскай вайны 1941 года. Мала што вядома аб жыцці Абу Рышы да вайны ў Іраку, хоць ён, як паведамляла выданне The Washington Post, кіраваў будаўнічым і імпартна-экспартных бізнесам з офісамі ў Амане (Іарданія) і ў Дубаі (ААЭ)[2].
У пачатку партызанскай вайны, якая рушыла за ўварваннем у Ірак у 2003 годзе, баевікі «Аль-Каіды» ўзмацнілі сваю ўладу ў Эр-Рамадзі, дзе тады жыў Рышаві. Групоўка станавілася ўсё больш агрэсіўнай, спрабуючы падпарадкаваць сабе мясцовых шэйхаў. Неўзабаве яе байцы для вымагальніцтва грошэй і запалохвання сталі выкрадаць і абезгалоўліваць членаў розных плямён. Падчас гэтых падзей бацька Абдула Сатара і два яго брата былі забіты баевікамі. У канцы лета 2006 года Рыша пачаў вербаваць сваіх калегаў-шэйхаў у так званы «Савет выратавання Анбара» і заклікаць членаў свайго племя стварыць мясцовае апалчэнне. Узброеныя сілы ЗША заахвочвалі дадзеную ініцыятыву і забяспечвалі бяспеку першых сходаў Савета ў рэзідэнцыі Рышаві ў заходнім Рамадзі. Пазней замежнікі далі апалчэнцам зброю і боепрыпасы[3]. У сакавіку 2007 года Савет налічыў 41 племя з правінцыі Анбар. Гэта прывяло да рэзкага скарачэння гвалту ў правінцыі і вымусіла многіх баевікоў «Аль-Каіды» бегчы ў іншыя рэгіёны Ірака[4].
Нягледзячы на цеснае супрацоўніцтва з замежнай кааліцыяй, Рышаві сімпатызаваў астатнім групоўкам[2]. Так, ён падтрымліваў Баас і дапамагаў Ісламскай арміі ў Іраку ў яе супрацьстаянні з Аль-Каідай[5].
Абу Рыша быў забіты 13 верасня 2007 года разам з трыма сваімі ахоўнікамі самаробнай выбуховай прыладай, закладзенай на дарозе каля брамы яго дома ў Эр-Рамадзі[2]. Адказнасць за напад ўзяла на сябе «Аль-Каіда», і ў сувязі з гэтым забойствам былі арыштаваны некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку кіраўнік яго ўласнай службы бяспекі[6].
Пахаванне шэйха сабрала каля 1500 чалавек, у тым ліку саветніка па нацыянальнай бяспецы Ірака Мавафака аль-Рубаі, міністра ўнутраных спраў Джавада Булані, міністра абароны генерала Кадзіра Абейдзі і амерыканскага генерал-лейтэнанта Рэйманда Адзіерна, другога камандуючага амерыканскімі войскамі ў Іраку[7]. Пасля смерці Абу Рыша яго брат, шэйх Ахмед Абу Рыша, быў абраны племяннымі правадырамі правінцыі новым лідарам Савета выратавання Анбара[8].