Абу Бакр Юніс Джабер | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
араб. أبو بكر يونس | |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
16 студзеня 1940[1] |
||||||
Смерць |
20 кастрычніка 2011[2] (71 год) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Партыя | |||||||
Прыналежнасць | Лівія | ||||||
Род войскаў | Узброеныя сілы Лівіі | ||||||
Званне | брыгадны генерал | ||||||
Камандаваў | Узброеныя сілы Лівійскай Джамахірыі | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Абу Бакр Юніс Джабер (араб. أبو بكر يونس, 1940—2011) — адзін з бліжэйшых паплечнікаў Муамара Кадафі, адзін з арганізатараў рэвалюцыі 1 верасня, кіраўнік Народнага камітэта абароны з 1970 года, ваенны і палітычны дзеяч перыяду Джамахірыі.
Нарадзіўся ў 1940 годзе ў паселішчы Джалу ў беднай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Трыпалі, сярэдняе ў Бенгазі. У 1963—1965 гадах навучаўся ў Каралеўскім ваенным каледжы ў Бенгазі, дзе вучыўся на адным курсе з Абдэлем Саламам Джэлудам, Мухамадам Магарэфам, Мустафай аль-Харубі, Хувейлдзі аль-Хмейдзі і іншымі членамі падпольнай арганізацыі свабодных афіцэраў. Там жа ён пазнаёміўся і з Муамарам Кадафі. Пасля заканчэння каледжа Юніс Джабер атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў размеркаваны камандзірам узвода ў бронеаўтамабільны батальён у Бенгазі. У 1966-м ён разам з Кадафі праходзіў 10-месячную стажыроўку ў Вялікабрытаніі, дзе вывучаў брытанскую бронеаўтамабільную тэхніку. У групе лівійскіх афіцэраў абодва вылучаліся строгім выкананнем ісламскіх звычаяў, адмаўляліся ад спіртнога і забаўляльных паездак. У 1967 годзе Юнісу Джаберу было прысвоена званне старшага лейтэнанта. Разам з Абдэль Саламам Джэлудам ён быў адным з кіраўнікоў ваенных аперацый 1 верасня 1969 года ў Трыпалі, а пасля перамогі рэвалюцыі ўвайшоў у «Савет 12-ці» — Савет рэвалюцыйнага камандавання на чале з Кадафі ўжо ў званні капітана.
У студзені 1970-га ён быў прызначаны начальнікам Генеральнага штаба лівійскай арміі, а 23 кастрычніка 1976 года рашэннем СРК — галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Лівійскай Арабскай Рэспублікі (Муамар Кадафі тым жа рашэннем быў прызначаны Вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Лівіі), што было раўнасільна пасадзе ваеннага міністра, скасаванай у 1972 годзе.
У жніўні 1977 года Юнісу Джаберу было прысвоена адзінае ў лівійскай арміі званне брыгаднага генерала. З сакавіка 1979 года Юніс Джабер з’яўляўся членам Рэвалюцыйнага кіраўніцтва Лівіі[3].
У 1987 годзе ён узначальваў лівійскую дэлегацыю на ўрачыстасцях з нагоды 70-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве[3].
Падчас вайны ў Лівіі да апошняга заставаўся на баку кадафістаў. 20 кастрычніка 2011-га Абу Бакр Юніс Джабер быў забіты разам з Муамарам Кадафі ў Сірце[4].