Гамафобія (ад стар.-грэч.: Ὁμός — «падобны, аднолькавы», φόβος — «страх, боязь») — зборнае азначэнне для розных формаў негатыўнай рэакцыі на праявы гомасексуальнасці, а таксама на звязаныя з ёй грамадскія з’явы. Гамафобія разглядаецца ў афіцыйных міжнародных дакументах Еўрапарламента, а таксама некаторымі сацыялагічнымі інстытутамі ў адным шэрагу з расізмам, ксенафобіяй, антысемітызмам і сексізмам.
Сучаснае беларускае грамадства даволі гамафобнае. 61,9 % жыхароў Беларусі ў 2009 г. выказаліся супраць права гомасексуалаў на публічныя акцыі ў абарону грамадзянскіх правоў. Беларускае заканадаўства не дае права на аднаполыя шлюбы ці грамадзянскія партнёрствы, службу ў арміі адкрытым гомасексуалам, адопцыю дзяцей аднаполымі парамі. Таксама адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства па прыкмеце сексуальнай арыентацыі. Аднаполыя стасункі паміж поўнагадовымі асобамі былі дэкрыміналізаваныя ў 1994 г. На Беларусі існуе некалькі незарэгістраваных праваабарончых і інфармацыйных ЛГБТ ініцыятыў, напрыклад ГейБеларусь.
У Беларусі за апошнія гады адбылося два дыпламатычных скандала на глебе гамафобіі. У 2005 годзе ўлады абвінавацілі супрацоўніка чэшскага пасольства Паўла Кржываглавага ў сексуальных дамаганнях у адносінах да непаўналетніх падлеткаў і са скандалам выправадзілі яго з краіны.
У сувязі з намерам сексуальных меншасцей правесці ў 2006 годзе гей-парад у Маскве, «Фонд Грамадскае меркаванне» арганізаваў сацыялагічнае апытанне, у выніку якога былі выяўленыя наступныя тэндэнцыі ў адносінах да расійскага грамадства да сексуальных меншасцей (гомасексуалаў і лесбіянак):
… У расійскім грамадстве няма адназначнага стаўлення да прадстаўнікоў сексуальных меншасцей: амаль палова рэспандэнтаў (47 %), па іх прызнанню, ставяцца да гомасексуалаў і лесбіянак з асуджэннем (прычым такое меркаванне часцей за іншых падзяляюць мужчыны і прадстаўнікі найменш рэсурсных сацыяльных груп: людзі старэйшага ўзросту, малаадукаваныя грамадзяне і сяляне); крыху менш (40 %) — заяўляюць, што яны ставяцца да прадстаўнікоў сексменшасцей без асуджэння (такую пазіцыю часцей падзяляюць жанчыны, моладзь, высокаадукаваныя рэспандэнты, а таксама жыхары Масквы і астатніх мегаполісаў). Яшчэ 13 % апытаных не змаглі выказаць сваё стаўленне да людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.
Розныя групы насельніцтва выказваюць рознае стаўленне да секс-меншасцей. Напрыклад, характэрная для падлеткаў-хлопчыкаў кланавасць і нецярпімасць да нетыповых аднагодкаў у цэлым выліваецца і ў значнае непрыманне гомасексуальнасці: падчас анкетавання 1429 маскоўскіх школьнікаў 7, 9 і 11 класаў, праведзенага ў 2001 г., 24,9 % юнакоў сказалі, што «ненавідзяць людзей нетрадыцыйнай арыентацыі і лічаць, што з імі трэба змагацца любымі спосабамі» (сярод дзяўчат так адказалі толькі 2,7 %), а 12,8 % юнакоў і 5,1 % дзяўчат сказалі, што гэтыя людзі іх «раздражняюць» і «іх трэба прымусова змяшчаць у спецыялізаваныя ўстановы».
Як вынікае з гэтай выбаркі, пазіцыя большасці людзей у Расіі альбо нейтральная, альбо непаслядоўная, і толькі 22 % людзей праяўляюць гамафобныя настроі. Пры гэтым вылучаюцца наступныя пазіцыі [20]:
У мэтах барацьбы з праявамі гамафобіі і ўшчымленнем правоў сексуальных меншасцей групай расійскіх гей-актывістаў была прапанавана «Дэкларацыя правоў сексуальных меншасцей у Расіі», а таксама праводзяцца акцыі, накіраваныя на прыцягненне ўвагі сусветнай супольнасці да праблемы гамафобіі ў Расіі. У 2011 годзе Віктар Мілітароў сказаў што «здаровая гамафобія з’яўляецца сёння ці ледзь не адзінай нацыянальнай ідэяй нашага народа».
Паняцце гамафобіі як грамадскай з’явы паўстала ўнутры заходнееўрапейскай сацыякультурнай парадыгмы. Рэзалюцыя Еўрапарламента «Гамафобія ў Еўропе» (па-англійску: Homophobia in Europe) ад 18 студзеня 2006 вызначае гамафобію як «ірацыянальны страх і агіду да гомасексуальнасці і да лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендерных людзей, заснаваны на прадузятасцях і падобны да расізму, ксенафобіі, антысемітызму і сексізму»(па-англійску an irrational fear of and aversion to homosexuality and to lesbian, gay, bisexual and transgender (LGBT) people based on prejudice and similar to racism, xenophobia, anti-semitism and sexism) — прымаючы, такім чынам, трактоўку гамафобіі як сацыяльнай і культурнай з’явы, а не псіхіятрычнага сіндрому.
