Бібліятэ́ка Кангрэ́са (па-англійску: The Library of Congress) — нацыянальная бібліятэка ЗША, адна з найбуйнешых бібліятэк свету. Знаходзіцца ў Вашынгтоне. З’яўляецца навуковай бібліятэкай Кангрэса ЗША, абслугоўвае ўрадавыя органы, даследчыя ўстановы, навуковых супрацоўнікаў, прыватныя фірмы і прамысловыя кампаніі, школы. Адмысловы аддзел Бібліятэкі Кангрэса займаецца афармленнем аўтарскіх правоў. Аформіць аўтарскае права можна і ў інтэрнэце, запоўніўшы бланк форму на сайце Бібліятэкі Кангрэса.
Бібліятэка заснавана 24 красавіка 1800 года як даведачная для патрэб Кангрэса ЗША, паступова ператварылася ў нацыянальны інстытут. Пасля 2-й сусветнай вайны буйная ўніверсальная бібліятэчна-інфармацыйная сістэма, у складзе якой: заканадаўчая бібліятэка і галоўны даследчы цэнтр Кангрэса ЗША; публічная бібліятэка; урадавая для абслугоўвання выканаўчых і судовых органаў; агенцтва па аўтарскім праве; цэнтр нацыянальнай бібліяграфіі; міжнародны інстытут (збірае даследчыя матэрыялы на больш як 400 мовах, мае 7 замежных агенцтваў); нацыянальны цэнтр бібліятэчнага абслугоўвання сляпых і інвалідаў. Агульны фонд (на 1.1.1992) 90 млн экзэмпляраў кніжных выданняў і інш.
У сярэдзіне 1960-х гадоў створаны фармат МАРК для падачы бібліяграфічных звестак у машыначытальнай форме.
Бібліятэка Кангрэса мае 18 чытальных зал на 1460 чытацкіх месцаў. З бібліяграфічных выданняў бібліятэкі Кангрэса найбольш значныя «Нацыянальны зборны каталог» («The National Union Catalog»), які выходзіць з 1958 года штомесяц, і зборны каталог кніг, які захоўваюцца ў бібліятэках ЗША (610 тт.). выдала больш за 2 млн кніг па сістэме Брайля і гуказапісаў для сляпых.