Вітаўт

Вітаўт
Партрэт з брэсцкага аўгусцінскага манастыра. Невядомы аўтар, другая палова XVII стагоддзя. Прыжыццёвыя выявы Вітаўта не захаваліся.
Партрэт з брэсцкага аўгусцінскага манастыра. Невядомы аўтар, другая палова XVII стагоддзя. Прыжыццёвыя выявы Вітаўта не захаваліся.
Герб Вітаўта з хронікі Ульрыха Рыхенталя
Герб Вітаўта з хронікі Ульрыха Рыхенталя
Вялікі князь літоўскі
4 жніўня 1392 — 27 кастрычніка 1430
Папярэднік Ягайла Альгердавіч
Скіргайла Альгердавіч (як намеснік Ягайлы, 1386—1392)
Пераемнік Свідрыгайла Альгердавіч

Нараджэнне каля 1350
Старыя Трокі
Смерць 27 кастрычніка 1430(1430-10-27)
Месца пахавання Кафедральны сабор Святога Станіслава
Род Гедзімінавічы
Бацька Кейстут
Маці Бірута
Жонка 1-я: Марыя Лукомская (?)
2-я: Ганна Святаслава
3-я: Юльяна Гальшанская
Дзеці Соф'я
Веравызнанне хрысціянства і язычніцтва
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вітаўтхрышчэнні Аляксандр, ~1350 — 27 кастрычніка 1430[1]) — князь гарадзенскі (1370—1382), князь луцкі (1370—1382), вялікі князь літоўскі (13921430), абвешчаны кароль гусітаў[2]. Сын Кейстута, пляменнік Альгерда і стрыечны брат Ягайлы.

Адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці празваны Вялікім[3].

Быў ахрышчаны першы раз у 1382 годзе ў каталіцкаму абраду пад імем Віганд, другі раз у 1384 годзе ў праваслаўнаму абраду пад імем Аляксандр і трэці раз у 1386 паводле каталіцкага абраду таксама пад імем Аляксандр[4].

Імя Вітаўт — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[5].

Першая аснова Vy- знаходзіцца ў аблаўтных дачыненнях з асновамі Vai-, Vei-, Vie-, Vi-[6], якія, у сваю чаргу, звязаныя з літ. vyti «гнаць, даганяць» і далей індаеўрапейскім *ṷei- «рушыць, імкнуцца; гнаць», ад якога і блр. вайна, ваяваць[7].

Другая аснова Taut- звязаная з літ. tauta[8], лат. tauta «народ», пруск. tauto «краіна», усё да індаеўрапейскага *teuta «народ; краіна»[9].

У імені Вітаўт, такім чынам, спалучыліся іменныя асновы, што пазначаюць паняцці «вайны» і «народу» (народу ў пляменным сэнсе), важнасць якіх сягае яшчэ раннелітоўскай эпохі[10]. Значэнне імя Вітаўт можна перадаць як "той, хто ваюе за народ".

Нарадзіўся Вітаўт каля 1350. Дакладная дата яго нараджэння невядомая. Храніст Конрад Бітшын  (ням.) пры апісанні бітвы пад Рудавай (1370) згадаў, што Вітаўту, які ўдзельнічаў у бітве, было дваццаць гадоў. Па Кромеру, у 1430 Вітаўту было восемдзесят[11]. Бацька Вітаўта Кейстут і яго дзядзька Альгерд кіравалі сумесна і не змагаліся за ўладу паміж сабой. Альгерд быў вялікім князем і займаўся ўсходнімі і паўднёвымі справамі, Кейстут вёў упартую барацьбу з тэўтонскімі рыцарамі на паўночным захадзе[12]. Маці Вітаўта была другая жонка Кейстута Бірута, пра якую вядома вельмі мала.

У маладосці. Невядомы мастак, XVIII ст.[13]

Першыя звесткі аб Вітаўце адносяцца да канца 1360-х гадоў. У 1368 і 1372 гадах ён удзельнічаў у паходах Альгерда на Маскву. У 1374 атрымаў у валоданне Гарадзенскае княства. У 1376 годзе ўжо як князь гарадзенскі ўдзельнічаў у паходзе на Польшчу. З 1377 праводзіў самастойныя паходы ў землі Тэўтонскага ордэна[11].

