Дані (Dani) | |
Правадыр вёскі Курулу
| |
Агульная колькасць | каля 25000 (2009) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Правінцыя Папуа, Інданезія |
Мова | дані |
Рэлігія | магія, анімізм, культ продкаў, культ карга, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | ялі, лані |
Да́ні (індан.: Dani) — папуаскі народ, насельнікі інданезійскай правінцыі Папуа. Прыкладная колькасць - каля 25 тыс. чал. у 2009 г.
Дані насяляюць пераважна даліну Баліем і навакольныя горныя раёны. Назва "дані" была дадзена суседнімі плямёнамі і літаральна азначае "людзі даліны". Самі дані называюць сябе па найменню вёсак, адкуль паходзяць. Хаця ніякіх археалагічных раскопак у гэтай мясцовасці не праводзілася, некаторыя даследчыкі лічаць, што дані жылі ў ёй як мінімум некалькі сот гадоў.
У 1909 г. адбыўся першы кантакт некалькіх памежных груп дані з галандцамі. Найважнейшыя наступствы мела амерыанская заалагічная экспедыцыя 1938 г. Яе ўдзельнікі ўпершыню падрабязна апісалі культуру жыхароў Баліем. У 1949 - 1962 гг. землі дані фармальна ўваходзілі ў склад Нідэрландскай Новай Гвінеі. З 1955 г. сярод тубыльцаў Баліем разгарнулася шырокая хрысціянская місіянерская дзейнасць.
У 1962 г. землі дані далучаны да Інданезіі.
Асноўным гаспадарчым заняткам дані з'яўляецца земляробства. Яны вырошчваюць пераважна салодкую бульбу і некаторыя іншыя клубневыя культуры. Праца на палетках дыферэнцыявана паміж мужчынамі і жанчынамі. Расчыстка зямлі і яе апрацоўка лічацца мужчынскімі заняткамі. Пасадка, праполка і збор клубняў — жаночымі. Для меліярацыі вакол палеткаў капаюць канавы. У дажджлівы перыяд сюды трапляюць сцёкавыя воды. Падчас засухі з канаў бяруць ваду для палівання. Канавы ахоўваюць палеткі ад свінняў. У іх кідаюць зелле, якое перагнівае і пасля ачысткі канавы выкарыстоўваецца як угнаенне.
Нягледзячы на пэўную прымітыўнасць, сістэма земляробства дані вельмі эфектыўная. Пасля збору ўраджаю яны даюць зямлі каля месяца адпачыць. Потым мужчыны вырываюць дзёран і зелле, спальваюць іх і апрацоўваюць глебу завостранымі каламі. Жанчыны саджаюць кавалкі клубянёў і на працягу шасці месяцаў праполваюць гароды. Паколькі клубневыя культуры дрэнна захоўваюцца, збор ураджаю вядуць на працягу трох месяцаў па меры ўзнікнення патрэбы ў ежы. Калі клубні ў зямлі сканчваюцца, на палеткі прыганяюць свінняў.
Дані таксама вырошчваюць цукровы трыснёг, бананы, у наш час — тытунь, імбір, садавіну і гародніну. Для заходніх дані ўсё больш важнай культурай становіцца кукуруза. У лесе збіраюць арэхі, ядомае карэнне і ягады. Паляююць з сабакамі на драўняных кенгуру, ловяць у рацэ ракаў. Ядомыя пароды рыбы былі запушчаны місіянерамі толькі ў сярэдзіне XX ст.
Свіння — самае распаўсюджаная свойская жывёла, яе трымаюць у кожнай сям'і. Маладых парсючкоў абавязкова пакладаюць, будучым свінаматкам ужыўляюць у жывот шнур, бо лічаць, што гэта будзе садзейнічаць прыплоду. Свінняў забіваюць на мяса толькі падчас спецыяльных цырымоній. У мінулым таксама ўжывалі мяса сабак.
