Белазу́бка малая (Crocidura suaveolens) — дробнае млекакормячае з роду Белазубкі (Crocidura) сямейства Землярыйкавыя (Soricidae).
Даўжыня цела 5—7 см, маса 4—8 г. Вушы добра развітыя. Поўсць кароткая, на спіне і баках ад цёмна-бурай да светлай блакітна-шэрай. На бруху поўсць мае светла-шэры або белаваты колер. На хвасце рэдкія валаскі белаватага колеру.
Распаўсюджана на тэрыторыі Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы, Сярэдняй Азіі, Паўночнай Афрыкі, на поўначы Кітая, на Каўказе, у Забайкаллі і Прымор’і. На тэрыторыі Беларусі трапляецца рэдка (адзначана на Палессі ў Лунінецкім, Мазырскім і Чачэрскім раёнах).
Спароўваюцца ў маі—чэрвені. Цяжарнасць працягваецца 4 тыдні. Нараджаюць 5—10 дзіцянят.
За суткі малая белазубка з’ядае корму амаль у паўтара разы больш, чым важыць сама і не харчуючыся можа пражыць каля сутак.