Пасля смерці Альгерда ў 1377 Кейстут прызнаў яго старэйшага сына ад другога шлюбу Ягайлу вялікім князем літоўскім і працягнуў традыцыйную для сябе вайну з крыжакамі[14].

Тым не менш, Ягайла баяўся свайго ўплывовага дзядзьку, да таго ж супраць Кейстута яго наладжвалі маці Ульяна Цвярская і зяць Вайдыла[15][16].

У лютым 1380 Ягайла без узгаднення з Кейстутам заключыў пяцімесячнае перамір’е з Лівонскім ордэнам для абароны сваіх спадчынных земляў у Літве, а таксама Полацка, толькі што адабранага ў свайго брата і канкурэнта Андрэя[14].

31 мая 1380 года Ягайла і вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Вінрых фон Кніпродэ заключылі тайны Давыдзішкаўскі дагавор, падставіўшы тым самым пад удар крыжакоў землі Кейстута, на якія дзеянне дагавора не распаўсюджвалася[17].

Барацьба за ўладу

[правіць | правіць зыходнік]
Ягайла змяшчае Вітаўта і Кейстута ў вязніцу. В. Герсан, 1873

У лютым 1381 крыжакі ўварваліся ў землі Кейстута і рушылі ў кірунку Трокаў. Быў разбураны Новы Гарадок і ўзята ў палон каля 3 000 чалавек[18]. Комтур  (руск.) Астэродэ Гюнтэр Гоенштейн паведаміў Кейстуту аб заключэнні Давыдзішкаўскага дагавора[18], пасля чаго Кейстут вырашыў пачаць вайну з Ягайлам. У канцы 1381 ён на чале войска адправіўся ў Прусію, але па дарозе рэзка павярнуў да Вільні[15]. Незадаволены рашэннем бацькі Вітаўт адбыў у Драгічын і Гродна. Кейстут з лёгкасцю ўзяў Вільню, паланіў самога Ягайлу. Акрамя таго, ён выявіў сакрэтны дагавор з Ордэнам, якім змог даказаць Вітаўту планы Ягайлы[16].

У час перамоў з Ягайлам у Вільні (1382), Вітаўта разам з Кейстутам схапілі і змясцілі ў Крэўскі замак. У замку Кейстута задушылі, аднак Вітаўт пры дапамозе жонкі Ганны Святаслаўны здолеў уцячы.

У ходзе барацьбы са стрыечным братам Вітаўт быў вымушаны двойчы бегчы ва ўладанні Тэўтонскага ордэна (1382—1384, 1389—1392) з перадачай ордэну Жамойці. Праз Берасце і Мазовію прыбыў у Прусію, дзе 21 кастрычніка 1383 прыняў каталіцтва і імя Віганд. Па вяртанні на радзіму ў 1384 перайшоў у праваслаўе і атрымаў імя Аляксандр, аднак пазней вярнуўся ў каталіцтва, захаваўшы другое імя.

У 1384 годзе ён атрымаў назад частку спадчыны свайго бацькі.

Пасля уніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у 1385 Вітаўт узначаліў групоўку феадалаў ВКЛ, якія былі супраць уніі з Польшчай[1]. Ён змагаўся за незалежнасць княства ад Польшчы і дамагаўся ад польскага караля Ягайлы прызнання за сабой (на правах намесніка) Вялікага Княства Літоўскага. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна цягам вайны (13891392) спрабаваў скінуць намесніка Ягайлы на літоўскім стальцы — свайго стрыечнага брата Скіргайлу і пачаць кіраваць дзяржавай незалежна ад польскага караля.

У выніку гэтай барацьбы паміж ім і Ягайлам у 1392 годзе было заключана кампраміснае Востраўскае пагадненне, паводле якога была прызнана фактычная вярхоўная ўлада Вітаўта ў ВКЛ, але Ягайла дэ-юрэ захоўваў тытул вялікага князя літоўскага[1]. Вітаўту былі вернуты вотчынныя землі Троцкага княства, раней аднятыя Ягайлам і перададзеныя Скіргайле. Вітаўт станавіўся намеснікам Ягайлы ў Літве, фактычна — кіраўніком.

