Астравы Антыподаў | |
---|---|
англ. Antipodes Islands | |
Характарыстыкі | |
Найбуйнейшы востраў | востраў Антыподаў |
Агульная плошча | 22 км² |
Найвышэйшы пункт | 366 м |
Насельніцтва | 0 чал. |
Размяшчэнне | |
49°40′ пд. ш. 178°46′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Астравы Антыподаў (англ.: Antipodes Islands) — архіпелаг на поўдні Ціхага акіяна ў 860 км на паўднёвы ўсход ад Новай Зеландыі. Уваходзіць у склад гэтай краіны. Агульная плошча — 22 км². Пастаяннага насельніцтва няма.
Адкрыты ў 1800 г. брытанскім мараплаўцам Генры Ватэрхаўзам. Атрымалі назву Антыподаў за тое, што месцяцца амаль процілегла Вялікабрытаніі. Адразу сюды пачалі прыбываць паляўнічыя на ластаногіх. Але ў выніку неміласэрнага знішчэння пагалоўе марскіх звяроў хутка скарацілася, і пасля 1807 г. зверабойны промысел амаль спыніўся.
У 1998 г. астравы Антыподаў разам з іншымі новазеландскімі субантарктычнымі тэрыторыямі трапілі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Астравы маюць вулканічнае паходжанне. Большую частку сушы фармуе ўзгорысты востраў Антыподаў. Берагі скалістыя, месцамі сустракаюцца камяністыя пляжы. Найвышэйшы пункт — 366 м.
Клімат субантарктычны. Большая частка паверхні пакрыта тундрай. Вылучаюцца тарфяныя балоты.
Флора складаецца пераважна з разнатраўя. Для фаўны характэрныя шматлікія птушкі, у тым ліку буравеснікападобныя, пінгвіны, эндэмічны від папугаяў і г. д. Разам з чалавекам на астравы трапілі грызуны. У 2012 г. пачалася кампанія па іх ліквідацыі.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 877 рус. • англ. • фр. |