Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Блуфілдс (ісп.: Bluefields) — горад на паўднёвым усходзе Нікарагуа, цэнтр аднайменнага муніцыпалітэта, адміністрацыйны цэнтр Аўтаномнага рэгіёна паўднёва-карыбскага ўзбярэжжа. Насельніцтва (2005 г.) — 45 547 чалавек.
Горад Блуфілдс месціцца ў 383 км на ўсход ад Манагуа, сталіцы Нікарагуа, на беразе аднайменнай лагуны. Навакольныя землі даволі нізкія, не перавышаюць 25 над узроўнем мора. Блуфілдс з’яўляецца цэнтрам муніцыпалітэта з агульнай плошчай 4638 км². Горад займае адносна невялікую частку гэтай тэрыторыі, астатнія землі заняты сельскагаспадарчымі і ляснымі раёнамі. Аднак колькасць гарадскіх жыхароў болей чым у 20 разоў перавышае колькасць сельскіх.
Клімат трапічны вільготны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +25,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 4320 мм. Улетку існуе пагроза ўраганаў.
У 1602 г. галандскі пірат Абрагам Блаўвельт (нідэрл.: Abraham Blauvelt) адкрыў і даследаваў лагуну на захадзе Карыбскага мора. Яна, а таксама навакольнае ўзбярэжжа атрымалі яго імя, пазней перакладзенае на англійскую мову як Блуфілдс (англ.: Bluefields). Мясцовыя тэрыторыі належалі да Маскітавага берага, на якім сфарміравалася дзяржава індзейцаў-міскіта. У 1740—1786 гг. яна з’яўлялася пратэктаратам Вялікабрытаніі. У 1744 г. была арганізавана калонія Блуфілдс, што фактычна знаходзілася пад кантролем брытанскага губернатара Ямайкі. Сюды перасяляліся плантатары разам са сваімі чарнаскурымі рабамі. Пасля далучэння Маскітавага берага да Іспанскай каланіяльнай імперыі некаторыя з іх пажадалі застацца.
У 1844 г. Маскітавы бераг зноў быў прыняты пад пратэктарат Вялікабрытаніі. У 1845 г. малады кароль міскіта Роберт Чарлз Фрэдэрык выбраў Блуфілдс у якасці сваёй сталіцы. Тут таксама знаходзілася рэзідэнцыя брытанскага консула. У горадзе сяліліся як міскіта, так і выхадцы з брытанскай Вест-Індыі.
Блуфілдс выконваў функцыі сталіцы Маскітавага берага да 1894 г., пакуль дзяржаўнасць міскіта не была канчаткова ліквідавана з боку Нікарагуа. Ён быў далучаны да дэпартамента Селая і з’яўляўся яго адміністрацыйным цэнтрам. Мясцовыя жыхары традыцыйна падтрымлівалі апазіцыйныя настроі ў дачыненні да ўлад у Манагуа. Пасля Сандзінісцкай рэвалюцыі значная частка дэпартамента кантралявалася контрас. Для палітычнай разрадкі і сацыяльна-эканамічнага развіцця карыбскага ўзбярэжжа Нікарагуа ў 1987 г. быў створаны Аўтаномны рэгіён паўднёва-карыбскага ўзбярэжжа. Блуфілдс стаў яго адміністрацыйным цэнтрам.
Каля 10 % жыхароў Блуфілдса размаўляюць на мясцовым крэольскім дыялекце англійскай мовы, яшчэ каля 15 % адначасова карыстаюцца іспанскай мовай і крэольскім дыялектам. З XIX ст. сярод вернікаў шырока распаўсюджаны пратэстантызм.
У Блуфілдзе працуюць 2 універсітэты.
Блуфілдс — важны транспартны цэнтр на карыбскім узбярэжжы Нікарагуа. Тут працуюць порт і аэрапорт. Да 2018 г. не было прамога аўтамабільнага шляху паміж Блуфілдсам і Манагуа, у наш час ён часткова забяспечваецца дзякуючы паромнай пераправе.
Сацыяльная становішча гарадскога насельніцтва складанае. 63,1 % насельнікаў вызначаюцца як вельмі бедныя, 33,1 % — як бедныя. У 1990-х гг. транзітны характар прывёў да значнага росту гандлю наркотыкамі. З канца XX ст. развіваецца турызм. У 2018 г. Цэнтральнаамерыканскі банк эканамічнай інтэграцыі вылучыў 38,8 млн долараў ЗША для развіцця ў горадзе водазабеспячэння і санітарыі.