Вітаўт праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання велікакняжацкай улады. Вёў актыўную знешнюю палітыку. Падчас Вітаўта ВКЛ працягвала падтрымліваць Цвярское і Разанскае  (руск.) вялікія княствы супраць Масквы[1]. У 1395 уключыў у склад ВКЛ Смаленскае княства.

Бітва на Ворскле

[правіць | правіць зыходнік]
Бітва на Ворскле. Мініяцюра XVI ст. з Ілюстраванага летапіснага зводу  (руск.).
Касцёл Вітаўта ў Каўнасе, пабудаваны каля 1400

Пасля паражэння Тахтамыша ад войска Тамерлана ў 1395 годзе, спусташэння і паслаблення Залатой Арды вялікі князь Вітаўт даў прытулак Тахтамышу на сваёй тэрыторыі, а пасля сыходу Тамерлана на Блізкі Усход распачаў некалькі паходаў углыб татарскай тэрыторыі. Літоўская армія спачатку перайшла Дон і нанесла паражэнне татарскай ардзе паблізу Волгі, узяўшы тысячы палонных. У 1397 Вітаўт з’явіўся ў Крыме, дзе зноў атрымаў перамогу над татарамі, варожымі Тахтамышу.

Вітаўт імкнуўся да таго, каб Папа Рымскі абвясціў крыжовы паход, які дазволіў бы яму сцерці Залатую Арду, заваяваць рускія землі і атрымаць каралеўскую карону[19].

Вітаўт вёў пастаянную барацьбу супраць татар, ачысціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам. У 1399 у бітве на Ворскле ўзначаленае Вітаўтам аб’яднанае войска, якое ўключала воінаў Вялікага Княства Літоўскага, палякаў, рускіх князёў, крыжакоў і татараў збеглага ў Літву хана Тахтамыша, пацярпела поўнае паражэнне ад войскаў хана Цімура Кутлуга і цемніка  (руск.) Эдыгея  (руск.)[1]. Войска Вітаўта фарсіравала раку і абрынулася на войскі Цімура Кутлуга, але ў гэты час войскі Эдыгея абышлі яго з флангаў, прыціснуўшы да ракі і амаль цалкам знішчыўшы. Сам Вітаўт быў паранены і ледзь не патануў.

У выніку гэтага сарваліся планы Вітаўта панавання над усімі землямі колішняй Русі. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль ВКЛ над Паўночным Прычарнамор’ем.

Паражэнне на Ворскле аслабіла пазіцыі Вітаўта. Яму давялося адмовіцца ад амбіцыйных планаў на ўсходзе. Было зноў страчана Смаленскае княства. Па патрабаванні Польшчы ў 1401 годзе была заключана Віленска-Радамская унія[1], якой быў замацаваны прадугледжаны Крэўскім актам сюзерэнітэт Польшчы ў дачыненні да Літвы. Вітаўт і яго падданыя былі вымушаны прынесці пісьмовае абяцанне аб вернасці Польшчы; ён быў прызнаны вялікім князем літоўскім, але толькі пажыццёва: перададзеныя яму ў валоданне землі пасля смерці павінны былі адысці да Ягайлы і Каралеўства Польскага.

У падзяку за выратаванне вялікі князь заклаў у Коўне касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вядомы цяпер як касцёл Вітаўта. Акрамя гэтага храма, князем заснаваныя касцёлы Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі і Святога Бенедыкта ў Старых Троках, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Новых Троках, іншыя храмы і манастыры. Царкоўная палітыка Вітаўта мела на мэце развеяць распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе ўяўленні аб літоўцах як язычніках, і спыніць агрэсію нямецкіх рыцараў.

У выніку стаяння на Угры (1408) вызначыў усходнюю мяжу ВКЛ па рэках Угра і Ака.