Геі і лесбіянкі ў ЗША нярэдка падвяргаюцца дыскрымінацыі і розным нападкам. Так, напрыклад, 90 % амерыканскіх геяў і лесбіянак адзначаюць, што адчувалі асабістыя абразы або пагрозы, а каля траціны — падвяргаліся фізічнай агрэсіі. Геі таксама прыводзяць наступныя лічбы: у сярэднім амерыканскі школьнік чуе гамафобныя выказванні 26 раз у дзень. Каля 31 % маладых геяў і лесбіянак у 2005 годзе падвергнуліся фізічнай агрэсіі ў школе. Вядомым прыкладам гамафобіі ў ЗША з’яўляецца забойства Мэцью Шэпарда.
У Іраку, у апошнія гады геі і лесбіянкі сталі мішэнню для мусульманскіх рэлігійных фанатыкаў, якія наладзілі сапраўднае паляванне за асобамі «нетрадыцыйнай» арыентацыі, у выніку якой дзесяткі іракцаў-геяў былі жорстка забітыя.
Даволі напружаная сітуацыя складваецца ў Ізраілі. У 2005 годзе падчас правядзення гей-параду прыхільнікі артадаксальнага іўдаізму шпурлялі ў дэманстрантаў бутэлькі з мачой і пакеты з фекаліямі. Некаторыя пратэстоўцы неслі лозунгі «Гомасексуалізм — гэта захворванне». Адзін з праціўнікаў шэсця цяжка параніў нажом гея і лесбіянку. Раней мэр Іерусаліма спрабаваў забараніць гей-парад, аднак суд пастанавіў, што для адмены недастаткова падстаў, і абавязаў гарадскія ўлады забяспечыць бяспеку мерапрыемства, размясціць сцягі для шэсця з вясёлкавай сімволікай і пакрыць арганізатарам частку выдаткаў.
У некаторых краінах былога сацыялістычнага лагера праблема гамафобіі не менш актуальная. Так, з-за высокага ўзроўню гамафобіі ў Эстоніі ў 2006 годзе краіну пакінуў нідэрландскі пасол.
У Балгарыі традыцыйна моцныя гамафобскія настроі. Па афіцыйных дадзеных Еўрапейскага агенцтва па асноўных правах (FRA), Балгарыя з’яўляецца краінай з самай нізкай памяркоўнасцю да ЛГБТ ва ўсім Еўрапейскім саюзе па стане на 2009 і 2011 гады. З 2008 года ў чэрвені штогод праводзяцца гей-парады ў сталіцы Сафіі, але да гэтага часу маршрут шэсця ні адзін раз не быў абвешчаны папярэдне з меркаванні бяспекі. Парады ахоўваюцца сотнямі паліцыянтаў і прыватных ахоўнікаў, але тым не менш кожны год удзельнікі падвяргаюцца нападам нацыяналістаў і скінхэдаў. У 2008 годзе ў Барысаўскім садку ў Сафіі памёр у выніку збіцця 25-гадовы студэнт-медык Міхаіл Стаянаў. На паліцэйскім допыце забойцы Р. Кірчаў і А. Георгіяў, якія да моманту дзеі былі непаўналетнімі, заявілі, што напалі на незнаёмага ім Стаянава таму, што ён выглядаў «па-гейску», а яны хацелі «ачысціць парк ад геяў». Забойцы дзейнічалі ў групе з пяці-шасці чалавек. Паліцыя даказала, што гэтая група здзейсніла як мінімум 10 нападаў на ЛГБТ і цыган у гарадскіх парках Сафіі. Іх дзейнасць з’яўляецца часткай практыкі «патрулявання» гарадскіх паркаў нацыяналістамі і скінхэдамі, якія «палююць» на ЛГБТ і цыган. Хоць антыцыганскія хваляванні ў Балгарыі ў 2011 годзе былі скіраваныя перш за ўсё супраць цыган, ЛГБТ таксама знаходзіліся «пад прыцэлам» і некалькі дзён не маглі перасоўвацца свабодна па вуліцах з-за небяспекі апынуцца ахвярай гамафобскага нападу. Самыя моцныя гамафобные настроі існуюць у гарадах Сафія, Пазарджык, Плоўдзіў, Старая-Загора, Русе, Вяліка-Тырнава, Габрава, Варна і Бургас.
У Англіі праводзіцца бескампрамісная барацьба з гамафобіяй. Так, напрыклад, 72-гадовы член гарадскога савета горада Борнмут, у адказ на ліст з пытаннем аб тым, калі шмат бюракратычных перашкод прыйшлося б пераадолець Ною ў наш час, адказаў, што Ною давялося б яшчэ тлумачыць, чаму на яго каўчэгу няма гомасексуальных жывёл. Гэты жарт была палічана абразай гей-супольнасці Борнмута, і палітык пазбавіўся сваёй пасады. Урад Вялікабрытаніі таксама плануе ўрэзаць фінансавую дапамогу краінам, якія стыгматызіруюць сваіх ЛГБТ-грамадзян.
Гамафобія ў Вікіцытатніку | |
Гамафобія на Вікісховішчы |