Грузд жоўты (Lactarius scrobiculatus) — шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сямейства сыраежкавых.
Шапка дыяметрам 8—20 см, спачатку плоскапукатая, потым лейкападобная, з завернутым або апушчаным уніз касматым, густаапушаным краем, слізкая, брудна-жоўтая, з больш цёмнымі канцэнтрычнымі зонамі. Мякаць тоўстая, вельмі шчыльная, светла-жаўтаватая, пры націсканні і на паветры цямнее, з белым, на паветры серна-жоўтым едкім млечным сокам, са слабым пахам садавіны. Пласцінкі каротказыходныя, частыя, вузкія, белаватыя або жаўтаватыя, пры націсканні брудна-рыжаватыя. Ножка кароткая, тоўстая, цыліндрычная, роўная або звужаная да асновы, у спелых грыбоў пустая, жаўтаватая ці ледзь бураватая, са шматлікімі бураватымі авальнымі і выцягнутымі плямамі-ўмяцінамі. Споры амаль шарападобныя, светла-вохрыстыя, дробнабародаўчатыя. Споравы парашок крэмавы.
Расце групамі ў вільготных месцах у хвойных лясах. На Беларусі пладаносіць у ліпені—верасні.
Ядомы грыб. Спажываецца солены (перад засолкаю вымочваюць або адварваюць, каб не было гаркаты).