Вялікая вайна і Грунвальдская бітва

[правіць | правіць зыходнік]
Ян Матэйка. «Грунвальдская битва», 1878. Фрагмент карціны з выявай Вітаўта
Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдскай бітвы. Я. Матэйка, 1855

Вітаўт і Ягайла былі арганізатарамі разгрому нямецкіх рыцараў пад камандаваннем магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена ў Грунвальдскай бітве 1410 годзе. Ролю Вітаўта, прызначанага Ягайлам галоўнакамандуючым[1], у гэтай знакамітай бітве вялікая, нягледзячы на тое, што ход бітвы і ацэнка дзеянняў удзельнікаў працягваюць выклікаць спрэчкі. Бітва пад Грунвальдам паклала канец гегемоніі ордэна і змяніла геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага. Ордэн па Торунскім дагаворы саступаў Вітаўту Жамойць (у пажыццёвае валоданне), гэта значыць паўночна-заходнюю частку тэрыторыі сучаснай Літвы, захопленую Тэўтонскім ордэнам (1398). З-за Жамойці Літва яшчэ двойчы ўступала ва ўзброеныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам (1414, 1422), пакуль немцы канчаткова не адмовіліся ад Жамойці ў Мельнскім мірным дагаворы (1422)[1].

Унутраная палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
На вялікакняжацкім стальцы. Невядомы мастак, 1555

Праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання велікакняжаскай улады. Паступова ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, аддаваў родным і стрыечным братам менш значныя ўдзелы. Да дзяржаўнага кіравання (удзел у соймах і радзе) прыцягваў ваеннаслужбовы стан—баяр-шляхту, за службу раздаваў яму землі.

Найвышэйшыя пасады пры Вітаўце займалі баяры, што паходзілі з беларускай этнічнай тэрыторыі, з іх складалася і атачэнне вялікага князя. Напрыклад, на Салінскай сустрэчы 1397 годзе з крыжацкім пасольствам Вітаўта суправаджалі князі пінскі Юрый, заслаўскі Міхал, старадубскі Аляксандр, Іван Гальшанскі і друцкі Іван[20].

За Вітаўтам старабеларуская мова (тады часта называлася «літоўскай») па-ранейшаму мела статус афіцыйнай; лаціна пачала ўжывацца ў дачыненнях з Заходняй Еўропай і ў каталіцкім касцёле[21].

У 1413 годзе падпісаў Гарадзельскую унію[1], якая дэ-юрэ давала каталікам перавагі ў заняцці дзяржаўных пасад, але дэ-факта Вітаўт прызначаў на пасады гледзячы толькі на сваё ўласнае меркаванне. Заснаваў у ВКЛ праваслаўную мітраполію незалежную ад маскоўскай, першым мітрапалітам якой на Новагародскім саборы быў абраны Рыгор Цамблак. Падчас Вітаўта ў 1420 годзе Віцебск, Полацк і Вільню наведаў Геранім Пражскі — паплечнік Яна Гуса. У 1422 годзе ў Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным войскам, такім чынам Вітаўт змагаўся за вяртанне Жамойці. Паводле Мельніцкага дагавора (1422) Ордэн перадаў Жамойць Вітаўту ў пажыццёвае валоданне.

Падчас Вітаўта ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі.

Усходняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

У 1397 Вітаўт разбурыў Разанскае княства  (руск.) ў адсутнасць вялікага князя Алега Іванавіча, у чым яму не перашкаджаў зяць, маскоўскі князь Васіль, з якім яны паважна сустрэліся ў Каломне.

У 1404 Вітаўту ўдалося вярнуць Смаленск  (руск.) з дапамогай польскіх войскаў[1], але незадаволены збліжэннем Вітаўта з Польшчай Свідрыгайла Альгердавіч ад’ехаў на маскоўскую службу і атрымаў ад Васіля Дзмітрыевіча некалькі гарадоў у кармленне (пасля паходу Едыгея на Маскву вярнуўся ў Літву). Вітаўт умешваўся ў справы Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік і тройчы (1406—1408) урываецца ў межы Маскоўскага княства.

Валоданні княства Літоўскага пры Вітаўце на ўсходзе дасягалі вярхоўяў Акі і Мажайска. Вітаўт адабраў у татараў Паўднёвую Падолію і пашырыў свае ўладанні на поўдні да Чорнага мора. За час яго праўлення ў Прычарнамор’і з’яўляюцца такія гарады і крэпасці : Дашаў  (бел. (тар.)) (Ачакаў), Саколец  (бел. (тар.)) (Вазнясенск), Балаклей  (бел. (тар.)) (на Бугу), Замак Каравул (Рашкаў), Хаджыбей  (руск.) (пазней Адэса).

