Веды (වැදි) | |
Агульная колькасць | 2500 (2002 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Шры-Ланка |
Мова | веда |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм |
Блізкія этнічныя групы |
Веды (сінгальск.: වැදි, літаральна «паляўнічыя») — карэнныя насельнікі Паўночна-Цэнтральнай і Усходняй правінцый Шры-Ланкі. Агульная колькасць — 2500 чал. (2002 г.)[1].
Веды не з’яўляюцца суцэльна адзіным народам, падзяляюцца на розныя плямёны і сваяцкія групы, якія насяляюць лясную мясцовасць Паўночна-Цэнтральнай і Усходняй правінцый Шры-Ланкі. Таксама вылучаюць лясных ведаў, што імкнуцца захоўваць традыцыйны лад жыцця, і вясковых ведаў. Агульная назва «веды» ім была дадзена суседзямі-сінгаламі. У апошнія гады на Шры-Ланцы таксама выкарыстоўваецца нейтральная назва ванія-лаэта (Wanniya-laeto «людзі лесу»). Ад сінгалаў і тамілаў яны адрозніваюцца не толькі заняткамі, але і знешнім выглядам. Належаць да асобай ведоіднай малой расы вялікай аўстралоіднай расы. Веды вылучаюцца малым ростам, цёмнай скурай, рэдкімі кудлатымі валасамі, прагнатызмам (высунутай наперад сківіцай) і інш.
Продкі ведаў перасяліліся на Шры-Ланку з тэрыторыі сучаснай Індыі задаўга да з’яўлення на ёй продкаў сінгалаў і тамілаў. Генетычныя даследаванні выявілі, што веды могуць быць прамымі нашчадкамі шры-ланкійскіх тубыльцаў часоў каменнага веку[2]. Цікава, што найбольш старажытныя рэшткі людзей сучаснага тыпу, знойдзеныя археолагамі на востраве, сведчаць пра тое, што яны былі дастаткова высокія[3]. Нізкі рост сучасных ведаў можа быць растлумачаны іх прыстасаваннем да ўмоў вільготнага трапічнага лесу на працягу тысячагоддзяў.
У летапісу «Махавамса» кажацца, што прыход на Шры-Ланку сінгалаў у VI ст. да н.э. суправаджаўся ваеннымі сутычкамі з абарыгенамі якха[4]. Здагадкі некаторых даследчыкаў, што веды аказалі істотны ўплыў на новых пасяленцаў праз узаемныя шлюбы, не пацвердзіліся. Даследаванні нашага часу паказалі, што веды і сінгалы генетычна моцна адрозніваюцца паміж сабой[5]. Перасяленне земляробаў, сінгалаў і тамілаў, суправаджалася выцісканнем паляўнічых і збіральнікаў з іх тэрыторый, паступовым скарачэннем лясной зоны, захопам найбольш прыдатных мясцін на ўзбярэжжы. Веды не выплочвалі даніну і не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях паміж мясцовымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, аднак здаўна займаліся абменам прадуктаў лясной гаспадаркі на рамесныя вырабы, рыс, тытунь і г. д.
У XVII ст., калі на Шры-Ланку прыйшлі галандцы, паселішчы ведаў сустракаліся ад Цэнтральнага сугор’я да паўночнага і ўсходняга ўзбярэжжаў. Але да канца XIX ст., калі ведамі зацікавіліся вучоныя, іх колькасць скарацілася да некалькіх тысяч чалавек. Брытанскія каланіяльныя ўлады прадпрымалі асцярожныя крокі для ўцягвання насельнікаў лесу ў сучасную гаспадарку, але ніякіх істотных вынікаў не атрымалі. Выношваліся планы аб кампактным пасяленні ведаў у цэнтральных раёнах далёка ад цывілізацыі, але пасля кароткіх дыскусій гэтага не зрабілі.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля стварэння на востраве незалежнай дзяржавы (1948 г.) значная частка племянных тэрыторый ведаў зноў была адчужаная для вядзення сельскай гаспадаркі, нацыянальных паркаў і вадасховішчаў. Веды перасяляліся ў спецыяльна пабудаваныя для іх паселішчы і прызвычайваліся да новага ладу жыцця. Яны не маюць магчымасці атрымоўваць адукацыю на роднай мове, паляваць або стала жыць у лесе. Найбольш вядомая спроба мірнага супраціўлення дзеянням дзяржаўных органаў была зроблена групай ведаў, што насяляе раён Дамбаны ва Усходняй правінцыі. Яны пакінулі пабудаваныя ўладамі жытлы і вярнуліся ў лес. Пасля чарговага прымусовага перасялення яны звярнуліся ў суд і да міжнародных арганізацый. Гэта не дапамагло вярнуць усе страчаныя тэрыторыі (у 1990 г. вярнулі каля 610 га для вядзення сельскай гаспадаркі), аднак прыцягнула ўвагу да праблем карэннага насельніцтва з боку грамадскіх дзеячаў і палітыкаў. У пачатку XXI ст. каля Дамбаны быў створаны Цэнтр спадчыны ведаў.
Галоўнымі заняткамі ведаў былі паляванне і збіральніцтва. Мяса сушылі і нарыхтоўвалі пра запас у дуплах старых дрэў. Жыхары ўзбярэжжа лавілі рыбу. Яшчэ ў XVII ст. веды наогул не займаліся сельскай гаспадаркай, але пазней з’явілася падсечна-агнявое земляробства. Большасць прылад працы рабілася з дрэва, шліхтаваных камянёў і слановай косці.
Сацыяльныя адносіны даволі складаныя. Муж і жонка лічацца раўнапраўнымі партнёрамі ў адносінах да сямейнай уласнасці і дзяцей. Пасля шлюбу жанчына пераходзіць у сям’ю мужа, уласнасць перадаецца па спадчыне ад бацькі да сына, але дзеці бяруць родавае імя маці. Нават вясковыя веды аддаюць перавагу матчынаму прозвішчу.
Веды вядомы як добрыя разьбяры па дрэве і косці. Захоўваюцца традыцыі рытуальных танцаў. Жанчыны носяць багатыя ўпрыгожванні з ракавін малюскаў і слановай косці. У мужчын прынята мець доўгую бараду.
Мова ведаў зведала моцны ўплыў сінгальскай і тамільскай моў, так што захавала толькі некаторыя словы старажытных гаворак. Значная колькасць маладых ведаў не размаўляе на ёй. Бяспісьменная.
У аснове традыцыйных вераванняў ляжаць культ продкаў і шанаванне духаў прыроды.