Першы нумар «Брестской газеты» выйшаў на 12 старонках. Максімальны аб’ём за час выхаду газеты — 40 старонак[6]. Дзень выхаду — чацвер.
У кастрычніку 2013 года «Брестская газета» абнавіла дызайн: змяніліся вёрстка, шрыфты, лагатып[7].
У 2015 годзе рэдакцыя была вымушана скараціць тыраж газеты ў сувязі з эканамічным крызісам у Беларусі[8].
У чэрвені 2019 года чыноўнікі адмовілі журналісту «Брестской газеты» ва ўваходзе ў новы будынак Брэсцкага абласнога суда на тэматычную прэс-канферэнцыю з нагоды яго адкрыцця з-за «адсутнасці акрэдытацыі»[9]. Газета актыўна асвятляла пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам[10].
Журналістаў, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыяй, неаднаразова затрымлівалі і судзілі падчас працы на акцыях пратэсту ў Брэсце[11][12][13][14][15]. У кастрычніку 2020 года выданне далучылася да сумеснай заявы Беларускай асацыяцыі журналістаў і рэдакцый незалежных СМІ з нагоды ціску на партал «TUT.BY» і абмежавання доступу да незалежных сайтаў[1][2]. Газета заняла актыўную грамадзянскую пазіцыю супраць гвалту пры асвятленні пратэстаў, распачала кампанію падпіскі на сябе палітычных зняволеных, друкавала іх адказы на свае лісты за краты[5].
У канцы лістапада ад Брэсцкай абласной друкарні прыйшоў ліст з паведамленнем, што час друку газеты пераносіцца з раніцы на тры гадзіны дня[5]. У рэдакцыі склалася ўражанне, што супадзенне па часе, якое вяло да нязручнасці ў чытачоў, якія прывыклі купляць газету, пачынаючы з 11 гадзін раніцы, невыпадкова: паводле дамовы з «Белпоштай» якраз у 15 гадзін нумар павінен быў трапляць на ўчастак па апрацоўцы друкаванай прадукцыі для далейшай дастаўкі падпісчыкам, што стала фізічна немагчымым[5]. На наступны дзень пасля гэтага ліста Брэсцкая абласная друкарня, у якой газета друкавалася ўсе 18 гадоў, без усякай прычыны і зусім адмовілася друкаваць выданне з 2021 года; факс пра гэта падпісаў Вячаслаў Шахлевіч, дырэктар друкарні[16].
З нагоды «ціску на папулярнае незалежнае рэгіянальнае выданне» Аб’яднаныя Масмедыі звярнуліся да Шахлевіча, Брэсцкага гар- і аблвыканкамаў, Міністэрства інфармацыі з мэтай паспрыяць перагляду рашэння[17]. На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, сітуацыя з «Брестской газетой» пацвярджае ціск уладаў на рэгіянальную прэсу, бо «тое, што гэта адбываецца на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў, нікога не павінна падманваць»[10].
У канцы 2020 года галоўнаму рэдатару Віктару Марчуку і іншым журналістам пракуратура Брэста вынесла афіцыйнае папярэджанне за «распаўсюд недакладнай інфармацыі», але азнаёміцца са зместам дакумента не дала, верагодна заўвага была вынесена з-за відэазвароту супраць гвалту[18].
Каб пазбегнуць штрафных санкцый у сувязі з негарантаванай дастаўкай тыражу, у выніку было вырашана адмовіцца ад паслуг «Белпошты» па падпісцы на першае паўгоддзе 2021 года[19][20]. 19 студзеня 2021 года стала вядома, што «Брестская газета» часова прыпыняе свой выпуск па прычыне таго, што ўсе беларускія друкарні адмовіліся друкаваць газету[21][22].
19 сакавіка 2021 года галоўнаму рэдактару Віктару Марчуку пракуратура вынесла папярэджанне за заклік да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, але дзе і калі было здзейснена правапарушэнне яе супрацоўнікі сказаць не змаглі[23].
8 ліпеня 2021 года ў рэдакцыі прайшоў ператрус, які быў часткай маштабнага пагрому незалежных беларускіх медыя[24][25]. Падставы для ператрусу былі невядомыя, праз два дні рэдакцыя паведаміла, што ў супрацоўнікаў забралі ўсю тэхніку[26].