Дачка Вітаўта Соф’я была выдадзена замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіч. У сваім завяшчанні Васіль (1423) аддаваў жонку і сыноў пад абарону Вітаўта[22], пасля чаго ў 1427 Соф’я афіцыйна перадала Маскоўскае княства пад руку Вітаўта, які прыкладна ў гэты ж час заключыў дагаворы з князямі цвярскім (1427), разанскім (1430) і пронскімі (1430), паводле якіх яны станавіліся яго васаламі.

Самым крайнім усходнім валоданнем Вітаўта была Тульская зямля, якая ў 1430—1434 гады перадавалася яму па дамове з разанскім князем Іванам Фёдаравічам  (руск.).

Рэлігійная палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Падпісаўшы пад націскам польскага кліру Віленска-Радамскую (1401) і Гарадзельскую (1413) уніі, Вітаўт фактычна даў каталікам перавагі ў дзяржаўным жыцці краіны, што зрабілася адной з прычын працяглай рэлігійнай барацьбы ў Літоўскай дзяржаве і значна аслабляла яе.

Каб дагадзіць праваслаўным жыхарам Літвы і Літоўскай Русі, Вітаўт у 1415 г. уставіў у Вялікім Княстве Літоўскім аўтакефальную Літоўска-Кіеўскую мітраполію. Першым аўтакефальным мітрапалітам праваслаўнай царквы Вялікага Княства на Новагародскім саборы абралі Рыгора Цамблака.

Адносіны з Залатой Ардой

[правіць | правіць зыходнік]

У 1422 Вітаўт даў прытулак хану Залатой Арды Мухамеду, разгромленыя Баракам  (руск.). У 1424 войскі вялікага князя нанеслі вырашальную паразу прэтэндэту на трон Залатой Арды Худайдату  (руск.), які здзейсніў набег на Адоеўскае княства. У канцы таго ж года Вітаўт падтрымаў Мухамеда, які выступіўшы з Літвы, авалодаў спачатку Крымам, а ў 1426 і Сараем  (руск.)[23].

З’езд у Луцку

[правіць | правіць зыходнік]
Вітаўт Вялікі на кангрэсе ў Луцку. Ё. Мацкявічус, 1934

Вітаўт двойчы адмаўляўся прыняць каралеўскі тытул, нарэшце згадзіўся на гэта.

З'езд, які адбыўся ў Луцку з 9 па 29 студзеня 1429 г., пры ўдзеле караля Германіі (Рымскага караля) і будучага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонта, Вітаўта, Ягайлы, легата Папы Рымскага, князёў разанскіх, адоеўскіх, наўгародскіх, пскоўскіх, а таксама пасланнікаў вялікага князя маскоўскага і цвярскога князя, Тэўтонскага ордэна, Залатой Арды, Княства малдаўскага, дацкага караля, візантыйскага імператара, паказаў узрослую ролю Вялікага Княства Літоўскага. Падчас з’езду Жыгімонт падняў пытанне пра каранацыю Вітаўта. Ягайла пагадзіўся з каранацыяй, але польская знаць прымусіла яго адклікаць згоду. Тым не менш, падрыхтоўка каранацыі ішла ў абыход Польшчы.

Прызначаная на Ражство Найсвяцейшай Дзевы Марыі (8 верасня 1430) цырымонія не адбылася, паколькі палякі не прапусцілі дэлегацыю ад Жыгімонта, якая везла вырабленыя ў Нюрнбергу кароны Вітаўта і яго жонкі Ульяны. У кастрычніку ў Вільні Ягайла, відаць, прапаноўваў кампраміс, дапускаў каранацыю, з тым, каб пасля яго смерці карона караля літоўскага адыходзіла б да аднаго з сыноў Ягайлы. Апошнія лісты Вітаўта сведчаць аб тым, што ён згаджаўся на такое рашэнне. Аднак яго імкненне каранавацца каралём і забяспечыць суверэнітэт дзяржаве не ажыццявіліся: Вітаўт раптам памёр 27 кастрычніка 1430 г. у Троках. Існуе версія, што карону перахапілі польскія шляхцічы.

