Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Більбаа (ісп.: Bilbao; баскск.: Bilbo) — горад на поўначы Іспаніі, які размяшчаецца ў аўтаномнай супольнасці Краіна Баскаў, з’яўляючыся самым населеным горадам супольнасці. У Більбаа (як і ва ўсёй Краіне Баскаў) дзве афіцыйныя мовы — іспанская і баскская.
Рэшткі старажытнага паселішча, якія былі выяўлены на вяршыні гары Мальмасін, датуюцца прыкладна III ці II стагоддзем да нашай эры[1]. На месцы сучаснага горада існавала старажытнае паселішча, якое было згада яшчэ Плініем Старэйшым і Пталамеем.
Горадам Більбаа стаў 15 чэрвеня 1300 года калі герцаг Біскаі Дыега Лопес V дэ Ара праз муніцыпальны статус заснаваў тут горад. Пазней 4 студзеня 1301 года гэта рашэнне было падтрымана каралём Кастыліі і Леона Фердынандам IV.
21 чэрвеня 1511 года каралева Хуана I Вар’ятка дала загад стварыць у Більбаа консульства. Гэтая ўстанова стала самым уплывовым інстытутам гораду на працягу стагоддзяў. Пад кантролем консульства быў порт Більбаа, які стаў адным з найбольш важных у Іспаніі. У 1602 годзе Більбаа стаў сталіцай Біскаі, якая раней знаходзілася ў Бермеа[2].
У канцы XVII стагоддзя Більбаа пераадолеў эканамічны крызіс, які ў гэты час быў у Іспаніі, дзякуючы гандлю жалезнай руды, пастаўкі якой адбываліся з мясцовага порту ў Англію і Нідэрланды. У XVIII стагоддзі горад працягваў квітнець і амаль вычарпаў свае невялікія прасторы. Краіна Баскаў была адным з галоўных месцаў бітв Карлісцкіх войнаў і карлісты вельмі жадалі заваяваць горад, які з’яўляўся эканамічным бастыёнам лібералаў. Горад быў абложаны тры разы паміж 1835 і 1874 гадамі, але ўсе яны апынуліся беспаспяховымі.
Більбаа размешчаны каля 14 кіламетраў на поўдзень ад Біскайскага заліва, у вусце ракі Нерв’ён, яго прыгарады выходзяць да ўзбярэжжа. Горад акружаны дзвюма маленькімі горнымі хрыбтамі з сярэдняй вышынёй калі 400 метраў.
Клімат Більбаа | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 23,4 | 26,8 | 29,8 | 33,1 | 36,0 | 41,2 | 42,0 | 41,9 | 41,7 | 33,4 | 27,6 | 24,6 | 42,0 |
Сярэдні максімум, °C | 13,2 | 14,5 | 15,9 | 16,8 | 20,1 | 22,6 | 25,2 | 25,5 | 24,4 | 20,8 | 16,4 | 14,0 | 19,1 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 9,0 | 9,8 | 10,8 | 11,9 | 15,1 | 17,6 | 20,0 | 20,3 | 18,8 | 15,8 | 12,0 | 10,0 | 14,3 |
Сярэдні мінімум, °C | 4,7 | 5,1 | 5,7 | 7,1 | 10,1 | 12,6 | 14,8 | 15,2 | 13,2 | 10,8 | 7,6 | 6,0 | 9,4 |
Абсалютны мінімум, °C | −7,6 | −8,6 | −5 | −1,2 | 0,4 | 3,6 | 6,6 | 6,8 | 3,8 | 0,6 | −6,2 | −7,4 | −8,6 |
Норма ападкаў, мм | 126 | 97 | 94 | 124 | 90 | 64 | 62 | 82 | 74 | 121 | 141 | 116 | 1 195 |
Крыніца: Agencia Estatal de Meteorología[3][4] |
Більбаа з’яўляецца эканамічным цэнтрам краіны Баскаў з часоў консульства, у асноўным дзякуючы гандлю ў кастыльскімі прадуктамі праз гарадскі порт. Банк Більбаа быў заснаваны ў 1857 годзе, Банк Біскаі быў створаны ў 1901 годзе, таксама ў Більбаа. Абедзве фінансавыя арганізацыі аб’ядналіся ў 1988 годзе, стварыўшы, такім чынам, карпарацыю BBV, да якой потым была далучана Архентарыя ў 1999 годзе, пасля чаго карпарацыя на сёння вядома як BBVA.
Як і ў большасці гарадоў Іспаніі, футбол з’яўляецца самым папулярным відам спорту. На другім месцы знаходзіцца баскетбол. Асноўным футбольны клубам у горадзе з’яўляецца клуб «Атлетык». Ён гуляе на стадыёне «Сан-Мамес», які з’яўляецца найстарэйшым стадыёнам у Іспаніі[5]. «Атлетык» з’яўляецца адным з членаў-заснавальнікаў іспанскай футбольнай лігі, Ла Лігі.