Ацэола | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Вільям Паўэл (William Powell) |
Род дзейнасці | правадыр семінолаў |
Дата нараджэння | 1804[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 студзеня 1838[4] |
Месца смерці |
|
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ацэола (англ.: Osceola, семінол.: Asi-Yaholo; 1804 — 30 студзеня 1838 гг.), вядомы пры нараджэнні як Вільям Паўэл (англ.: William Powell) — легендарны правадыр семінолаў, арганізатар паўстання супраць улад ЗША, якое ўвайшло ў амерыканскую гісторыю пад назвай «другой семінольскай вайны»).
Нарадзіўся ў 1804 г. ў аддаленай індзейскай вёсцы ў Алабаме. Маці была прадстаўніцай карэннага народа крык, а бацька — амерыканскім гандляром. Паколькі ў племені маці адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі, ён з нараджэння лічыўся індзейцам. У 1814 г., калі крык пацярпелі паражэнне ад арміі ЗША, Ацэола разам з блізкімі сваякамі пераехаў у Фларыду і далучыўся да семінолаў. Сваё імя Asi-Yaholo (літаральна: «стралок чорнага напоя») атрымаў пасля ініцыяцыі. Да пачатку паўстання Ацэола быў жанаты, меў дзвюх жонак.
28 мая 1830 г. быў прыняты закон аб перасяленні індзейцаў з тэрыторый на ўсход ад Місісіпі, у тым ліку з Фларыды. Правадыры семінолаў адмовіліся перасяляцца. Вілі Томпсан, прадстаўнік урада ЗША абвясціў, што не прызнае іх рашэння. Ацэола разглядаўся як адзін з прыхільнікаў Томпсана, магчымы кандыдат у правадыры, прызначаны ўрадам ЗША, і нават атрымаў ад яго сімвалічны падарунак — стрэльбу. Аднак 28 снежня 1835 г. Ацэола разам з прыхільнікамі падманам захапіў Томпсана ў палон і забіў яго, у той час як іншыя семінолы атакавалі калону амерыканскіх салдат.
У ЗША Ацэола разглядаўся як лідар паўстання семінолаў. У кастрычніку 1837 г. ён быў закліканы амерыканцамі да перамоў і падчас прыбыцця ў амерыканскі лагер арыштаваны. Ацэола трапіў у ваенную турму ў Паўночнай Караліне, дзе памёр 30 студзеня 1838 г. ад малярыі. Пасля яго смерці паўстанне семінолаў працягвалася да 1842 г.
Ацэола — герой многіх гістарычных паданняў семінолаў. Яго імем названы шэраг населеных пунктаў у ЗША, запаведны лес у Фларыдзе. Падчас знаходжання Ацэолы ў турме амерыканскія мастакі малявалі яго партрэты. Пасля смерці вядомага правадыра была зроблена яго пасмяротная маска. Ацэола — папулярны персанаж амерыканскай культуры. Яму прысвечаны шэраг кінастужак, музычных і літаратурных твораў, у тым ліку верш Уолта Уітмена.