Пахаванне Вітаўта. Мініяцюра, 1443

Вітаўт двойчы адмаўляўся прыняць каралеўскі тытул, нарэшце ў 1429 згадзіўся на гэта і на 1430 была прымеркавана яго каранацыя, але ён памёр напярэдадні яе, калі ўжо сабраліся госці з усёй Еўропы, бо быў ужо вельмі стары. Пасля смерці Вітаўта вялікім князем быў абраны Свідрыгайла, які канчаткова разарваў унію з Польшчай.

Вынікі ўладарання

[правіць | правіць зыходнік]
Вялікае Княства Літоўскае пры Вітаўце

За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі. З мэтай узмацніць міжнародны прэстыж дзяржавы і сваё становішча ён двойчы (у 1429 і 1430) рабіў захады і ўчыняў з’езды наймагутнейшых валадароў Еўропы, каб прыняць каралеўскі тытул і карону. Але польскія магнаты затрымалі імператарскіх паслоў, што везлі карону. Састарэлы Вітаўт не вытрымаў гэтага дыпламатычнага паражэння і памёр у Троках. Пахаваны ў Віленскім кафедральным касцёле.

Падчас княжання Вітаўта самакіраванне паводле Магдэбургскага права атрымалі Берасце (1390) і Горадня (1391, няпоўнае).

У 1413 г. Віцебск, Полацк, Вільню і Горадню ў почце Вітаўта наведаў Геранім Пражскі (паплечнік Яна Гуса), які пераконваў Вітаўта прыязна ставіцца да гусітаў[24]. У 1422 на дапамогу нацыянальна-вызваленчаму руху гусітаў у Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта, унук Альгерда, Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным літоўскім войскам. На чале сваіх гусіцкіх паплечнікаў у 1424 ён заняў Прагу, дзе абвясціў сябе каралём і пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з прычыны ўскладненай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім вярнуўся на бацькаўшчыну.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем прызначылі Свідрыгайлу. У хуткім часе яго скінуў і заняў велікакняжаскі трон брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч.

У літаратуры і мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

Паэт-лацініст Мікалай Гусоўскі ў паэме «Песня пра зубра» (1523) паказвае Вітаўта легендарным князем «залатога века», ўзорам правіцеля[25].

Па загаду літоўскай ўлады М. Дабужынскім напісаны партрэт Вітаўта[26].

Князю Вітаўту пасвечана п’еса Аляксея Дударава «Князь Вітаўт».

У 2013 г. ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшла прэм’ера балета «Вітаўт» кампазітара Вячаслава Кузняцова[27].

У гонар вялікага князя Вітаўта названы мноства аб’ектаў у Літве, Беларусі і Польшчы. Вітаўтас  (руск.) — папулярнае імя ў Літве (літ.: Vytautas), менш папулярнае ў Беларусі (Вітаўт) і Польшчы (польск.: Witold). Імя Вітаўта Вялікага носіць універсітэт у Каўнасе.

Помнікі вялікаму князю ўстаноўлены ў Каўнасе, Кярнаве, Вільнюсе, Сянеі-Тракаі  (літ.), Бірштанасе, Бятыгале  (літ.), Пярлаі, Вялюане  (літ.) і многіх іншых гарадах Літвы  (літ.), а таксама ў Гродне (з суцэльнага дубу). Скульптурная выява князя Вітаўта таксама з’яўляецца часткай манумента «Тысячагоддзе Расіі»  (руск.)[28] і помніка «Грунвальд»  (польск.) у Кракаве[29].

25 ліпеня 2009 года ў Брэсце адкрылася скульптурная кампазіцыя, прысвечаная 990-гадовай гісторыі горада. Сярод шасці бронзавых фігур у кампазіцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячаў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[30].

Апошні па часе помнік усталяваны 23 верасня 2010 года ў в. Пеляса Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Аўтар — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас  (літ.). Скульптура вышынёй больш за 6 метраў з асаблівай пароды дуба.

Назву «Вітаўт» носіць тралейбус АКСМ-420 вытворчасці Белкамунмаш (2007).

