Гарку́ха, кароўка[1], гаркушка[1], малачай (Lactarius rufus) — шапкавы базідыяльны грыб роду Млечнік (Lactarius) сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—8 см, плоска-пукатая або шырокалейкападобная, у цэнтры з вострым бугарком, чырванавата-карычневая, гладкая, сухая. Пласцінкі прырослыя або слабасыходныя, рыжаватыя, з белым налётам спор. Мякаць палевая, шчыльная, з белым пякуча-вострым млечным сокам, непрыемна пахне. Млечны сок не змяняе афарбоўку на паветры. Ножка цыліндрычная, 5—8 см у даўжыню і 1—1,5 см у дыяметры, шчыльная, потым пустая. Споры бясколерныя, эліпсоіднай формы, бародаўчатыя.
Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі, пераважна ў вільготных хваёвых лясах і на мохавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрвені—кастрычніку.
Ядомая, спажываецца соленая, (перад засолкай вымочваюцца, каб не было гаркаты).
Зноскі