Да сярэдзіны XX ст. дані не карысталіся металічнымі і керамічнымі прыладамі. Апрацоўвалі камень, драўніну і косць. Былі вядомы пляценне і ткацтва. Важную ролю адыгрываў абмен, які дазваляў звонку набываць зброю, свінняў і соль. Галоўнымі таварамі для абмену былі пер'е райскіх птушак, сланец, дзіды.
Асноўны від паселішчаў — вёскі, якія складаюцца з вялікай мужчынскай хаціны і малых жаночых хацін. У апошніх жывуць жанчыны і дзеці. Мужчыны толькі наведваюцца ў свае сем'і. Хаціны маюць драўляны каркас, крыюцца саломай.
Асновай грамадства з'яўляецца вясковая абшчына, якая кантралюе навакольныя землі. Абшчыннікі неабавязкова з'яўляюцца сваякамі, аднак абавязаны аказваць узаемную дапамогу і сумесна ваяваць. Абшчыны аб'ядноўваюцца ў канфедэрацыі. Але апошнія не маюць сталага характару. Сем'і малыя нуклеарныя. Мужчыны жывуць у асобнай мужчынскай хаціне і наведваюць свае сем'і толькі час ад часу. Пры гэтым яны маюць абавязак забяспечваць і абараняць жанчын і дзяцей. Жанчыны фактычна валодаюць жаночай хацінай і хатнімі рэчамі. Мужчыны з'яўляюцца маёмаснікамі зямлі. Сваяцтва адлічваецца па мужчынскай лініі. Распаўсюджана палігінія.
Сваяцкія сувязі даволі складаныя. Усе дані падзяляюцца на дзве фратрыі — Wida і Waija. Яны падзяляюцца на роды, што носяць назвы розных птушак. Выбар партнёра магчымы толькі за межамі сваёй фратрыі. Жанчыны адносяцца да фратрыі бацькі. Хлопчыкі, чые маці — Wida, адносяцца да яе фратрыі да сталення, але пасля асаблівай цырымоніі пераходзяць да фратрыі бацькі.
У мінулым дані часта ваявалі як паміж сабою, так і з суседдзямі. Канфлікты ўспыхвалі з-за крадзяжу свінняў, выпадковых забойстваў, у рытуальных мэтах. Ваенныя сілы кожнай вёскі складалі ўсе дарослыя мужчыны, на чале якіх стаяў абраны ваенны правадыр. Найбольш распаўсюджаная традыцыйная зброя — дзіды і лукі са стрэламі. Навершы стрэл вызубляліся для нанясення суперніку найбольшых пашкоджанняў.
Мова дані падзяляецца на два дыялекты — заходні і ўсходні. У другой палове XX ст. заходнія місіянеры распрацавалі пісьмовасць на аснове лацінкі для абодвух дыялектаў.
Традыцыйная рэлігія дані анімістычна. Яны вераць у духаў прыроды і духаў памерлых людзей. Апошнія з'яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі і адахвочваюцца ад вёсак з дапамогай магічных рытуалаў. Чараўнікамі звычайна лічацца мужчыны. Дані ўпэўнены, што смерць найчасцей выклікана магічным уздзеяннем чараўнікоў. Найбольш распаўсюджаны цырымоніі сталення, ваенныя і пахавальныя. Іх арганізуюць выбраныя вясковыя правадыры. Забітых на вайне і памерлых спальваюць. Пахавальная цырымонія ў мінулым суправаджалася адсяканнем пальцаў у дзяўчынак-сваякоў памерлага. Блізкія сябры-мужчыны таксама маглі адсякаць сабе пальцы і адразаць кончыкі вушэй. Рытуальны канібалізм не практыкаваўся. Усе вядомыя выпадкі канібалізму датычыліся ўжо памерлых і былі звязаны з голадам.
З сярэдзіны XX ст. распаўсюджваецца хрысціянства — пратэстантызм і каталіцызм.