У беларускай тапаніміцы

[правіць | правіць зыходнік]

Памяць пра Вітаўта стала замацавалася ў беларускай тапаніміі XVI—XVII стагоддзяў. Даследчыкі адзначаюць, што ў дакументах гэтага перыяду фігуруе дастаткова шмат назваў геаграфічных і іншых аб’ектаў, знітаваных з імем Вітаўта. Вось толькі некаторыя з іх:

У канцы XIX стагоддзя на Смаленшчыне запісана паданне, згодна з якім Вітаўт меў беларускае сялянскае паходжанне, а перад смерцю наказаў разбудзіць яго, калі на дзяржаву нападуць ворагі. Пасля смерці Вітаўта людзі вырашылі праверыць абяцанне і разбудзілі яго проста так, за што ён пракляў іх і асудзіў на вечныя бунты.[31]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Витовт // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 116. — 737 с.
  2. Turnbull S.  (англ.), McBride A.  (англ.) The Hussite Wars 1419-36 // Men-at-arms series. — 409. — Oxford: Osprey Publishing, 2004. — 51 p. — P. 47. — ISBN 1-84176-665-8.
  3. Aeneas Sylvius. De Lituania//Scriptores rerum Prussicarum. Band 4. Leipzig. 1870. S. 237—239.
  4. Шабульдо Ф. М. Вітовт // Енциклопедія історії України. — Т. 1. — К.: Наукова думка, 2005. — С. 580—581.
  5. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  6. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 154, 159—160.
  7. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1124.
  8. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 148—149.
  9. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1084.
  10. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203, 213—214.
  11. а б Барбашёв А. И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы (1410 г.). — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. — Глава II. — С. 18.
  12. Rowell S. C. Baltic Europe // Michael Jones. The New Cambridge Medieval History c.1300—c.1415. — V. VI. — Cambridge University Press, 2000. — pp. 709—710. — ISBN 0-521-36290-3.
  13. Чаропка В. Великий князь Витовт. — Минск: ФУАинформ, 2010. С. 5.
  14. а б Kiaupa Z. Kiaupienė J., Kunevičius A. The History of Lithuania Before 1795 / English ed. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 124—126. — ISBN 9986-810-13-2.
  15. а б Koncius J. B. Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. — Miami: Franklin Press, 1964. — pp. 21-23.
  16. а б Барбашев А. И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы (1410 г.). — СПб.: Типография Н. Н. Скороходова, 1885. — Глава II. — С. 21—22.
  17. Jonynas I. Dovydiškės sutartis // Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. — VI. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1937. — P. 1341—1344.
  18. а б Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademij, 1978. — P. 271—273.
  19. Bumblauskas A. Senosios Lietuvos istorija 1009—1795. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2005. — ISBN 9986-830-89-3. — P. 146. (літ.)
  20. М. І. Ермаловіч. Вітаўт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 305.
  21. ЭнцВКЛ 2005.
  22. Вернадский Г. В. Россия в средние века.
  23. Почекаев Р. Ю. Цари ордынские. Биографии ханов и правителей Золотой Орды. — СПб.: Евразия, 2010. — 408 с. — ISBN 978-5-91852-010-9.
  24. А. Будилович. Не был ли православным человеком Иероним Пражский? // Христианское чтение. 1870, ч. I.
  25. Мікульскі Ю. Князь Вітаўт вачыма нашых продкаў// Беларуская думка. — 2012. — № 5.
  26. Горный Сергей. «Витовт» М. В. Добужинского // Наше эхо. — Коўна: 1931. — № 698. Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2017.
  27. Бунцэвіч Н. Балет «Вітаўт»: Вітаміны перамогі ці поўны аўт?// Беларуская думка. — 2013, ноябрь. -№ 11.
  28. Смирнов В. Г. Россия в бронзе. Памятник «Тысячелетию России» и его герои. — [2-е изд., перераб. и доп.]. — Москва: Вече, 2002. — 302 c. — ISBN — 5-945382-01-9.
  29. Urbańczyk A. Pomnik Grunwaldzki w Krakowie. — Kraków: Wydawn. Literackie, 1974. — 153 s. — S. 151
  30. Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч // «Наша Ніва», 26 ліпеня 2009.
  31. [1]