Ленінскі раённы суд Брэста ў лістападзе 2021 года дадаў у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў сайт газеты, а ў красавіку 2022 года – яе Telegram-канал[27].
З 2009 года ў «Брестской газеты» ёсць свой сайт, на якім спачатку з’яўлялася інфармацыя, якая змяшчалася і ў друкаванай версіі. Змест сайта абнаўляўся адзін раз на тыдзень.
У 2017 годзе дызайн сайта абнавіўся. Змянілася падача інфармацыі, навіны сталі публікавацца штодня. Таксама на сайце ёсць аўтарскія матэрыялы, якія не друкуюцца ў газеце, відэазапісы, фотарэпартажы, апытанкі[29].
З 2011 года «Брестская газета» пачала весці анлайн-трансляцыі. Упершыню 6 ліпеня карэспандэнты перадавалі ў прамым эфіры, што адбывалася на маўклівай акцыі пратэсту ў Брэсце[30].
На думку выкладчыка факультэта журналістыкі БДУ Данііла Шаўрова, газета выгадна адрозніваецца высокай доляй аналітычных матэрыялаў на фоне іншых выданняў Брэстчыны. Такія артыкулы маюць розны геаграфічны фокус, і рэспубліканскі, і рэгіянальны, што робіць іх патэнцыйна цікавымі для любой аўдыторыі. Станоўча ацэнены калонкі галоўнага рэдактара Віктара Марчука, прыводзяцца ў прыклад артыкулы шэрагу іншых аўтараў газеты[31].
Юрыст і палітычны вязеньМаксім Знак у лісце да рэдакцыі ў студзені 2021 года напісаў, што ён ганарыцца калектывам газеты, «які быў побач у самых ізаляваных прасторах» і «не змяніў сабе, бо газета, напэўна, магла б нешта выдаваць, што друкавалі б, але наўрад ці б чыталі»[32].
Дыплом Брэсцкага аблвыканкама «За канструктыўны падыход да асвятлення розных сфер жыццядзейнасці рэгіёна» (2010)[33].
Прэмія старшыні Брэсцкага аблвыканкама «За актыўную журналісцкую пазіцыю» журналісткі Жанны Сідарук (2011)[34], якая перадала яе сям’і актывіста Івана Стасюка, затрыманага напярэдадні акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і арыштаванага на 10 сутак за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі[35].
Дыплом за першае месца ў намінацыі «Найлепшае журналісцкае раследаванне і зваротная сувязь з чытачамі» конкурсу «Найлепшая рэгіянальная газета года 2013», арганізаванага Асацыяцыяй выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыі»[36].
Дыплом трэцяй ступені ў намінацыі «Найлепшы аналітычны матэрыял» конкурсу «Найлепшая рэгіянальная газета 2015», арганізаванага Асацыяцыяй выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыі»[37].
Перамога ў намінацыях «Найлепшая рэгіянальная газета года», «Найлепшае журналісцкае расследаванне» (Людміла Селех і Ала Вёрстава), «Найлепшая сацыяльная акцыя года» конкурсу «Найлепшая рэгіянальная газета 2018», арганізаванага Асацыяцыяй выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыі»[38].
Перамога ў намінацыях «Найлепшае журналісцкае расследаванне і зваротная сувязь з чытачамі» (Крысціна Галавійчук за серыю матэрыялаў пра галадаючых братоў), «Адукацыя і культура» (Ірына Шаціла, «За свой счёт закупил антисептики»), «Беларуская мова» (Марыя Маляўка, за серыю матэрыялаў «Мова перамен») конкурсу «Найлепшае рэгіянальнае медыя» Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыі» ў 2020 годзе[39][40].
↑"Lukaschenka setzt weiter auf Gewalt"(PDF). Für die Menschenrechte(ням.) (11). Міжнароднае таварыства правоў чалавека: 4. 2020. Архівавана(PDF) з арыгінала 2020-12-01. Праверана 2020-12-01. Für ihre Berichte über Protestmärsche in Brest wurden Reporter der Zeitung „Brestskaja Gaseta" verhaftet und drei Tage eingesperrt. In einem Eilprozess danach erhielten sie weitere 15 Tage.